Рекомендуют докшицкие природозащитники

Каб добра перазімаваць, чалавек рыхтуецца ўвесь вясенне-летне-восеньскі сезон. Назапашвае прыпасаў сабе і жывёле. А як быць звярам у лесе? Лясным жыхарам таксама на дапамогу прыходзіць чалавек. Ён ажыццяўляе цэлы комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне ахоўных умоў, гняздоўя, кармлення дзікай жывёлы ў цяжкую пару года, калі адчуваецца недахоп натуральных кармоў. Гэтай работай займаюцца лясныя службы, у прыватнасці, Бягомальскі лясгас, эксперыментальная лесапаляўнічая гаспадарка “Барсукі” і дзяржаўнае грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў».

У лесе для звяроў абсталёўваюцца саланцы, гэта такія слупкі са шчылінай, куды кладзецца соль для зайцаў і капытных. Для апошніх таксама ладзяцца кармушкі, адводзяцца спецыяльныя пляцоўкі для кармлення, будуюцца кармасховішчы, ставяцца вышкі для ўліку і селекцыйнага адстрэлу жывёлы. На тэрыторыі паляўнічых угоддзяў раёна абуладкавана 66 пляцовак з пабудовамі для кармлення звяроў. 

Па словах начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Апанасевіча, які неаднаразова праводзіў інспекцыйныя праверкі разам з міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету, на падкормачніках лясгаса і эксперыментальнай гаспадаркі падкормка дзікай жывёлы, і ў першую чаргу дзікоў, вядзецца з лістапада па сённяшні дзень. Дастаткова завезена якасных кармоў, па-гаспадарску абсталяваны пляцоўкі, добрасумленна працуюць егеры.

Падкормачныя пляцоўкі таварыства паляўнічых і рыбаловаў абсталяваны на дзевяці паляўнічых дачах. Узорна выконвае свае егерскія абавязкі Іван Сценнік на Тумілавіцкай паляўнічай дачы, Мікалай Якушэнка – на Докшыцкай. А вось у Крулеўшчыне практычна ўсю зіму егера не было зусім, таму звер рушыў на ўгоддзі суседняй Тумілавіцкай паляўнічай дачы. Не была як след арганізавана падкормка дзікай жывёлы на  Сітцаўскай, Параф’янаўскай, Бягомльскай дачах.

У час рэйду, які праводзілі інспекцыі разам з рэдакцыяй, таксама назіралася карціна рознага падыходу да справы. Падкормачныя пляцоўкі Бягомльскага лясгаса, у прыватнасці тыя, якія знаходзяцца на тэрыторыі 53, 62 і 80 квартала Вітуніцкага лясніцтва былі стаптаны звярамі. Яны да пляцовак з усіх бакоў праклалі сцежкі. А ўсё таму, што корм, які захоўваўся побач у металічных бочках, быў якасным. І зусім процілеглая карціна назіралася ва ўрочышчы Барок, дзе гаспадаром з’яўляецца таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Яно і зразумела. Які звер захоча ласавацца старым пратухлым збожжам? Выканаўчаму дырэктару таварыства Аляксандру Кізіну трэба падумаць, як за сёлетні летні сезон абсталяваць кормапляцоўкі, пабудаваць кармасховішчы і іншыя збудаванні, якія прадугледжвае пашпарт карыстальніка.

Рэйдавая брыгада.

НА ЗДЫМКУ: кармасховішча і вышка для адстрэлу звера ў Вітуніцкім лясніцтве.              

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *