Докшицкие агроусадьбы пользуются спросом

Бадзёрае кукарэканне пеўня, першыя залацістыя промні на падушцы і пах дранікаў ці пірага з яблыкамі, які выходзіць з печы… Што можа быць лепшым за адпачынак у вёсцы! У Беларусі, а таксама ў нашым раёне ёсць выдатныя магчымасці, каб стварыць адпачынак для людзей, якія стаміліся ад шуму і мітусні горада, хочуць атрымаць асалоду ад простых чалавечых радасцяў і мараць вырвацца ў вёску.

Сфера аграэкатурызму разглядаецца як важная складаемая нацыянальнай эканомікі, якая заклікана ў максімальнай ступені задзейнічаць прыродны і чалавечы патэнцыял беларускай вёскі на дабрабыт яе жыхароў, усіх грамадзян рэспублікі і шматлікіх замежных гасцей.

Аграэкатурызм, згодна з тлумачэннем спецыяльнага слоўніка, – гэта часовае прабыванне грамадзян у сельскай мясцовасці, малых гарадскіх пасяленнях з мэтай адпачыць, набыць здароўе, пазнаёміцца з прыродным патэнцыялам рэспублікі, нацыянальнымі культурнымі традыцыямі  без занятку працоўнай, прадпрымальніцкай, іншай дзейнасцю, якая аплачваецца і прыносіць прыбытак. Каб ажыццявіць дзейнасць у сферы аграэкатурызму, сельгасарганізацыям і фізічным асобам не трэба спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі). Неабходна заплаціць збор за ажыццяўленне дзейнасці  па аказанні паслуг у памеры адной базавай велічыні за каляндарны год, пісьмова інфармаваць падатковыя органы і мясцовы Савет дэпутатаў. Для таго, каб пачаць дзейнасць па аказанні паслуг дадзенага кірунку, неабходна мець жылое добраўпарадкаванае памяшканне, якое адпавядае ўстаноўленым санітарным і тэхнічным патрабаванням, згодна з умовамі дадзенага населенага пункта, альбо свабодныя жылыя пакоі ў жылым доме.

Суб’ектам аграэкатурызму на рэалізацыю сябе ў гэтай  ролі ААТ “Белаграпрамбанк”  выдзяляе крэдыты ў суме да 2000 базавых велічынь у беларускіх рублях на тэрмін не больш, чым 5 гадоў з платай працэнтаў па крэдыце ў памеры 5 працэнтаў гадавых. Крэдыт пагашаецца штомесячна роўнымі часткамі ці па графіку (з улікам сезоннасці аказання паслуг), згодна з аргументацыяй крыніцы пагашэння крэдыту.

Аграэкатурызм – адносна новы для нас від адпачынку, але пэўныя дасягненні ўжо мае. У нашым раёне дзейнічаюць 9 аграсядзібаў, якія размешчаны ў маляўнічых кутках. Там прымаюць гасцей і аказваюць паслугі не толькі беларусам, але і замежным грамадзянам. У адных сядзібах могуць прапанаваць асобны домік з камінам, більярд і лазню, у іншых – невялікі пакой у агульным з гаспадарамі доме побач з крыніцай. І вечарам, калі неба расквеціцца зоркамі, турысты сядзяць ля вогнішча і смажаць мяса на шампурах, адпачываюць душой і целам.

Карыстаюцца попытам у агратурыстаў сядзібы “Шыяны” і “Лясное”, што ў Дамашкавічах, “Наша хата біясфера”, што за Валчой,  “Дзеда Міная”, што каля Чарнічкі-2, “Сахонаўка”, што ў Новым Запанні, і некаторыя іншыя. Дарэчы, сядзіба “Шыяны” прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшую аграэкасядзібу ў намінацыі “Гасціннасць”. У лідары не выйшла, але  адзнаку атрымала  дастаткова высокую.

А. Гапоненка,
інструктар ФСК “Ураджай”.

НА ЗДЫМКАХ:   аграсядзіба “Лясная” і яе наваколле (1,2); аграсядзіба «Дзеда Міная» (3).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *