Детское отделение Докшицкой ЦРБ называют «солнечной страной»

017

Белыя халаты – і вечныя салдаты, – так характарызуе работу медперсаналу дзіцячага аддзялення ўрач-педыятр ЦРБ Святлана Шохава, якая працуе ў Докшыцах у педыятрычным аддзяленні 20 гадоў і сумяшчае работу неанаталага ў раддоме. Яна расказвае:

– Тут сабраліся тыя, хто прыйшоў у прафесію па прызванні. Працаваць з маленькімі і хворымі дзеткамі могуць толькі вельмі чулыя і спагадлівыя людзі. Менавіта ад іх у многім залежыць стан здароўя дзяцей, хуткае іх выздараўленне. Напрыклад, старшай медсястрой на працягу 25-ці гадоў працуе Ларыса Кроп. Вельмі адказны і высокі на прафесійным узроўні медык. Яе любяць і дзеці, і бацькі. А яна аднолькава з любоўю ставіцца да кожнага з іх.

Складана вызначыць лепшую з кагорты дзяжурных медсясцёр. Іх на пасту ў нас чацвёра. Праўда, у мінулым годзе працавала трое: Вераніка Шынгарова, Аксана Радзькавіч і Жанна Машынская, бо адна з іх – Вольга Церах – папраўляла дэмаграфічнае становішча раёна – пасля родаў знаходзілася ў водпуску па догляду за дзіцем.

Медыцынскія сёстры аддзялення ў дасканаласці валодаюць катэтарызацыяй пераферычных вен, праводзяць інфузійную і небулайзерную тэрапію, выходжваюць дзяцей, якія, іншы раз бывае і такое, засталіся без бацькоўскай апекі, купаюць, пелянаюць, рыхтуюць дзіцячыя малочныя сумесі, а яшчэ выхоўваюць і замяшчаюць бацькоў. Бясцэнную дапамогу ў гэтых справах аказвае малодшы медыцынскі персанал: Вольга Махонь, Тэрэза Цяліца, Наталля Курносава, Наталля Кішэня.

Супрацоўнікі нашага аддзялення актыўна ўдзельнічаюць у прапагандзе здаровага ладу жыцця, груднога кармлення немаўлят. У аддзяленні дзейнічае “Школа здароўя”, дзе ёсць магчымасць атрымаць навыкі ў прафілактыцы захворванняў, аказанні сама- і ўзаемадапамогі пры траўмах, атручванні, а таксама ў перыяд крытычнага стану хворага.

Нельга не адзначыць работу сястры-гаспадыні Алены Чуро. Гэта майстар залатыя рукі, якая дапамагае рабіць касметычны рамонт у памяшканні і добраўпарадкоўвае прылягаючую тэрыторыю. Па яе ініцыятыве і з непасрэдным удзелам праводзяцца навагоднія святы. Дзякуючы ёй у аддзяленні з’явілася вясёлка: усе палаты пафарбаваны ў сем яе колераў. Пералічанае стварае пэўны камфорт і паляпшае настрой часовых насельнікаў аддзялення. Нездарма яго іншы раз называюць сонечнай краінай.

Работа дзіцячага аддзялення неаднаразова была высока адзначана. Вось і сёлета па выніках 2012 года яно прызнана лепшым сярод аддзяленняў ЦРБ.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ. 

НА ЗДЫМКУ: старшая медсястра Ларыса Кроп і педыятр Святлана Шохава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *