Докшичанка Инна Ботяновская признана лучшей футболисткой Беларуси

– Мы хочам займацца футболам! – сказалі дзве дзяўчынкі-другакласніцы, прыйшоўшы  на школьную футбольную секцыю.

– Прабачце, мілыя, аднак гэта занятак для хлопчыкаў, – адказаў трэнер.

Дзяўчынкі асабліва не засмуціліся і нават забыліся пра сваё жаданне. Лёс жа паступіў па-іншаму. Праз шмат год адна з гэтых дзяўчынак стала лепшай футбалісткай у рэспубліцы. Дакшычанка Іна Бацяноўская, варатар жаночай каманды футбольнага клуба “Мінск” і нацыянальнай зборнай Беларусі, напрыканцы 2012 года атрымала гэта ганаровае званне.

З дзяцінства Іна была прыхільніцай спорту. Калі вучылася ў Докшыцкай школы № 1, з пятага класа пачала займацца лёгкай атлетыкай. Дырэктар ДзЮСШ Уладзімір Каляга памятае яе гучныя перамогі. Неаднаразова яго выхаванка займала першыя месцы ў вобласці па скачках увышыню, выходзіла ў прызёры на рэспубліканскіх спаборніцтвах. Ніхто не здзівіўся, калі пасля заканчэння школы Іна абрала спартыўную прафесію і з лёгкасцю паступіла ў Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава на факультэт фізічнага выхавання.

– Футбол у маім жыцці з’явіўся выпадкова, – расказвае Іна. – Ва ўніверсітэце быў такі прадмет “Спартыўныя гульні. Футбол”. Я разам з усімі здавала нарматывы. Выкладчык адзначыў мае здольнасці і прапанаваў пагуляць у жаночай футбольнай камандзе ўніверсітэта. Спроба ўдалася, – усміхаецца дзяўчына.

Пачынала футбалістка нападаючай, але хутка стала  на вароты. У Іны ёсць рэдкая сукупнасць важных для галкіпера якасцяў: скакучасць, рэакцыя, уменне гуляць на выхадах, бачанне поля і прадчуванне. Праз тры гады яе запрасілі ў нацыянальную зборную Беларусі.  Са сваёй камандай Іна аб’ехала амаль усю Еўропу. З якой бы нацыянальнай  зборнай спартсменкі ні гулялі,  заўсёды іх лічылі грознымі сапернікамі. Трапіць у вароты, на якіх стаіць Іна, часцей можна толькі выпадкова. Каманда ўніверсітэта выступала ў ліге чэмпіёнаў, з’яўляецца шасцікратнай чэмпіёнкай Беларусі, уладальніцай Кубка Рэспублікі.

Пасля заканчэння ўніверсітэта з футболам Іна не развіталася. Яшчэ чатыры гады гуляла ў Віцебскай камандзе. Пасля змяніла клубную прапіску. Хоць варыянтаў было шмат, згадзілася на прапанову пайсці працаваць у ФК “Мінск”. Калі прыязджала да бацькоў у Докшыцы, дзяўчына  расказала, што ў Мінскім футбольным клубе яна ўжо два гады.  Яе ўсё задавальняе. І пакуль у яе няма сям’і, большую частку часу аддае футболу.  Жыве трэніроўкамі і поспехамі каманды. А іх нямала. Нядаўна зборная Беларусі прайшла адборачны матч жаночага Чэмпіянату Еўропы 2013 года, абыграўшы эстонак з лікам 4:2.

Асабістая прафесійная ўзнагарода ў Іны не першая. Два гады таму ёй  было ўжо прысуджана званне лепшага варатара Беларусі. Зараз яна займела і тытул  лепшай футбалісткі краіны.

Адзін з расійскіх футбольных клубаў зацікаўлены ў нашым тытулованым галкіперы. Іне далі час падумаць. Яна запэўніла ў тым, што пакуль не збіраецца пакідаць родных варот. Таму па-ранейшаму застаецца прыгожай і абаяльнай гаспадыняй нацыянальнага футбольнага поля.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: Іна Бацяноўская на цырымоніі ўзнагароджання.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *