В Тумиловичском лесничестве новоселье
Тумілавіцкае доследна-вытворчае лясніцтва з’яўляецца структурным падраздзяленнем Глыбоцкага лясгаса, аднак знаходзіцца на тэрыторыі Тумілавіцкага сельсавета. З нядаўняга часу з’яўляецца ўпрыгажэннем гэтага краю, і прыкладам добраўпарадкавання.
З ліпеня адміністрацыя лясніцтва пачала працаваць у новым будынку. Яго пабудавалі побач са старым прыкладна за паўгода. Нічога мудрагелістага ў пабудове няма, затое з-за сваёй вытрыманай прастаты яна выглядае стыльна і акуратна. Ля будынка прыгожа аформлена тэрыторыя. Тут ёсць альтанка, з густам пасаджаны клумбы і газон. Сядзібу абрамляе арыгінальны, у выглядзе алоўкаў, плот. За чысціню і парадак у самім будынку і на тэрыторыі адказвае Наталля Лесніна. Акрамя гэтага яна яшчэ паспявае даглядаць яблыневы сад і трох коней, што належаць лясніцтву. Са сваімі задачамі спраўляецца выдатна.
Стары адміністрацыйны будынак у бліжэйшы час плануюць адрамантаваць і аддаць пад жыллё спецыялістам лясніцтва. Фінансуе ўсе работы Глыбоцкі лясгас, відавочна з устаноўкай, што паказальная дзейнасць павінна мець годнае абрамленне.
Таццяна СТАДОЛЬНІК.
Фота А. Варанковіча.