Спадчына Докшыцкага краю

Вялікі рускі гісторык У. Ключэўскі сказаў некалі, што гісторыя – гэта ліхтар у будучыню, які свеціць нам з мінулага. Не ведаць і не шанаваць гісторыю – значыць жыць у цемры. Гістарычная спадчына Докшыцкай зямлі адносна небагатая. Магчыма таму, што па сваіх прыродна-геаграфічных умовах наш рэгіён не меў вельмі важнага эканамічнага значэння, таму развіваўся даволі павольна і звычайна. Сярод помнікаў і гістарычных месцаў: выток ракі Бярэзіны, праваслаўныя і каталіцкія храмы, што ўцалелі пасля актыўнага знішчэння ў ХХ стагоддзі, а таксама рэшткі сядзіб Дамейкаў у Сітцах і Слатвінскіх у Гняздзілаве, шматлікія помнікі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльныя комплексы “Шунеўка”, “Ходараўка” і іншыя.

Адметнасцю “Ходараўкі” з’яўляецца інтэрнацыянальны характар помніка, які сведчыць аб тым, што фашызм у роўнай ступені быў бесчалавечным у адносінах да людзей усіх нацыянальнасцей.

Трагедыя ў Ходараўцы адбылася незадоўга да вызвалення Беларусі. Нацысты, замятаючы сляды, лютавалі, знішчаючы сведкаў сваіх злачынстваў. У Ходараўцы 27–28 чэрвеня 1944 года расстралялі 600 вязняў канцлагера Лібараўшчына, які быў створаны вясной гэтага ж года. У Лібараўшчыну сагналі мірных жыхароў з Ушацкага, Лепельскага, Бягомльскага і іншых раёнаў, якіх арыштавалі ў час правядзення карных экспедыцый супраць партызан Полацка-Ушацка-Лепельскай і Бягомльска-Барысаўскай партызанскіх зон. Разам з беларускімі сялянамі расстралялі і 200 былых італьянскіх салдат, якія ўсю вайну былі саюзнікамі гітлераўцаў. Але паў фашысцкі рэжым Мусаліні, і ўчарашніх саюзнікаў абяззброілі і сталі выкарыстоўваць як бясплатную рабочую сілу на ст. Параф’янава. Каты з “Зордэнкаманды-9” расстрэльвалі людзей двое сутак, прыганяючы групамі ўсё новых і новых зняволеных. Італьянцы прыехалі да месца пакарання самі з чамаданамі і ранцамі, у якія спакавалі свае асабістыя рэчы. Фашысты, каб пазбегнуць эксцэсаў, падманулі іх і аб’явілі, што ўсіх адправяць самалётам з аэрадрома ў Сітцах у Італію.

Амаль адразу пасля вызвалення мясцовыя школьнікі разам з настаўнікам Сямёнам Сцепанцом як маглі добраўпарадкавалі пяць ям, якія сталі магіламі для 800 чалавек. Потым пасадзілі на гэтым месцы некалькі бярозак. У 1969 годзе быў устаноўлены абеліск ахвярам фашызму. У 1992 годзе на сродкі, якія выдзеліла Італія, быў пабудаваны мемарыяльны комплекс “Ходараўка”.

Так на Докшыцкай зямлі стала яшчэ адным помнікам больш. У 2009 годзе ўвекавечана памяць расстраляных, спаленых зажыва жыхароў вёсак Чупры, Тоўшчы, Верацеі. Летась добраўпарадкавана месца пахавання закатаваных жыхароў вёскі Залатухі. Трэба сказаць, што ўсе помнікі, абеліскі воінам і загінуўшым мірным жыхарам у Вялікую Айчынную вайну, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, клапатліва даглядаюцца.

Вельмі шмат таксама зроблена вернікамі пры дапамозе мясцовай улады для аднаўлення храмаў. Толькі чакае не дачакаецца, калі звернуць на яе ўвагу, жамчужына гістарычнай спадчыны Докшыччыны – былая сядзіба Дамейкаў у Сітцах. Першыя маленькія крокі па аднаўленні маёнтка крыху зроблены: ачышчаны панскія сажалкі, высечаны хмызняк у парку. “Вочы” сядзіба расплюшчыла, але як бы хацелася, каб справа пайшла далей, хаця, зразумела, для гэтага патрэбны вялікія сродкі, і зрабіць гэту добрую справу аднаму раёну не пад сілу.

Тамара СТАДНЮК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *