Чыстыя палі Бабачонкаў

Быць машыністам і працаваць на экскаватары Віктар Бабачонак марыў, як ні банальна гэта гучыць, яшчэ з дзяцінства.

– Глядзеў малы на гэтыя загадкавыя машыны і так мне хацелася даведацца, як яны складзены, што пасля школы пайшоў вучыцца ў Смілавіцкае меліярацыйнае вучылішча, – расказвае сёння заслужаны меліяратар. – Вучыўся з задавальненнем, быў адным з лепшых навучэнцаў, таму пайшоў далей. Закончыў курс Пінскага індустрыяльна-педагагічнага тэхнікума, і забралі ў армію. Потым хутка ажаніўся. Мне ехаць у тэхнікум, а тут сын нарадзіўся. Як адклаў вучобу, так больш і не вярнуўся да яе. Затое сын Віктар працуе зараз побач са мной. Я і яго зрабіў меліяратарам.

І не толькі сына, але і жонку Ніну Браніславаўну. Толькі працуе яна не ў полі, а ў бухгалтэрыі. Віктар Фёдаравіч родам з Чэрвеньскага раёна, што на Міншчыне. У Докшыцы прыехаў на малую радзіму жонкі, а зараз лічыць ужо і сябе мясцовым жыхаром, бо працоўная біяграфія склалася ў яго менавіта тут. Яна атрымалася ў Бабачонка багатая на працоўныя заслугі. Працаваць сумленна вучыў яго бацька, былы калгасны механізатар. Прывучаў да тэхнікі і тлумачыў, што яна догляд любіць, як жывая істота. Таму і Віктар Фёдаравіч, як толькі выдасца свабодная хвілінка – дык ключы ў рукі і пайшоў рабіць агляд “слабых” месцаў свайго жалезнага сябра. Пакуль машына працуе, ён, як урач, праслухвае работу ўсіх механізмаў у ёй. Самы малы збой спяшаецца адразу ліквідаваць. Вывучыў экскаватар настолькі, што пад сілу разабраць і сабраць машыну самому.

Першым экскаватарам у яго быў магутны ЭО-5116 з аб’ёмам каўша ў 1,2 кубічнага метра. Тады і работы былі адпаведныя. Віктар Фёдаравіч выконваў па некалькі дзённых нормаў. Але будоўля закончылася, зараз меліярацыйныя арганізацыі заняты абслугоўваннем каналаў, палёў. Зараз Бабачонак на ЭО-652, так званым кар’ерным экскаватары, які, па прычыне свайго малога аб’ёму, для яго –  цацка ў параўнанні з ранейшымі, працуе на ачышчэнні вытоку ракі Бярэзіна. Ён выкідвае грунт са дна, а Анатоль Гмыза на Т-130 яго планіруе, каб бераг быў роўным і прыгожым. Быццам работа і не складаная, але патрабуе ўмення і акуратнасці. 

– Люблю любыя работы: ці рэчку чысціць, ці адкосы берагоў прыводзіць у парадак, – зазначае меліяратар. – Зімой чысціў Поню, яшчэ адну рэчку ля вёскі Варлань. Прыемна глядзець, як пасля тваёй працы глыбеюць рэчкі, вызваляюцца ад хмызняку палі, прыходзяць у належны стан іншыя меліярацыйныя аб’екты, якіх набудавалі ў свой час шмат. Зараз трэба іх даглядаць, каб не стала дарэмнай праца столькіх гадоў. Каб можна было сеяць хлеб.

Працавітасці, любві да тэхнікі Віктар Фёдаравіч навучыў сына. Ганарыцца тым, што Віктар пайшоў па яго слядах. Хутка прыедзе працаваць у мясцовую бальніцу дачка, якая атрымала дыплом медсястры. Сабярэцца зноў уся сям’я Бабачонкаў разам. Нядаўна ёй споўнілася 25 год. У думках Віктар Фёдаравіч падвёў вынік свайго сямейнага жыцця і застаўся задаволеным. Хоць і жаніўся ў маі, але мучыцца не давялося. Сям’ю стварыў, за якую не сорамна, і на працы не апошні. А калі ўлічыць, што Віктару Бабачонку прысвоена званне “Ганаровы меліяратар”, то можна сказаць, што і першы.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: ганаровы меліяратар ПМС В.Ф. Бабачонак.

Фота В. Чарвінскага. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *