Аб якасці абслугоўвання насельніцтва

Сярод асноўных пытанняў, якія разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама 26 жніўня, было “Аб якасці функцыянавання ў раёне дзяржаўных сацыяльных стандартаў па абслугоўванні насельніцтва”. З дакладам па ім выступіла в.а. намесніка старшыні райвыканкама Наталля Ждановіч.

Яна адзначыла, што сёлета, як і ў папярэднія гады, у раёне вядзецца работа па забеспячэнні ўкаранення, функцыянавання сацыяльных стандартаў, па павышэнні якасці абслугоўвання насельніцтва. Зацвярджаюцца нарматывы сацыяльных стандартаў у грашовым вымярэнні. Распрацаваны і зацверджаны пашпарты кожнага пассельсавета, усіх сельскіх населеных пунктаў.

У раёне ўкаранёны і дзейнічаюць 42 нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў ва ўсіх сферах. Так, у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі функцыянуе і выконваецца 12 нарматываў сацыяльных стандартаў. Без абмежаванняў і ў патрабуемых аб`ёмах насельніцтва забяспечваецца прыродным газам. Спажыванне электраэнергіі складае 113 кВт/гадз. на 1 чалавека пры нарматыве не менш чым 60.
Разам з тым, як адзначыла дакладчык, якасць асобных паслуг жадае быць лепшай, у прыватнасці водазабеспячэнне. Напрыклад, у г. Докшыцы, в. Бярозкі якасць вады не адпавядае патрэбным стандартам. Прычына – у адсутнасці станцый абезжалезвання. Іх будаўніцтва запланавана. РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік» ужо распрацавала праектна-каштарысныя дакументацыі, аднак адсутнасць фінансавых сродкаў па гэтых аб`ектах стрымлівае рэалізацыю намечаных праектаў.

На кантролі райвыканкама знаходзяцца звароты грамадзян Бягомльскага пассавета па ўстаноўцы водаразборных калонак (Нябышана), водазабеспячэння населенага пункта Дамашкавічы.

Для паляпшэння якасці водазабеспячэння ўсім сельгаспрадпрыемствам неабходна да 1 снежня бягучага года перадаць водазабеспячальныя сеткі на баланс РУП ЖКГ.

Ёсць таксама нараканні ў насельніцтва і на гарачае водазабеспячэнне. Са 143 жылых дамоў з цэнтральным водазабеспячэннем і каналізацыяй штодзённа карыстаюцца гарачай вадой толькі жыхары 31 дома. Сёлета на працягу 4 месяцаў грамадзяне 13 шматкватэрных дамоў не маюць гарачай вады. Прычына – у зношанасці цеплатрасы. Аднак замену труб РУП ЖКГ вядзе марудна.

Закранаючы пытанне вулічнага асвятлення, дакладчык зазначыла, што ў цэлым па раёне нарматыў перавыконваецца. Разам з тым ёсць скаргі грамадзян на недастатковую работу па вулічным асвятленні. Што датычыцца сферы адукацыі, то тут уведзены і выконваюцца ўсе 9 нарматываў. Дзеці дашкольнага ўзросту поўнасцю ахоплены падрыхтоўкай да школы. Выконваюцца нарматывы забяспечанасці агульнай плошчай агульнаадукацыйных навучальных устаноў, спартыўных збудаванняў, будынкаў спартыўнага прызначэння. Усе ўстановы адукацыі забяспечаны камп`ютарамі. Арганізаваны падвоз дзяцей да школы і дашкольных устаноў.

У поўнай меры выконваюцца 2 нарматывы, уведзеныя ў галіне культуры. Бібліятэкі працуюць ва ўсіх аграгарадках. Стацыянарнае кінавідэапраекцыйнае абсталяванне ўстаноўлена ў 9 аграгарадках, а клубныя ўстановы Барсукоў, Сітцаў, Бярозак абслугоўваюцца перасоўнымі ўстаноўкамі. Праведзены аднаўленчыя работы на мемарыяльным комплексе “Шунеўка”. Адначасова працягваецца ўмацаванне матэрыяльнай базы дзеючых устаноў культуры: у гэтым годзе набыта камп`ютарная тэхніка, мэбля, сцэнічныя касцюмы. Расце колькасць калектываў са званнем “народны”.

