Докшицкому Дому ремёсел исполнилось 20 лет

P1270966

На тым месцы, дзе сёння стаіць Дом рамёстваў, шмат гадоў таму была царква Іаана Багаслова. У сярэдзіне 60-х гадоў яе закрылі і памяшканне спачатку аддалі пад бібліятэку, а затым – пад мастацкія майстэрні. Цяперашнія работнікі Дома рамёстваў знаходзяцца пад надзейнай аховай анёла, які, як высветлілася ў час касметычнага рамонту памяшкання, паказаўся ў расплыўчатым вобразе на сцяне.

Мабыць, таму людзі, якія тут працуюць на працягу 20 гадоў, ствараюць сапраўдныя цуды і вучаць гэтаму іншых. Напрыклад, Аляксандр Вішнеўскі – таленавіты мастак, кераміст, ганчар. У яго цікавая спачыннасць. Сын вядомага ў раёне і за яго межамі фатографа і адмысловага мастака, які асабліва вызначаўся ў пісанні партрэтаў (два з іх знаходзяцца ў Нацыянальным музеі), пасля вучобы на мастацка-графічным аддзяленні Віцебскага педінстытута пэўны час аддаваў сябе жывапісу, але па-сапраўднаму захапіўся ганчарствам. І ў гэтай справе ён атрымаў вялікі поспех. Невыпадкова гліняныя вырабы Вішнеўскага многія прымаюць за старажытныя, сярэднявеччыя. Работы Аляксандра Сяргеевіча сталі ўпрыгожаннем розных фестываляў і конкурсаў, заўсёды выстаўляюцца ў Горадзе майстроў на “Славянскім базары” ў Віцебску.

Усе метадысты-майстры Дома рамёстваў, а гэта ў асноўным жанчыны, людзі творчыя і адароныя. Таццяна Марціновіч і Наталля Пятровіч з’яўляюцца членамі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. Наталля ў 2005 годзе, а Таццяна ў 2009-м былі ўладальніцамі стыпендыі гэтага саюза. Яны станавіліся пераможцамі конкурсаў у намінацыі “Лепшы майстар традыцыйных рамёстваў”, узнагароджваліся за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва. Таццяна Марціновіч удзельнічала ў Днях беларускай культуры ў Арменіі. У Ерэване яна выстаўляла свае работы, праводзіла майстар-класы.

Марціновіч лічыцца ўнікальным майстрам саломапляцення. Працуе ў розных жанрах і накірунках і можа ствараць цуды з “сялянскага золата”, як іншы раз называюць саломку. Яна пляце фантастычныя папараць-кветкі, шляпы, пано… Мастацтвазнаўцы лічаць саломапляценне феноменам. Рамяство гэта старажытнае, звязанае з хлебам. На думку майстроў, гэты від народнай творчасці будзе існаваць столькі, колькі будзе жыць сама краіна.

Выдатная ткачыха і вышывальшчыца Наталля Пятровіч. Яна тчэ ручнікі і сурвэткі з арнаментам, які прысутны толькі дадзенаму краю. Займаецца таксама рэканструкцыяй і ўпрыгожваннем сукенак і мужчынскіх кашуль.

Цудоўным майстрам па лозапляценні з’яўляецца Таццяна Гаварцова, якая неаднойчы выходзіла ў пераможцы на розных конкурсах. Тыпова народным з’яўляецца выраб розных рэчаў з такога даступнага таннага і, на першы погляд, зусім “немастацкага” матэрыялу, як лаза. Традыцыі лозапляцення, практычна не перапыняючыся, працягваюцца і сёння, хоць у сваім натуральным выглядзе рамяство бытуе не так шырока, як раней.

Чатыры гады ўзначальвае Дом рамёстваў майстар па саломапляценні Іна Карпека. У свой час яна закончыла Мірскае рэстаўрацыйна-мастацкае вучылішча і нават прымала ўдзел у рэстаўрацыі Мірскага замка. На конкурсе “Папараць-кветка” выйшла ў пераможцы.

Майстры Дома рамёстваў прывезлі ў раён з розных конкурсаў і фестываляў 125 дыпломаў, якія сведчаць аб іх таленце і вялікіх навыках. Сёлета іх работы будуць выстаўлены ў абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці.

Метадысты-майстры маюць сваіх вучняў, даюць майстар-класы, шмат робяць для таго, каб старадаўняя народная творчасць не знікла з поля зроку, не перарвалася сувязь часоў, сувязь з продкамі. Беларускі пісьменнік Алесь Разанаў напісаў: “У рэчах назапашваецца рэха чалавечых думак, зарокаў і адрачэнняў. З рэчаў, як выява іхняй спрадвечнай і таямнічай моцы, узнікае – цар”. І каб гэтаму “цару” была магчымасць разгарнуцца, запланавана стварыць практычна ва ўсіх аграгарадках філіялы Дома рамёстваў. Пакуль што дзейнічае толькі адзін у Крулеўшчыне.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: калектыў Дома рамёстваў (злева направа) Іна Карпека, Таццяна Гаварцова, Аляксандр Вішнеўскі, Таццяна Марціновіч і Наталля Пятровіч.

Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *