Школьнікі з добрым сэрцам

Вучні Бярозкаўскай школы дапамаглі сабраць ураджай яблыкаў, ветэрану педагагічнай працы Марыі Паўлаўне Помазавай.

                     Павел Іванавіч Чэрныш – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.  Хлапчуком праходзіў выпрабаванне на мужнасць партызанскім лёсам. Пасля вайны шмат працаваў, быў клапатлівым бацькам і мужам. Жыў у  згодзе з сумленнем, ніколі  не шкадаваў ні сіл, ні часу для стварэння больш шчаслівай спадчыны для будучага пакалення і верыў, што за гэта ў старасці не будзе забыты і пакінуты. Зараз яму 82 гады. Жыве ў вёсцы Кромавічы адзін. Дзесяць гадоў таму страціў жонку. Стараць не песціць здароўем і бадзёрасцю, аднак  Павел Іванавіч не скардзіцца на лёс, а наадварот, удзячны ўсім, хто падтрымлівае яго і аказвае дапамогу. Хваліць сацработніка Таццяну Гмыза  і асабліва радуецца, калі да яго прыходзяць школьнікі.

– У школе ніколі не адмовілі ў дапамозе. Толькі раз патэлефаную ў настаўніцкую, раскажу пра сваю турботу, як дзеці дружным гуртам на чале з настаўнікамі бягуць на выручку. Вось нядаўна збіралі ўраджай бульбы, заўзята, шпарка, адно задавальненне глядзець на іх. Вельмі ўдзячны школе за неабыякавасць, і за тое, што там выхоўваюць такіх шчырых, працавітых вучняў.
У Бярозкаўскай школе клопат пра старэнькіх, адзінокіх людзей, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы выкарыстоўваюць як адзін з галоўных метадаў выхаваўчай работы. Школьная піянерская дружына носіць ганаровае імя Аляксандра Іванавіча Чэрныша, Героя Савецкага Саюза, брата вышэйназванага Паўла Іванавіча. У яе ўваходзяць тры цімураўскія атрады, гэта вучні 7, 8, 9 класаў, і валанцёрскі – 10-ці і 11-класнікі. Для сістэматызацыі дзейнасці атрадаў на гэты год, як і на папярэднія,  настаўнікі разам з вучнямі распрацавалі праект пад назвай  “Добрае сэрца”. У ім ёсць накірункі “Ветэран жыве побач”, “Міласэрнасць”, “Клопат” і іншыя, якія прадугледжваюць дапамогу і віншаванні са святамі ветэранаў вайны і працы, вязняў, адзінокіх пажылых людзей. Усяго пад шэфствам школьнікаў знаходзяцца каля 50 чалавек. Дзеці дапамагаюць ім убіраць ураджай на прысядзібных участках, збіраць яблыкі, прыбіраць у дварах і ў хатах, выконваюць усе пасільныя просьбы старэнькіх гаспадароў. Больш цяжкую работу бяруць на сябе супрацоўнікі школы. У хаце аднаго ветэрана рамантавалі дах, у другога – калолі дровы, а дзеці складалі.   Цяпер вучні рыхтуюць канцэртную праграму да  Дня  пажылых людзей і, як заўсёды, пойдуць у Бярозкаўскую бальніцу сястрынскага догляду віншаваць яе прабывальнікаў са святам.
– Такая дзейнасць вельмі важная ў выхаваўчым працэсе. Яна садзейнічае фарміраванню ў вучняў  пачуццяў міласэрнасці, адказнасці, павагі да старэйшага пакалення, згуртаванасці, выхоўвае працавітасць, прыстойнасць, – гаворыць педагог-арганізатар Аксана Міхайлаўна Сініца. – Дзеці ахвотна адгукаюцца на просьбы пажылых і выконваюць сваю  работу старанна. Чалавечая дабрыня, міласэрнасць, уменне радавацца і перажываць за іншых людзей ствараюць аснову чалавечага шчасця. Нездарма прыказка вучыць: “жыццё дадзена на добрыя справы”.
Разуменне народнай мудрасці і настаўніцкіх наказаў пацвярджаюць і самі вучні. Адзінаццацікласніца Валянціна Насеннік разважае:
– Людзі старэйшага пакалення з’яўляюцца для нас прыкладам мудрасці, дабрыні, спагады. Яны перадаюць нам свой вопыт. Мы цэнім і паважаем іх, а таму з задавальненнем дапамагаем.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *