Вялікая дапамога — гэты льготны крэдыт

У кожнай сям’і свае клопаты, турботы, праблемы. Толькі не заўсёды вырашыць іх можна самім: дом без ільготнага крэдыту не пабудаваць, дзяцей без дапамогі дзяржавы не вывучыць, прыемна і тое, калі нават новую агароджу мясцовая ўлада дапаможа паставіць. Чым яшчэ дапамагла мясцовая ўлада людзям у іх розных жыццёвых сітуацыях, спрабавала высветліць журналіст раёнкі.

Клаўдзія Уладзіміраўна Піскуновіч, пенсіянерка з вёскі Рапяхі Сітцаўскага сельсавета:

– Вось ужо каторую восень нам, састарэлым людзям, якія жывуць на тэрыторыі дзяржаўнага прадпрыемства “АграСітцы”, мясцовая гаспадарка выдзяляе па нізкім кошце бульбу. Па два мяшкі на чалавека – гэтага дастаткова. Мы жывём з мужам удваіх, дык атрымалі чатыры мяшкі. А паколькі дзяцей у нас няма і дапамогу нам аказвае сацыяльны работнік, то і бульбу памочніца набрала, а затым і на транспарце прадпрыемства прывезлі ў двор. Мы з дзедам гэтым вельмі задаволеныя. У гэтым годзе нам і плот паставілі новы. Прыгажэй стала каля хаты.

Марына Юр’еўна Кудрашова, выконваючая абавязкі галоўнага заатэхніка адкрытага акцыянернага таварыства “Докшыцкі райаграсэрвіс”:

– Прыйшла працаваць у ААТ заатэхнікам-селекцыянерам. У мінулым годзе закончыла Ільянскі сельскагаспадарчы каледж і з ліпеня была залічана на працу. У хуткім часе выйшла замуж за хлопца, з якім пазнаёмілася ў перыяд вучобы. Ён пераехаў сюды і стаў працаваць механізатарам. Праз паўгода пасля ўзяцця шлюбу таварыства выдзеліла нам жылы дом у аграгарадку Параф’янава. Дом з усімі выгодамі, трохпакаёвы, сцены паклееныя шпалерамі, усё пафарбавана – ніякіх недаробак няма. Чакаем, што ацяпляцца будзем прыродным газам. Адным словам, вельмі задаволеныя, што жыццё так добра складваецца. Абставіць дом мэбляй – не выклікае вялікай праблемы, а каб давялося набываць жыллё за кошт уласных сродкаў, а не з дапамогай дзяржавы, то магло б быць вельмі цяжка. Так што вельмі ўдзячны дзяржаве за падтрымку маладых спецыялістаў. Маем работу, дом і будуем планы надалей, у якіх абавязковая прысутнасць дзяцей. Хочацца мець не аднаго, бо сама я са шматдзетнай сям’і.

Святлана Іванаўна Коўзан, медсястра Парплішчанскай амбулаторыі:

– У бягучым годзе студэнткай БДУ стала меншая дачушка Анжаліка. Як і сын Віталій, які скончыў Мінскі чыгуначны каледж, вучыцца на бюджэтнай аснове, а значыць, ёсць стыпендыя і будзе абавязковае размеркаванне – гарантаванае першае рабочае месца. Мы з бацькам вельмі задаволеныя, што пры паспяховай здачы іспытаў, дзеці нашы ды іншыя ў Беларусі маюць магчымасць бясплатна вучыцца, што яны не папоўняць рады беспрацоўных. Нам застаецца толькі складваць сумкі, адпраўляць перадачы ў горад.
Праўда, Віталій ужо працуе памочнікам машыніста ў Мінскім дэпо і завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту. Таксама бясплатна. Дзякуем за гэта палітыцы ўрада, а далей справа – за самімі дзецьмі.

Святлана Уладзіміраўна Уласава, медыцынская сястра Бярозкаўскай бальніцы сястрынскага догляду, шматдзетная маці:

– Я выхоўваю пяць дзяцей. Праўда, трое з іх ужо дарослыя: тры дачушкі замужам. Пры мне двое сыноў, сярод якіх адзін – сямімесячны Максім. Жыву ў аграгарадку Бярозкі ў старым саўгасным доме. Узнікла вялікая патрэба ў замене падлогі. Дзякуй мясцовай уладзе, а разам з ёй і старшыні сельсавета Я.С. Каралевіч, якая пастаралася, каб нам дапамагчы. А таму мы бясплатна атрымалі дошкі і бэлькі, а саму работу зрабілі ўласнымі рукамі. Зараз ёсць пэўная праблема з дахам. Яго трэба замяніць. Спадзяюся, што і з гэтай справай дапаможа мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя. Увогуле, дзякую за тое, што ёсць да каго звярнуцца, і ёсць ад каго атрымаць дапамогу.
Лідзія Аляксееўна Каляга, пенсіянерка, інвалід другой групы, жыхарка Крыпульскага сельсавета:

Дзякуй Богу і ўраду краіны за дапамогу пажылым людзям. Сёлета мне выдзеліла бясплатна мясцовая гаспадарка “Докшыцкі райаграсэрвіс” бульбы 250 кілаграмаў. Напярэдадні Дня інвалідаў старшыня сельсавета прадуктовую пасылку прывёз. Да маёй невялікай пенсіі райсабес паўгода даплачвае па 56 тысяч рублёў. Дровы прывозяць па льготнай цане. Адным словам, жывём мы добра.

Гутарыла
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *