В Докшицах навыки спасателя приобретают уже в школе

P1060658

На адным з мерапрыемстваў, якія праходзяць у школе з удзелам бацькоў, давялося пачуць ад вучняў малодшых класаў, кім яны мараць стаць у будучым. Жаданні былі розныя, некаторыя па-дзіцячаму наіўныя. Але асабліва прыемна было чуць, што з дваццаці школьнікаў пяць ці шэсць жадаюць стаць выратавальнікамі.

Прафесія выратавальніка нялёгкая, але цікавая і прэстыжная, а галоўнае – патрэбная. Ва ўсім свеце гэтыя мужныя людзі прыходзяць на дапамогу ў самых складаных жыццёвых сітуацыях. Толькі стаць прафесійным выратавальнікам можна пасля 18 гадоў, хаця паспрабаваць адчуць сябе ім можна і ў школьным узросце, не чакаючы паўналецця. Для гэтага трэба стаць членам клуба “Юны выратавальнік”. Такія клубы дзейнічаюць практычна ва ўсіх школах раёна.

У Сітцаўскай СШ юныя выратавальнікі – гэта 12 хлопчыкаў і дзяўчынак з 6-10 класаў, якія асвойваюць асновы выратавальнай справы. Галоўнымі задачамі клуба з’яўляюцца ваенна-патрыятычнае выхаванне падлеткаў і моладзі на прынцыпах узаемадапамогі, высакароднасці, любові да людзей і прыроды, далучэння іх да пытанняў асабістай і калектыўнай бяспекі. Кожны навучэнец валодае практычнымі навыкамі аказання сама- і ўзаемадапамогі ў надзвычайных сітуацыях, умее карыстацца сродкамі абароны. Кіраўнік гуртка педагог-арганізатар Майя Ючкавіч далучае сваіх выхаванцаў да здаровага ладу жыцця праз правядзенне розных трэніровак у форме злётаў і спаборніцтваў па замацаванні навыкаў паводзін у экстрэмальных сітуацыях.

Асабліва падлеткам падабаюцца асабістыя сустрэчы з супрацоўнікамі аддзела па надзвычайных сітуацыях. Апошняя з іх адбылася ў пажарнай часці ў Докшыцах 19 лютага (на здымку), у дзень, калі выратавальнікі адзначалі сваё прафесійнае свята. Падчас экскурсіі дзеці пачулі працоўныя гісторыі пажарных, прымерылі на сябе іх форменнае абмундзіраванне, якое яны апранаюць перад выездам на пажар і нават пасядзелі за рулём спецмашын.

– Асноўныя правілы паводзін пры надзвычайных сітуацыях ведаюць усе вучні нашай школы з урокаў АБЖ, – адзначае Майя Іосіфаўна. – Гэтай тэматыцы прысвячаюцца пазакласныя гадзіны, спартыўныя мерапрыемствы, трансліруюцца кіналекторыі. Супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях выступаюць як перад школьнікамі, так і перад іх бацькамі на бацькоўскіх сходах. Размешчаны і пастаянна абнаўляецца стэнд “Юны выратавальнік”. Зусім нядаўна дзеці падрыхтавалі свае работы да раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Выратавальнік вачамі дзіцяці”. Сваімі рукамі яны сканструявалі мадэль пажарнай машыны, напісалі тэматычныя вершы, казкі, падрыхтавалі малюнкі.

Вельмі адказна хлопчыкі і дзяўчынкі з Сітцаўскай школы адносяцца да навучальных трывожных мерапрыемстваў, якія праводзяцца тут як мінімум два разы ў год. Кожны вучань ведае, што тры званкі – гэта знак эвакуацыі. У большасці іх любяць таму, што гучаць яны падчас заняткаў, а гэта значыць, што на хвілін 15 урок становіцца карацейшым.

Таццяна СЛАВІНА.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *