В деревнях Докшицкого района диссонанс порядку создают пустующие земельные участки, дома и сады

Тэма навядзення парадку на зямлі даўно стала  “дзяжурнай”. Добраўпарадкаванне тэрыторый – адзін з галоўных абавязкаў кіраўнікоў  арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, старшынь сельвыканкамаў і, канечне, усіх грамадзян. За чысцінёй на зямлі вядзецца  ўзмоцнены кантроль.  Прадстаўнікі раённай улады і эколагі раёна настойліва змагаюцца  за парадак і культуру паводзін. Гэта дае відавочныя вынікі. Іх адзначылі ўдзельнікі чарговага рэйду, які адбыўся 27 лістапада. Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Апанасевіч, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Дзіяна Шульгат,  выконваючая абавязкі галоўнага санітарнага ўрача раёна Святлана Адамовіч, першы намеснік начальніка Докшыцкага РАУС    Дзміртый Шупенька і карэспандэнт раённай газеты на чале з галоўным спецыялістам  раённага Савета дэпутатаў Людмілай Ждановіч  рэйдавай групай праехалі па тэрыторыях Докшыцкага і Бярэзінскага сельскіх Саветаў.

Прыемна было адзначыць, што ў  рабоце па навядзенні парадку на зямлі ёсць станоўчыя зрухі. Ліквідавана мноства стыхійных звалак, уводзяцца ў сельскагаспадарчы абарот пустуючыя зямельныя надзелы, якія доўгі час былі зарослыя кустоўем і пустазеллем. Цяпер яны ўзараны да самых пабудоў  (здымак 1). Усё больш становіцца падвор’яў, каля якіх хочацца затрымацца і падзякаваць гаспадарам за прыгажосць і парадак (здымак 2). Аднак, як і прадчувалі,  чыстую мелодыю пераўтварэння вёсак усё ж такі пераразаў фальшывы дысананс сметнікаў, зарослых пустазеллем участкаў і паўразбураных дамоў.

“Куды дзяваць?”

На шляху да Янкоў за возерам ля дарогі то з аднаго, то з другога боку зеўралі сметнікі (здымак 3). Гарманіруе з імі дрэннае дарожнае пакрыццё. На ўездзе ў вёску прыцягнуў увагу разабраны будынак  былой бібліятэкі. Каля яго было некалькі вялікіх, нядаўна вырытых ямін,  у іх валялася смецце.  Гэтыя катлаваны ААТ “Таргуны” зрабіла  для таго, каб захаваць рэшткі фундамента. Мясцовыя жыхары тут жа сталі зносіць сюды смецце, чым адразу паставілі  пад сумненне сваю бытавую культуру і сумленнасць.

Непрывабна выглядае ў Янках сумесная тэрыторыя агульнага карыстання, якая знаходзіцца за прысядзібнымі ўчасткамі вуліц Камсамольскай, Сонечнай, Лясной і Маладзёжнай. У Віктара Апанасевіча неахайнасць гэтай тэрыторыі стала  балючай тэмай і прычынай бясконцых настаўленчых гутарак з нядбайнымі гаспадарамі, якія складзіруюць на задворках  рэшткі старой тэхнікі, будматэрыялы, вецце, дровы і іншыя непатрэбныя рэчы. Аднак, вынікі яго барацьбы за чысціню былі відавочны. Адзін з гаспадароў  пасля атрымання прадпісання навёў парадак на сваёй тэрыторыі і з гонарам дэманстраваў  пераўтварэнне.  Рупіўся  ля хлявоў і яго сусед: згроб смецце ў вялізны іржавы кузаў і быў ужо гатовы згрузіць яго ў вырытую вялізную яму.  Добры парыў удзельнікі рэйду станоўча ацанілі, аднак закопваць кузаў са смеццем яму строга забаранілі. 

– Метал – гэта другасная сыравіна, – тлумачыў Віктар Ільіч. –  Згодна з пунктам 5 артыкула 25 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі”, захоўваць другасныя рэсурсы забараняецца. Жалеза псуе глебу і падземныя воды. Увогуле, любыя бытавыя адходы можна захоўваць толькі на санкцыянаваных палігонах.

– Адкуль столькі смецця? Чаму так доўга не прыбіралі? – задалі пытанне збянтэжанаму гаспадару.

– А куды мне яго дзяваць? – разводзіў ён рукамі.

– У машыну, што збірае смецце, –  здзіўляліся мы пытанню.

– Я той машыны даўно не бачыў і не ведаю нават, калі яна прыязджае, – апраўдваўся мужчына.

Няведанне, у які час адбываецца збор смецця, пацвердзіў яшчэ адзін вясковец.

– Яго, можа, і збіраюць, толькі мы не ведаем калі, – сказаў ён. – Даўней смеццезборачная машына пры ўездзе ў вёску падавала працяглы сігнал, і мы ведалі, што можна выносіць смецце. А зараз так не робяць.

На гэта Віктар Апанасевіч параіў жыхарам у патрэбны час (у гэтай вёсцы па суботах у 13:00) выносіць смецце на абочыну праезнай часткі і тым самым указаць вадзіцелю смеццезборачнай машыны пра жаданне выкінуць бытавыя адходы. Той абавязкова спыніцца і забярэ смецце.

Пустэчы і зараснікі

У вёсках Дубавое, Камайск, Зарачыцк, Вольберавічы, Гліннае агульны выгляд псуюць пустуючыя, зарослыя дрэвамі і кустоўем участкі, старыя кінутыя дамы і сады.

– Увядзенне такіх тэрыторый у сельскагаспадарчы абарот магчымы толькі пасля правядзення культуртэхнічных работ, – гаворыць начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Дзіяна Шульгат.  – Тут трэба высякаць дрэвы, кусты, выкарчоўваць карані. Для гэтага патрабуецца спецыяльная тэхніка і грашовыя затраты. Шмат такіх тэрыторый ужо акультурана. Некаторыя аддадзены ў карыстанне сельгаспрадпрыемствам, іншыя падрыхтаваны для індывідуальнага будаўніцтва. Аднак, пакуль у такіх участкаў няма гаспадароў, даглядаць іх павінны сельскія Саветы, – удакладняе яна.

Пры выездзе з вёскі Дубавое на дарогу Янкі–Камайск стаяць зарослыя  пустазеллем апоры ліній электраперадач (здымак 4). Непрыбрана на Камайскіх могілках. Тут ляжаць кучы сухой травы, вецця, старых вянкоў. За сельскім клубам у  гэтай вёсцы стаіць учарнелы быльнёг, вышэйшы за чалавечы рост (здымак 5). 

У Глінным ёсць размытыя дарогі, дзе патрабуецца грэйдзіраванне. За мясцовым магазінам накідана смецця, і відаць месцы, дзе прадаўцы спальваюць камунальныя адходы. Такія паводзіны яны тлумачаць тым, што каля крамы няма кантэйнераў для збору смецця.

Аглядаючы такія праблемныя месцы, выразна разумееш, што адказным за іх добраўпарадкаванне не хапае, перш за ўсё, арганізаванасці,  рашучасці і жадання, а ўжо потым – фінансавых сродкаў для таго, каб навесці парадак на сваіх тэрыторыях. Канечне, можна ўпэўнена сказаць, што многае прыбрана, і  вёскі, сапраўды, папрыгажэлі. Аднак любыя недапрацоўкі на агульным пазітыўным фоне яшчэ больш прыметныя. Гэта ўсё роўна, як апрануць стаптаныя туфлі з прыгожай сукенкай.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *