Ирина Гущик получила звание лучшей медсестры Докшицкой ЦРБ

IMG_4579

Ірына Гушчык (у дзявоцтве Модаль) па выніках мінулага года атрымала званне лепшай медыцынскай сястры цэнтральнай раённай бальніцы. Сваю працоўную біяграфію яна пачала ўжо ў далёкім 1991 годзе. А выбрала прафесію выпадкова. Марыла стаць настаўніцай. Ды, кажуць, маладосць – дурносць. Сяброўка паступала ў медвучылішча і “пацягнула” за сабой яе. Ірына ў той час на першае месца ставіла вернасць, сяброўства, стойкасць… Паколькі аднадумцамі дзяўчаты былі ў многім – трэба быць аднадумцамі і ў прафесійным плане, так вырашыла Ірына.

Зараз Ірына сама здзіўляецца, як выпадкова выбраная жыццёвая дарога стала ўдачнай, любімай і шчаслівай. І гэта пры тым, што не ўсё ў жыцці сталася так, як хацелася. Яшчэ ў вучылішчы, Ірына супакойвала сябе тым, што пасля яго заканчэння паступіць у медінстытут і стане доктарам. Ды здарылася непрадбачанае: загінуў у дарожнай аварыі яе бацька. Малодшая сястра Алена тады вучылася ў педуніверсітэце. Даць вышэйшую адукацыю дзвюм дочкам адной маці было складана, лічы, немагчыма. Ірына зноў ахвяравала сабой, цяпер ужо дзеля сястры, і пасля заканчэння Барысаўскага медвучылішча фельчар Модаль уладкавалася ў Бягомльскую бальніцу на “хуткую дапамогу”.

Першы рабочы дзень не сціраюць дзясяцігоддзі. Трэба было зняць прыступ бранхіяльнай астмы. Новаспечаны выратавальнік набрала ў шпрыцы прэпараты, як была навучана ў вучылішчы, і з дрыжыкамі ў грудзях стала рабіць ін’екцыі адну за другой. Зараз, упэўнена Ірына, яна спакойна б увяла праднізалон і эўфілін. Як ні кажы, а вопыт і практыка многае значаць у кожнай прафесіі.

Ірына Паўлаўна, як часта называюць медсястру пацыенты тэрапеўтычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы, па волі лёсу паспрабавала сябе ў рознай спецыфіцы медыцынскай прафесіі. Пасля “хуткай дапамогі” ў Бягомлі і Докшыцах яна працавала медсястрой у рэанімацыі. Пад кіраўніцтвам рэаніматолагаў Аляксандра Пашкевіча, Анхеля Рэверы, Сяргея Кубара, Ігара Стадольніка яна навучылася хутка і дакладна выконваць складаныя працэдуры, без прамаруджвання ўнутрывенна ўводзіць ін’екцыі – ратаваць чалавека ад вернай смерці. Гэта, як і ўменне сканцэнтраваць свае сілы, не разгубіцца, валодаць сваімі эмоцыямі, быць у складанай сітуацыі ўпэўненай у сабе дапамагаюць на высокім прафесійным узроўні спраўляцца з абавязкамі дзяжурнай медсястры і тэрапеўтычнага аддзялення. Тут яна працуе ўжо 14 гадоў.

Яе лёгкая і хуткая паходка, прыемная ўсмешка пры сустрэчы з хворым выклікаюць прыхільнасць і павагу, удзячнасць і веру ў тое, што нічога дрэннага не здарыцца, пакуль ёсць такія медработнікі, як Гушчык. Высокая, стройная, з коласам светла-русых валасоў і правільнымі рысамі твару маладая жанчына нагадвае мадэль на подыуме. І гэта “мадэль” – адна з тых, хто стаіць на варце самага дарагога – здароўя і жыцця чалавека.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: Ірына Гушчык пасля ўручэння граматы і атрымання звання лепшай медсястры Докшыцкай ЦРБ.

Фота В. Чарвінскага.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *