Фізкультура і здароўе крочаць разам

Так склалася, і не адна таму прычына, што зараз у нашых школах пануюць жанчыны, хаця на Захадзе, ды і ва ўсім свеце, прафесія настаўніка лічыцца мужчынскай. Аўтарытэт настаўніка-мужчыны патрэбны не толькі хлопцам, але і дзяўчынкам таксама. Вучням Бягомльскай сярэдняй школы пашанцавала: у іх школе працуюць некалькі настаўнікаў-мужчын, якія не кінуліся яшчэ шукаць больш спакойную і больш грашовую работу. У першую чаргу, гэта настаўнікі фізкультуры. Чатыры паклоннікі спорту вучаць дзяцей разуменню, што здароўе і фізкультура крочаць побач.

— Хаця, – прызнаецца адзін з іх – Генадзь Мікалаевіч Сіўцэвіч, – рабіць гэта з кожным годам становіцца ўсё складаней. Падрастаючае пакаленне надае перавагу камп’ютарам, ля якіх гатова сядзець суткамі. Ёсць, канечне, прыхільнікі спорту, аматары заняткаў на трэнажорах, але большасць выказвае поўную пасіўнасць нават да фізкультуры. Таму прыходзіцца растлумачваць, пераконваць, а дзе і прымушаць для іх жа карысці выконваць патрэбныя нарматывы.

Сёння заняткі фізкультурай у школе падпарадкоўваюцца праграме дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які разбіты на тры ступені. Нарматывы кожнай з іх прадугледжваюць развіццё фізічна здаровага юнага чалавека. Задача настаўніка фізкультуры — працаваць з дзецьмі так, каб кожны з іх здолеў выканаць усе патрабаванні. На практыцы атрымліваецца па-рознаму. Не заўсёды ў дзяцей іх магчымасці супадаюць з іх жаданнямі. Хаця ў Генадзя Мікалаевіча такіх выпадкаў менш за ўсіх. Ён умее растлумачваць дзецям, як добра быць здаровым і як гэта ў многім залежыць ад такога прадмета, як фізкультура. Гэта добра засвоілі выхаванцы валейбольнай секцыі, настольнага тэнісу, сярод якіх шмат праблемных дзяцей, дзе трэнерам з’яўляецца Сіўцэвіч. Яго аматары лёгкай атлетыкі: Арцём Казановіч, Яўген Раманоўскі, Арцём Хмялінка — гэта спартыўны гонар школы, якая заняла першае месца на агульнараённай спартакіядзе.

Сам Генадзь Мікалаевіч са спортам сябруе яшчэ з тых часоў, калі быў вучнем Парплішчанскай школы. Гэта сяброўства прывяло яго на факультэт фізічнага выхавання педуніверсітэта імя Машэрава. Зараз ён мае першы разрад па лыжах і з поспехам прымае ўдзел у спартыўных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Асабісты прыклад настаўніка – самая лепшая агітацыя для вучняў у неабходнасці спартыўных заняткаў.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Генадзь Сіўцэвіч на занятках фізкультуры са сваімі вучнямі.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *