Школьники из Докшицкого района проходят обучение в Национальном детском технопарке

img_20240412_113125_073

Вучні профільнай групы інжынернай накіраванасці Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова Вікторыя Каланіцкая, Мікіта Шарабайка і Раман Барткевіч пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Таццяны Малчанавай распрацавалі даследчы праект “Перавагі выкарыстання электрарухавіка на чыгуначным транспарце”, дзякуючы якому трапілі на адбор для навучання ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і паспяхова прайшлі яго.

У ходзе рэалізацыі праекта вучні азнаёміліся з работай мясцовай чыгуначнай станцыі, характарыстыкамі рухавікоў цягнікоў. Затым стварылі 3D-мадэль электрарухавіка і абгрунтавалі яго вартасці.

Вікторыя і Мікіта ў сакавіку ўжо закончылі курс навучання ў тэхнапарку, а Раман адправіцца ў Мінск у маі.

Вікторыя навучалася па адукацыйным напрамку “Лазерныя тэхналогіі” і абараніла даследчы праект “Лазерныя сістэмы касьбы травы”. Мікіта – па кірунку “Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне”, абараніў праект “Сістэма камп’ютарнага зроку для павышэння бяспекі дарожнага руху” і, больш за тое, атрымаў магчымасць дыстанцыйнага навучання пад кіраўніцтвам выкладчыка тэхнапарка на працягу трох месяцаў. У сваю чаргу Вікторыя падрыхтавала новую работу і падала заяўку на чэрвеньскую змену. Дарэчы, каб прайсці адбор, школьнікам неабходна, акрамя праекта, здаць спецыяльнае тэсціраванне і прайсці субяседаванне.

Раман Барткевіч будзе вучыцца па напрамку “Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне”.

– Група інжынернай накіраванасці створана ў бягучым навучальным годзе, і ў яе склад уваходзяць якраз гэтыя тры дзесяцікласнікі – дапытлівыя, зацікаўленыя, з матэматычным складам розуму, – расказала намеснік дырэктара Крулеўшчынскай СШ Людміла Коласава. – На павышаным узроўні вывучаюць фізіку і матэматыку, асвойваюць праграму факультатыўных заняткаў “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, якія з навучэнцамі праводзіць Таццяна Малчанава. Школа заключыла дагавор тэрмінам на два гады аб супрацоўніцтве з Полацкім дзяржаўным універсітэтам імя Еўфрасінні Полацкай, і цяпер нашы інжынеры наведваюць лекцыі і практычныя заняткі ў гэтай установе. А навучанне ў тэхнапарку пашырыла іх уяўленні пра навуку, выклікала цікавасць да інавацыйнай дзейнасці.

У мінулым годзе навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку прайшлі шэсць школьнікаў раёна па напрамках “Авіякасмічныя тэхналогіі”, “Інфармацыйная бяспека”, “Лазерныя тэхналогіі”, “Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне”, “Робататэхніка” (у 2022 годзе – два навучэнцы). Сярод іх пяць вучняў СШ № 2 г. Докшыцы і адзін – Сітцаўскай СШ. Трое з іх удзельнічалі ў адукацыйных зменах двойчы.

Сёлета, акрамя крулеўшчынскіх, прайшлі адбор два сітцаўскія школьнікі: адзін ужо адвучыўся па напрамку “Лазерныя тэхналогіі”, а другі ў цяперашні час асвойвае напрамак “Машыны і рухавікі. Аўтамабілебудаванне”.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з архіва Крулеўшчынскай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *