Докшицкий предприниматель открыл Дом отдыха на усадьбе своих предков

мис 016

Прадпрымальнік Мікалай Васько адкрыў Дом адпачынку на спадчыннай сядзібе.

– Гэта дом майго дзеда, – пачынае экскурсію Мікалай Аляксандравіч. – Ён доўга стаяў пустым. Пачаў старэць. Але драўляны зруб заставаўся моцным. Былі прапановы прадаць гэту сядзібу, але сэрца не дазваляла. Я любіў сюды наведвацца, успамінаць дзяцінства, супакойваць душу. Так, у адзін з прыездаў два гады таму мне прыйшла ідэя зрабіць у гэтым маляўнічым месцы базу для адпачынку. Адразу з’явілася ўпэўненасць, што ўсё атрымаецца, нібы сам дзед падтрымаў маю задуму. Ён быў яшчэ тым фантазёрам!

Усе родныя адобрылі рашэнне. Жонка Ірына прапанавала сваю дапамогу ва ўвасабленні мужавай мары. Гэта надало імпэту. Заняліся рэканструкцыяй будынка, добраўпарадкаваннем. Дом адпачынку абуладкавалі ў гасцінічным тыпе. Тут ёсць тры трохмесныя нумары і адзін люксавы для дваіх, прасторная банкетная зала на 25 месцаў з танцпляцоўкай і музычным абсталяваннем, сауна, вялікая сучасная кухня, памяшканне для адпачынку, пакой для адміністратара, санвузел з душавой кабінкай. Усюды прыгожа і па-дамашняму ўтульна: разасланы дываны, стаяць кветкі, сцены ўпрыгожаны карцінамі і габеленамі. Ёсць неабходная мэбля, бытавая тэхніка і інвентар. А галоўнае – неверагодная энергетыка спакою і камфорту.

– Тут паветра такое – не адаспацца, – запэўнівае Мікалай Аляксандравіч.

– Зімой у памяшканні цёпла, летам – прахалода. На тэрыторыі сядзібы знайшлі лішайнік, які расце толькі ў экалагічна чыстых месцах. Дзіўна, але нягледзячы на тое, што побач возера, тут няма камароў! Назву “Папараць-кветка” выбралі не выпадкова: у гэтых мясцінах папараці расце шмат. Тым больш, здаўна вядома, што таму, хто датыкнецца да гэтай квітнеючай расліны, заўсёды будзе спадарожнічаць шчасце, здароўе і поспех, – расказвае гаспадар.

За тры месяцы да адкрыцця базу адпачынку пусцілі ў пробны пракат. І хоць працавала яна не ў поўную моц, прынесла прыбытку ў 28 мільёнаў рублёў. Адміністратар Валянціна Касцюк выдатна справілася са сваімі абавязкамі. Сюды прыязджалі сталічныя госці, камандзіровачныя. Яны пакідалі найлепшыя водгукі, казалі, што тут выдатна можна адпачыць ад гарадской мітусні, узнавіць сілы. Ім падабаліся ўмовы пражывання і мясцовыя краявіды. Прываблівала рыбакоў возера, багатае на шчупака, карпа, таўсталобіка і белага амура.

мис 022

Афіцыйнае адкрыццё Дома адпачынку адбылося на мінулым тыдні, у чацвер. На ўрачыстае мерапрыемства сабраліся родныя Мікалая Васько: жонка, бацька, брат. Прыехала кіраўніцтва раёна – старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Сівіцкая, першы намеснік старшыні райвыканкама Наталля Бортнік, намеснікі старшыні райвыканкама Аляксей Місачэнка, Валянціна Рандарэвіч, дырэктар РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Аляксандр Хілько і дырэктар ААТ “Таргуны” Аляксандр Тулоўскі. Работнікі гарадскога Цэнтра культуры сустракалі гасцей у нацыянальных касцюмах.

Чырвоную стужачку перарэзалі Валянціна Уладзіміраўна і гаспадар сядзібы Мікалай Аляксандравіч. Пасля чаго ўсіх шчыра запрасілі ацаніць камфартабельнасць новага Дома адпачынку. Госці былі ўражаны ўбачаным. Шчыра дзякавалі прадпрымальніку за развіццё аграэкатурызму ў нашым раёне і выказвалі ўпэўненасць, што новая сядзіба для адпачынку будзе запатрабаванай ва ўсе сезоны. Мікалай Аляксандравіч дзяліўся з прысутнымі сваімі далейшымі планамі.

– Пазней хачу пабудаваць трэнажорную і більярдную залы, пашырыць пляцоўку для паркоўкі. На вуліцы ля грушы, якую, дарэчы, садзіў мой дзед, планую зрабіць месца для кемпінгу. Калі дапаможа раённае кіраўніцтва, гатовы акультурыць і падтрымліваць у чысціні пляж ля возера: паставіць шэзлонгі, альтанкі, раздзявальні і ўсё неабходнае. Тут можна будзе праводзіць уік-энд не толькі прабывальнікам Дома адпачынку, але і ўсім жадаючым, – гаварыў Мікалай Васько.

мис 023

На сённяшні дзень усе нумары ў “Папараць-кветцы” занятыя. Браніраваць іх трэба загадзя. Нядаўна зацверджаны сайт www.paparats-kvetka.deal.by, дзе ёсць усе неабходныя звесткі пра камайскую аграэкасядзібу і кантактная інфармацыя.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКАХ:
1. Мікалай Васько расказвае кіраўнікам раёна пра свае далейшыя планы. 2. Кухня. 3. Нумар “Люкс”.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *