Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак

Герой вядомай казкі Антуана де Сэнт-Экзюперы сказаў: “Існуе такое цвёрдае правіла: прачнуўся раніцай, памыўся, прывёў у парадак сябе і адразу ж прывядзі ў парадак сваю планету…”. Калі б кожны з нас прытрымліваўся гэтага правіла, то экалагічных праблем на планеце Зямля было б значна менш. А пачынаць неабходна з малога – свайго пакоя, дома, двара, вуліцы, месца вучобы, працы.

У 2012 годзе ГА “БРСМ” і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя РБ аб’явілі рэспубліканскую акцыю “Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак”. Конкурс штогод праводзіцца з мэтай прыцягнення моладзі да ўдзелу ў мерапрыемствах па добраўпарадкаванні помнікаў воінскай славы, месцаў масавых пахаванняў, тэрыторый населеных пунктаў, месцаў масавага адпачынку, водаахоўных зон і прыбярэжных палос водных аб’ектаў, паркаў, аб’ектаў культурна-гістарычнай і духоўнай спадчыны, а таксама патрыятычнага, экалагічнага, маральнага і духоўнага выхавання моладзі.

Акрамя таго, што актыўны ўдзел у акцыі прымаюць валанцёры БРСМ, да яе далучыліся і школьнікі раёна. Больш за тое, па выніках некаторых намінацый конкурсу шэраг устаноў адукацыі сталі яго дыпламантамі. Сярод іх – Янкаўская дзіцячы сад-базавая школа і Гняздзілаўская дзіцячы сад-базавая школа.

– Адным з прыярытэтных напрамкаў маральнага выхавання падрастаючага пакалення з’яўляецца прывіванне ім з маленства любові да прыгажосці. У нашай установе адукацыі надзяляюць гэтаму вялікую ўвагу, і перш за ўсё, праз шанаванне дзецьмі прыроды і ўсяго жывога, – адзначае дырэктар школы ў в. Янкі Валянціна Лукашэвіч. – Вясной, летам і восенню рукамі дзяцей і настаўнікаў наша тэрыторыя ператвараецца ў сапраўдны кветкавы аазіс.

Але асноўная частка вучнёўскага жыцця праходзіць у класах, а таму асноўным кампанентам школьнага кабінета з’яўляюцца пакаёвыя расліны. Яны не толькі ўпрыгожваюць памяшканне, але і ствараюць у іх утульнасць. У Янкаўскай школе пакаёвых раслін і кветак самых розных памераў вельмі многа. Яны тут паўсюдна: у класах, у калідорах, у сталовай. Акрамя ўтульнасці, якую надаюць расліны, яны, падобна фільтру, чысцяць паветра ад пылу і шкодных газаў. Даглядаюць іх настаўнікі разам з вучнямі (апошнія тым самым засвойваюць на практыцы тэорыю па біялогіі).

У намінацыі “Лепшая ландшафтная кампазіцыя” УА “Янкаўская дзіцячы сад-базавая школа” заняла 1 месца ў раёне і 2-ое — у вобласці.

Смелыя рашэнні ў ландшафтных кампазіцыях прымаюць у Гняздзілаўскай школе. У мінулым годзе вучні разам з настаўнікамі вырашылі на сваім прышкольным участку сканструяваць дэкаратыўны мосцік (на здымку). І ў іх атрымалася. Зараз для вучняў гэта амаль самае любімае месца, дзе можна не толькі сфатаграфавацца, але і адпачыць, а летам – пачытаць кнігу.

Энтузіязм і выдумка вучняў школы Надзеі і Маргарыты Ламановіч, Яўгена Ярашэвіча, Максіма Калягі і Аляксандра Зімніка, а таксама настаўнікаў С.І. Майсіевіча, С.Р. Пашкевіча і дырэктара школы Т.І. Ярашэвіч была высока ацэнена не толькі ў раёне, але і ў вобласці. У намінацыі “Ландшафтны дызайн” яны атрымалі 3 месца.

Таццяна СЛАВІНА.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *