Создание экотропы по Голубицкой пуще обсудили в Тумиловичском сельсовете
Дрэвы-доўгажыхары, азёры-перліны, унікальныя лясныя масівы, балотныя ўгоддзі і амаль 200 відаў птушак: у Тумілавіцкім сельсавеце абмеркавалі стварэнне экасцежкі па Галубіцкай пушчы, якую даўно называюць астраўком Карэліі ў Беларусі.
У сустрэчы ўдзельнічалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Анатолій Сіўко, намеснік старшыні райвыканкама Марына Клімовіч, дырэктар Глыбоцкага вопытнага лясгаса Аляксандр Сырапятка, прадстаўнікі мясцовай улады, сферы турызму рэгіёна, СМІ і іншыя зацікаўленыя асобы.
Ідэя цалкам зразумелая – распрацаваць сцежку, якая дазволіць наведвальнікам пазнаёміцца з прыродай заказніка, не парушаючы агульнага балансу. Яна павінна вельмі адгукацца прыхільнікам адказнага турызму, які яшчэ называюць устойлівым або зялёным, з-за таго, што падарожжы арганізуюцца з мінімальным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе.
Для нашай мясцовасці, адметнай прыроднымі багаццямі, такое месца можа стаць важным крокам да захавання каштоўнага ландшафту, асэнсаванага знаёмства з ім і павелічэння турыстычнай прыцягальнасці рэгіёна ў цэлым.
Пра сваё бачанне канцэпцыі сцежкі прысутным расказаў ідэйны натхняльнік праекта, дзякуючы ведам і энтузіязму якога заказнік у свой час быў аформлены дакументальна, былы ляснічы Тумілавіцкага лясніцтва Рыгор Пецько.
Маршрут можа быць цікавым не толькі для звычайных турыстаў, але і для аматараў назіранняў за птушкамі, школьнікаў, якія навучаюцца ў класах з экалагічным ухілам. Яго можна прапанаваць і турыстам, што адпачываюць у мясцовых санаторыях.
– Важна, каб маршрут стаў не проста лініяй на турыстычнай карце. Трэба распрацаваць яго ў адпаведнасці з прыродаахоўнымі патрабаваннямі і магчымасцямі раёна, – адзначыў Анатолій Сіўко. – Задача экалагічнага маршрута – накіраваць турыстаў па прадуманым шляху і паказаць, чаму гэтыя мясціны патрабуюць беражлівых адносін. Патрэбна вызначыць, дзе пракладваць сцежку, як пазначыць яе і дзе размясціць інфармацыю пра мясцовыя віды і правілы паводзін. Канкрэтныя рашэнні яшчэ трэба добра прадумаць, улічыўшы, што актыўны турызм не павінен шкодзіць прыродным комплексам заказніка. Немалаважныя і пытанні трансферу, харчавання, распрацоўкі сувенірнай прадукцыі з улікам адметнасці Тумілавіцкага краю.
Ахоўны статус “Галубіцкай пушчы” мае сваю гісторыю. Заказнік быў створаны ў 1990 годзе на плошчы 1690 гектараў, а ў 1992-м яго тэрыторыю пашырылі да 6734 гектараў. Гэта дазволіла абмежаваць дзейнасць, здольную змяніць прыроднае асяроддзе, у тым ліку меліярацыйныя работы і распрацоўку торфу. Цяпер важна, каб і будучы маршрут быў узгоднены з гэтай логікай: адкрыць пушчу для людзей, але не ператварыць яе ў месца некантраляванага наведвання.
– Распрацоўка сцежкі можа прынесці карысць і мясцовым жыхарам, – акрэсліла цікавасць праекта для раёна Марына Клімовіч. – Калі маршрут атрымаецца змястоўным і добра арганізаваным, ён здолее прыцягнуць турыстаў, падтрымаць мясцовыя паслугі і дапамагчы зрабіць прыродную спадчыну Докшыччыны больш вядомай. Але поспех будзе залежаць не ад колькасці наведвальнікаў, а ад таго, ці атрымаецца сумясціць іх інтарэс з захаваннем пушчы. Добра, што наша ідэя знайшла паразуменне ў кіраўніцтва Глыбоцкага лясгаса, у падначаленні якога Тумілавіцкае лясніцтва.
Абмеркаванне канцэпцыі – гэта толькі пачатак грунтоўнай работы. Далей – болей: распрацоўка маршруту і практычных рашэнняў для сцежкі, зыходзячы з жыцця і інтарэсаў людзей. Калі яны будуць грунтавацца на ведах пра мясцовую прыроду і павазе да яе, Галубіцкая пушча зможа стаць прыкладам таго, як экатурызм не толькі прыводзіць турыстычны паток у асаблівае месца, вучыць яго берагчы, але і прыносіць выгоды мясцовым жыхарам.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