Разам з тым у якасці недахопаў быў адзначаны нізкі паказчык па аказанні платных паслуг аддзелам культуры – 117 працэнтаў пры заданні 180. Патрабуе таксама рамонту будынак Крыпульскага сельскага Дома культуры.

Далей дакладчык спынілася на такіх сферах абслугоўвання насельніцтва, як сувязь, транспартная сфера, сфера сацыяльнай абароны насельніцтва. Адзначыла, што ў раёне адсутнічае чарга на ўстаноўку тэлефонаў, забяспечана поўная тэлефанізацыя ўстаноў аховы здароўя. Ставіцца задача, каб у кожным населеным пункце, дзе больш чым паўтары тысячы жыхароў, аказваліся паслугі доступу ў Інтэрнэт. Аддзяленні сувязі прадастаўляюць насельніцтву больш чым 60 відаў паслуг. У той жа час паказчык па платных паслугах не выконваецца.

У сферы транспартнага абслугоўвання, дзе назіраецца значная зношанасць аўтобуснага парка, вялікія страты ад гарадскіх і прыгарадных перавозак пасажыраў, ёсць звароты грамадзян па прычыне змянення часу маршрутаў.

Пэўная работа праводзіцца па паляпшэнні абслугоўвання насельніцтва ў сферах аховы здароўя, гандлёвай і бытавой. У галіне аховы здароўя ўкаранёны 4 нарматывы. Ва ўсіх аграгарадках ёсць аб`екты з рознічнай рэалізацыяй лекавых сродкаў і тавараў аптэчнага асартыменту. Забяспечанасць аўтатранспартам складае 100 працэтаў.

Разам з тым на пасяджэнні адзначалася, што ў раёне не хапае медыцынскіх кадраў. Каб маладыя спецыялісты, адпрацаваўшы пасля заканчэння вну, не пакідалі раён, будзе распрацаваны комплекс мер, накіраваных на замацаванне маладых кадраў.

Пры абмеркаванні вынесенага на парадак дня пасяджэння пытання побач са станоўчымі момантамі ў абслугоўванні насельніцтва ў розных сферах больш увагі звярталася на негатыўныя бакі, прапаноўваліся шляхі выпраўлення становішча. Так, напрыклад, па выніках сямі месяцаў гэтага года не выкананы паказчык па заработнай плаце. За студзень – ліпень сярэдняя заработная плата склала 1 мільён 274 тыс. рублёў пры заданні 1 мільён 405 тысяч. Даведзенае заданне па заработнай плаце на снежань у сярэднім па раёне складае 2 мільёны 300 тысяч рублёў. Каб забяспечыць яго выкананне, штомесячны прырост заработнай платы павінен складаць 200 тысяч рублёў.
У канцы свайго выступлення Н. Ждановіч спынілася на такім важным паказчыку, як колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы. Канстатавала, што гэты паказчык па раёне за студзень – чэрвень склаў 11302 чалавекі пры заданні 11940. Рэзерв для павелічэння колькасці працуючых ёсць. Гэта стварэнне новых вытворчасцей, адкрыццё новых працоўных месцаў, запаўненне існуючых вакансій.
Пры падвядзенні вынікаў пасяджэння было адзначана, што ўсё дасягнутае забяспечвае толькі мінімальны ўзровень сацыяльных стандартаў. Спыняцца на тым, што маем, нельга, трэба браць планку вышэй. Таму неабходна працягваць далейшую работу па паўсюдным удасканаленні паказчыкаў нарматываў сацыяльных стандартаў.

Па разгледжаных пытаннях райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *