Правапарушэнне можна папярэдзіць

На мінулым тыдні з мэтай выканання рашэння калегіі Генеральнай Пракуратуры Рэспублікі Беларусь пракуратурай раёна быў арганізаваны вучэбна-метадычны семінар на тэму: “Аб рэалізацыі суб’ектамі прафілактыкі правапарушэнняў сваіх паўнамоцтваў у вобласці прафілактыкі злачынстваў і іншых правапарушэнняў.”

Адкрыў семінар старшыня раённага выканаўчага камітэта А.Л. Пінчук. Ён абгрунтаваў неабходнасць прафілактычнай работы ў сферы папярэджання правапарушэнняў і вызначыў кола службовых асоб, якія абавязаны ёй займацца. На прычынах, якія сталі падставай для прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, які дзейнічае на тэрыторыі краіны з лютага 2010 года, спыніўся пракурор вобласці Г.І. Дыско.

– У першую чаргу, адбываецца рост рэцыдзіўнай злачыннасці, – сказаў Генадзь Іосіфавіч, – калі злачынствы здзяйсняюць людзі, якія толькі што вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Магчыма, што гэтага б не адбылося, каб яны своечасова былі працаўладкаваны, мелі жыллё, аднавілі свае сацыяльныя сувязі. Непакояць таксама пытанні супрацьпажарнай бяспекі, гібель людзей. Прычыны, што садзейнічаюць гэтым і іншым адмоўным з’явам, можна істотна зменшыць шляхам мэтанакіраванай прафілактычнай работы. Закон вызначае ў ёй восем накірункаў і 17 суб’ектаў, якія павінны працаваць па гэтых напрамках.

Падрабязна на заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у вобласці правапарушэнняў, суб’ектах прафілактыкі правапарушэнняў, іх паўнамоцтвах, а таксама на прафілактычных мерапрыемствах і іншых пытаннях у дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў спыніўся ў сваім выступленні пракурор раёна С.А. Куратнік.

Пра ўдзел грамадзян у дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў, работу грамадскіх пунктаў і іх саветаў расказаў намеснік пракурора раёна І.А. Волчык. Ён пазнаёміў прысутных таксама з асноўнымі парушэннямі, якія былі высветлены ў час праверак дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі правапарушэнняў.

Вопытам работы ў суполцы са старэйшынамі па папярэджанні парушэнняў грамадскага правапарадку, выяўленні самагонаварэння, перавыхаванні п’яніц і нядбайных бацькоў непаўналетніх дзяцей падзялілася старшыня Докшыцкага сельвыканкама І.А. Карандзей.
Тэмай выступлення для намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Р.В. Дуж і участковага інспектара ІПН РАУС С.Д. Букаты стала прафілактыка правапарушэнняў сярод непаўналетніх, узаемадзеянне ў гэтым пытанні розных суб’ектаў.

Выступленне старшага інспектара крымінальна-папраўчай інспекцыі РАУС Д.В. Купрэвіча было прысвечана рабоце назіральных камісій пры райвыканкаме з асуджанымі, якія адбываюць пакаранне, што не звязана з пазбаўленнем волі, а таксама з асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, лячэбна-працоўных прафілакторыяў, адбылі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі.

На сацыяльнай і працоўнай рэабілітацыі, узаемадзеянні суб’ектаў прафілактыкі пры аказанні дапамогі асобам, якія страцілі сацыяльныя сувязі, у адаптацыі да рэальных умоў жыцця ў час пераадолення цяжкай сітуацыі спынілася намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне А.А. Тулоўская.

Выступленне намесніка галоўнага ўрача ЦРБ Г.Г. Даніловіч было прысвечана прафілактычнай рабоце з асобамі, якія пакутуюць на алкагалізм і маюць схільнасць да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.

Роля добраахвотных дружын у ахове грамадскага правапарадку і прафілактыцы правапарушэнняў знайшла адлюстраванне ў выступленні намесніка начальніка аддзялення аховы правапарадку РАУС І.Л. Лакуцэвіча.

Вынікі семінара падвёў намеснік пракурора раёна І.А. Волчык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *