В Докшицах родились — здесь же и пригодились

Працоўная дынастыя жывёлаводаў ДП “АграСітцы” пачала свой адлік з Аліны Вацлаваўны Дземянковай. Родам яна з Парэчча. Пасля заканчэння Смальянскага саўгаса-тэхнікума стала працаваць брыгадзірам на Дубровеншчыне, але па сямейных абставінах павінна была вярнуцца ў свой раён. Пэўны час працавала рахункаводам. Затым узяла пад кіраўніцтва малочнатаварную ферму “Лісавічы” і працавала там 25 гадоў. Два з якіх ужо пасля таго, як пайшла па ўзросту на пенсію.

Калектыў старанных жывёлаводаў пастаянна трымаў лідарства ў тагачасным саўгасе “Сітцы”. Неаднойчы выходзіў у пераможцы абласнога спаборніцтва. З душой адносіліся да справы даяркі і цялятніцы разам з брыгадзірам. Не дзялілі справу на “маю” і “не маю” – ішлі на вынік.

Нельга не адзначыць той факт, што ў падпарадкаванні Аліны Дземянковай пэўны час былі сваякі. Першай памочніцай і апорай у справе стала сястра  Валянціна Літвінава. Яна працавала даяркай, а муж Аляксандр быў слесарам. Затым у агульную справу ўключылася дачка Літвінавых, таксама Валянціна – родная пляменніца Дземянковай. У той час падраслі і свае дочкі. Спачатку пайшла на падмену дачка Таццяна, а затым – і Ірына. А там і не заўважылі, як уцягнуліся ў працу. Дзяўчаты рана выйшлі замуж, спачатку папрацавалі нейкі час паштальёнамі, але затым карэнным чынам памянялі род дзейнасці. Абедзве сталі аператарамі машыннага даення. Зараз на ферме ў Лісавічах няма дойнага статка, а таму Таццяну ўвялі ў калектыў жывёлаводаў МТФ “Курдзекі”. Ірына, якая з мужам атрымала жыллё ў Сітцах, працуе аператарам машыннага даення на ферме “Пліскі”. Дарэчы, другія палавінкі дачок – зяці Анатоль і Ігар – таксама працуюць у жывёлагадоўлі.  І, па словах кіраўніцтва дзяржпрадпрыемства, не ствараюць ніякіх праблем, а толькі заслугоўваюць словы падзякі. Працуюць умела, самааддана.

Лёс дачок, як бачна, быў наканаваны быць добрым. Матуля  ганарыцца імі, цешыцца ўнукамі. Дарэчы, з пяцярых толькі адна дзяўчынка – Наталачка, якая ў бабулі заўсёды на вачах. Справа ў тым, што службовае жыллё Таццяны і Анатоля Вахавічаў знаходзіцца пад адным дахам з маці. У Лісавічах двухкватэрны саўгасны дом аддадзены жывёлаводам з сям’і Дземянковых. З аднаго боку жыве Вацлаваўна з састарэлай маці, з другога – дачка з мужам і дзецьмі. Наталля, між іншым, вучыцца ў 10-м класе Сітцаўскай школы і марыць набыць прафесію аграрніка. Каб вызначыць дакладна свой жыццёвы шлях, у яе пакуль ёсць час. Але ёсць і ўпэўненасць, што вясковая дзяўчына з працавітай сям’і не спужаецца працы ў сельскагаспадарчай вытворчасці.

А што тычыцца Аліны Вацлаваўны, то жанчына не згубіла інтарэс да жыцця. Яна па-ранейшаму жвавая і энергічная. Трымае на падворку дамашнюю жыўнасць, працуе на агародзе. Але найбольшае задавальненне атрымлівае ад вырошчвання кветак. Іх шмат у хаце: на стале, падлозе, падаконніках. А з вясны да позняй восені дом Дземянковай можна лёгка знайсці ў вёсцы па мноству кветак ля яе дома.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Аліна Дземянкова, яе дачка Таццяна Вахавіч і ўнучка Наталля.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *