Отдых в лагере «Берёзка» Докшицкого района на 100 процентов!

Лета смяецца на сотні дзіцячых галасоў, радуецца дажджу і сонцу, спаборнічае навыперадкі, па-сапраўднаму сябруе. Менавіта такое лета, доўгачаканае і шматграннае, жыве ў аздараўленчым лагеры “Бярозка”. На мінулым тыдні там урачыста распачалася першая змена.

Сто семдзесят пяць дзяцей праз некалькі тыдняў павязуць дадому чамаданы не толькі з уласнымі рэчамі, але і з незабыўнымі ўражаннямі, адкрыццямі і ведамі. Сёлета тут аздараўляецца шмат дзетак, бацькі якіх працуюць у аграпрамысловым комплексе.  Таксама наведалі лагер дзеці з прыёмных сем’яў нашага раёна, ёсць і з Шаркаўшчынскага  – 16 чалавек. 67 выхаванцаў Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат таксама з радасцю ўключыліся ў рады першай змены.

Працягваючы арыфметыку лагера, варта заўважыць, што ў шасці атрадах знаходзяцца школьнікі ад 7 да 17 гадоў. “Моладзь”, “Мурашнік”, “Чарапахі”, “Ну, пачакай!”, “Крэпкі арэшак” і “Няўрымслівы” ўжо бойка дэкламуюць свае рачоўкі, а камандзіры атрадаў пакрыху набываюць якасці лідараў і адказнасць за сваіх падапечных.

– У нас арганізавана пяціразовае харчаванне, – распавядае начальнік лагера Ганна Раманенкава. –  Мы вельмі стараемся, каб яно было паўнацэнным. Насычаем нашых выхаванцаў не толькі шматлікімі вітамінамі, але і цікавымі мерапрыемствамі. Штодзень адбываецца два агульналагерныя мерапрыемствы. Максімальна займаем нашых дзетак, але пакідаем ім і вольны час – гэта абавязкова патрэбна кожнаму.

Конкурс танцаў, эрудытаў і казачнікаў, дзень імянінніка, хвіліна славы, містэр і міс лагера, разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы – цэлае мора магчымасцяў дзеля праяўлення ўласных талентаў і ўменняў. Тое, што адпачываць у “Бярозку” прыехалі таленавітыя школьнікі, даказаў канцэрт, які яны паспелі падрыхтаваць да ўрачыстага адкрыцця змены. Апладысменты амаль не змаўкалі – цёплая атмасфера, па ўсім бачна, усталявалася тут з першых дзён заезду.

На адкрыцці першай змены прысутнічала шмат паважаных гасцей. Сярод іх намеснік старшыні райвыканкама В.Ю. Рандарэвіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама В.А. Лаўцэвіч і яго намеснік А.А. Кучыц, начальнік Докшыцкага РАУС М.Э. Гігола, начальнік Докшыцкага РЭС В.В. Ючкавіч, старшыня райкама Докшыцкай раённай беларускай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Я.І. Шульгат. Ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі лагеру ўручылі спортінвентар на суму 5 мільёнаў рублёў. Такім чынам, новая змена распачалася з новымі сродкамі будучых спартыўных дасягненняў.

Побач з маленькімі ў лагеры прафесійныя вясёлыя важатыя, інструктар па спорце,  музычны кіраўнік і дзі-джэй – усе яны пастараюцца, каб 18 дзён лета былі аднымі з лепшых і запамінальных у жыцці дзяцей. Другая змена ў аздараўленчым лагеры “Бярозка” пачнецца з 1 ліпеня, пуцёўкі на яе ўжо разабралі. А з 22 ліпеня па 11 жніўня адбудзецца трэцяя змена, каб ураўненне лета плюс адпачынак мела вынік у сто працэнтаў!

Таццяна МАЦЮШОНАК.

НА ЗДЫМКУ: з усмешкамі на тварах сустракае першую змену атрад “Ну, пачакай!”


Фота В. Чарвінскага.

Один комментарий для “Отдых в лагере «Берёзка» Докшицкого района на 100 процентов!

  • 20.06.2012 в 8:35 дп
    Permalink

    Захотелось в лагерь! Стать бы компонентом «Татьяниного» уравнения….)))))

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *