В тепле и на свежем воздухе растут дети в деревне Глинное Докшицкого района

Самастойныя дзіцячыя садкі з’ява ўжо рэдкая ў сельскай мясцовасці. Па прычыне нешматлікасці дзяцей іх аб’ядноўваюць са школамі. Магчыма, што праз пару гадоў такі лёс чакае і Глінскі дзіцячы садок, а пакуль у ім выхоўваецца 17 дзетак, амаль столькі ж гадуецца дома з матулямі. Падрастуць і таксама стануць выхаванцамі садка.

Бацькі з задавальненнем аддаюць у гэтую ўстанову сваіх дзяцей. Некаторыя з іх і самі ў ёй выраслі. І заўсёды тут было гэтак жа як і зараз: цёпла, чыста, утульна. У гульнявых пакоях шмат цацак, розных рэчаў для сюжэтна-ролевых гульняў, дыдактычнага матэрыялу. З кухні заўсёды смачна пахне, таму рэдка якое дзіця не з’ядае страву, што прыгатавалі ўмелыя рукі кухара Людмілы Шульгат.

Падтрымлівае садок у належным стане згуртаваны калектыў разам з загадчыцай Зояй Зімніцкай. Працоўны стаж у Зоі Вікенцьеўны ўжо набліжаецца да 40 год і ўвесь гэты час яна працуе ў Глінным. Больш чым 20-гадовы педагагічны вопыт маюць і выхавацелі Вольга Чарвінская, Святлана Касцюк. Дзякуючы старанням загадчыцы, ва ўстанове пануе амаль што сямейная атмасфера. Работнікі садка ўсе разам робяць касметычны рамонт, каб надаць старому будынку больш прываблівы выгляд. Гэтак жа дружна садзяць гарод, самі яго полюць, а восенню збіраюць ураджай. Дзякуючы гаспадарскаму падыходу і працавітасці, у меню садка прысутнічае ўласная гародніна, а накапанай бульбы хапае і на продаж. Атрыманыя за яе грошы з’яўляюцца добрай падмогай у паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Дзеці з задавальненнем наведваюць садок, бо іх тут любяць і робяць усё магчымае для ўсебаковага развіцця маленькага чалавека.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: выхаванцы садка на прагулцы; загадчыца Глінскага садка З.В. Зімніцкая; кухар Л.А. Шульгат.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *