Семья Шилковых из Докшиц — лауреат третьей премии


«Сузор’е сямейных талентаў» — пад такой назвай у мінулыя выхадныя ў Доме культуры Арэхаўска Аршанскага раёна праходзіла абласное свята-конкурс сямейнай творчасці, у якім прынялі ўдзел 13 раёнаў Віцебскай  вобласці.

Гонар нашага раёна абараняла сям’я Шылковых з Докшыц. Павел і Вольга паехалі на конкурс не адны: падтрымаць і паўдзельнічаць у праграме з радасцю згадзіліся іх дзеці – Маша і Аляксандр, а таксама цесць Паўла – Дзмітрый Кабяк і свякроў Вольгі – Ніна Шылкова. Іх дружная, згуртаваная каманда спадабалася не толькі гледачам, але і журы, якое высока ацаніла іх выступленне.

Конкурсная праграма была прадстаўлена сямю намінацыямі: сямейнае песеннае майстэрства; сямейная сцэнічная творчасць; аматарскі відэафільм; лепшая аўтарская песня; незвычайнае сямейнае хобі; дэкаратыўна-прыкладное  і пекарскае мастацтва. Ужо ў першай намінацыі, якая называлася “Хай льецца песня і прыпеўка”, Шылковы паказалі свой талент, за што і атрымалі дыплом лаўрэата 3-й ступені.

Да намінацыі на лепшы аўтарскі твор сям’я падышла вельмі адказна: Павел сам напісаў верш “Гісторыя нашага кахання” і на адным дыханні прачытаў яго са сцэны пад лірычную музыку. За гэта атрымаў яшчэ адну ўзнагароду – званне лаўрэата.

Багата на свяце было прадстаўлена вырабаў з саломкі і бісеру, знайшлося месца вышыўцы і вязаным кручком сурвэткам.

Рыхтуючыся да намінацыі пекарскага мастацтва “Сямейны каравай”, Вольга і Павел вырашылі не абыходзіцца толькі адной выпечкай, а паказаць усё, на што здатныя. Дома гатавалі ледзь не да раніцы, таму стол на свяце “ламаўся” ад прысмак. Быў і фаршыраваны шчупак, і запечаныя рабчыкі. Хапала і выпечкі – торты, пірожныя, труфелі. Гаспадыня Вольга не абмежавалася толькі адным караваем, а дапоўніла яго яшчэ дамашнім хлебам, які сама выпекла ў печы. У гэтым конкурсе Шылковы-кулінары сталі дыпламантамі 1-й ступені.

Запамінальным і яскравым стала выступленне дзяцей – Машы і Аляксандра, якія ў адно імгненне заваявалі сімпатыю гледачоў, выканаўшы прыпеўкі і песню “Запрагайце сівых коней”.

– Дадому ўсе вярталіся з выдатным настроем, – гаварыла метадыст раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры райвыканкама Вольга Пракаповіч, якая суправаджала і падтрымлівала маральна ў час правядзення конкурсу сям’ю Вольгі і Паўла Шылковых. – Нам вельмі прыемна, што ў нашым раёне жывуць такія таленавітыя, працавітыя і поўныя новых ідэй людзі, якія ў любую хвіліну могуць узняць настрой і сагрэць сэрца душэўнай песняй.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: сям’я Шылковых у час абласнога свята-конкурсу.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *