Эканомце электраэнергію і разлічвайцеся за яе своечасова


6a00d8341e70ae53ef01310fbe5e28970c-800wi

Як ужо вядома, з 1 лютага гэтага года ў Беларусі ўведзена дыферэнцыраваная аплата за электраэнергію і газазабеспячэнне. У нашай газеце было змешчана паведамленне аб трохступеньчатай сістэме тарыфаў у залежнасці ад аб’ёмаў спажывання электрычнай энергіі.Тым спажыўцам, якія заўсёды ашчадна адносяцца да якіх бы то ні было рэсурсаў, не дапускаюць лішняй траты грошай, сочаць, каб у пакоях, дзе ў дадзены час ніхто не знаходзіцца, было выключана святло, хвалявацца няма чаго: розніца ў аплаце за выкарыстаную электраэнергію з той, якая была да гэтага, будзе нязначнай.

Складаней прыйдзецца тым грамадзянам, якія несвоечасова аплачваюць паслугі па электразабеспячэнні. Нельга забывацца, што аплату за спажытыя кілаваты за дадзены месяц трэба абавязкова зрабіць да 25 чысла наступнага месяца. Тыя, хто не разлічыўся з энергазбытам за выкарыстаную электрычную энергію своечасова і мае запазычанасць за папярэдні месяц, павінны будуць рабіць аплату па новых тарыфах і згодна з устаноўленымі лімітамі.

— А такія даўжнікі ў раёне ёсць, – гаворыць тэхнік раённага ўчастка энергазбыту Алена Анатольеўна Чачуковіч. – Гэта Л.І. Каляга з вёскі Камайск (запазычанасць 306 кВт/гадз.); А.Г. Кубельнік з вёскі Гліннае (запазычанасць 1977 кВт/гадз.). Сістэматычна недаплачвае і мае запазычанасць пры кожным абходзе кантралёра жыхарка г.п. Бягомль Людміла Міхайлаўна Гушчына.

Асобна энергазбыт звяртаецца да спажыўцоў з ліку шматдзетных сем’яў; сем’яў, у якіх абодва бацькі ў поўнай сям’і або адзін у няпоўнай з’яўляюцца інвалідамі першай і другой груп, а таксама ў якіх адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам першай групы, а другі ажыццяўляе догляд яго і атрымлівае дапамогу, прадугледжаную заканадаўствам; няпоўных сем’яў, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід. Усім вышэй указаным грамадзянам пры аплаце за электраэнергію ў сакавіку трэба звярнуць увагу на квітанцыю па аплаце. У выпадку рознагалосся звяртайцеся, калі ласка, у Докшыцкі ўчастак энергазбыту па адрасе г. Докшыцы, вул. Кастрычніцкая, 13 або тэлефануйце на нумар 2-13-63.

Падрыхтавала  Таццяна Падбярэзкая.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *