З ртуццю не жартуюць або Куды здаць лямпачку?

Фото0564

У шэрагу пераваг энергазберагальных лямп, лічыцца адзін важкі недахоп, які немагчыма аспрэчыць: у іх утрымліваецца ртуць. Гэта ядавітае рэчыва вельмі небяспечнае для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя. Таму такія лямпы, ды і любыя ртуцьутрымальныя адходы, нельга выкідваць у звычайны кантэйнер для смецця.

– Наколькі небяспечная адпрацаваная энергазберагальная лямпа? – запыталіся мы ў начальніка раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктара Апанасевіча.

– З ртуццю жартаваць нельга, – адказвае Віктар Ільіч. – Гэты вадкі метал адносіцца да 1-га класа небяспечнасці. Пары ртуці хоць і не забіваюць імгненна, але з арганізма практычна не выводзяцца і назапашваюцца. А потым шкодна ўздзейнічаюць на арганізм, асабліва на нервовую і сардэчна-сасудзістую сістэмы. У стандартнай энергазберагальнай лямпе ўтрымліваецца ад 3 да 5 міліграмаў ртуці. Гэта адносна нямнога, аднак пры пашкоджанні такой лямпы, пагроза ўзнікае.

Эколагі сцвярджаюць, што ртуць, трапляючы на сметнік, пачынае атручваць глебу і атмасферу. Таму неабходнасць яе асобнага збору і захавання відавочная.

У жніўні мінулага года распараджэннем райвыканкама РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” было даручана стварыць на тэрыторыі прадпрыемства пункт прыёму і захавання ртуцьутрымальных адходаў. У верасні, згодна са справаздачнай дакументацыяй, такі пункт быў створаны на тэрыторыі былога будаўнічага прадпрыемства “Рамонтнік”, што па вуліцы Чарняхоўскага.

У чацвер, 14 лютага, карэспандэнт раённай газеты разам з Віктарам Апанасевічам узялі адпрацаваную энергазберагальную лямпачку і накіраваліся ў пункт прыёму, каб даведацца, як праводзіцца збор і захаванне небяспечных адходаў. Толькі з гэтай лямпачкай мы вярнуліся назад.

Патрэбнае месца знайшлі не адразу. Указальнікаў не было. Складская тэрыторыя былога прадпрыемства вялікая. Зрабілі некалькі кругоў паміж пабудовамі і ўрэшце на адной, самай аддаленай, заўважылі шыльду з надпісам “Пункт прыёму ртуцьутрымальных адходаў”. На дзвярах вісеў замок. У графіку работы значылася: аўторак: з 9:00 да 12:00; чацвер: з 9:00 да 11:00. Зірнулі на гадзіннік: без пяці мінут дзесяць – паціснулі плячамі. Сцяжынка да дзвярэй была не расчышчана і нават не пратаптана. Бачна, сюды даўно ніхто не заходзіў. Прабраліся праз снег і пачыталі далей. На той жа шыльдзе значылася, што адходы прымаюцца толькі ў насельніцтва. Цікава, чаму? Распараджэнне патрабавала не абмяжоўвацца толькі насельніцтвам, а збіраць ртуцьутрымальныя вырабы і ў юрыдычных асоб, і ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Вялікімі лічбамі тут жа, невядома для чаго, быў указаны тэлефон дыспетчарскай РУП ЖКГ. Каб высветліць мэту яго напісання, набралі нумар і паведамілі, што хочам здаць ртуцьутрымальную лямпачку. Пасля некаторай паўзы дыспетчар перапытаў: “А што, мы прымаем лямпачкі? Прабачце, але я першы раз ад вас гэта чую. Пачакайце, – папрасіў ён, – я зараз удакладню і вам патэлефаную…” Чакаць мы не сталі і накіраваліся ў РУП ЖКГ.

З канфузнай сітуацыяй намеснік дырэктара Анатолій Шышла абяцаў разабрацца ў бліжэйшы час. Магчымай прычынай бяздзейнасці пункту прыёму назваў яго незапатрабаванасць (з часу яго адкрыцця было прынята каля 500 лямпачак і ўсе толькі ад работнікаў прадпрыемства).

Узнікаюць паралельныя пытанні: людзі не здаюць ртуцьутрымальныя адходы, таму што не прывыклі і не ведаюць, што гэта трэба рабіць, не разумеюць іх шкоду і не хочуць лішніх клопатаў, ці таму, што зрабіць гэта не маюць магчымасці? Але ж як прывучацца, калі не створана неабходных умоў?

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: пункт прыёму зачынены ў працоўны час.

Фота аўтара.

Комментарии:

Один комментарий для “З ртуццю не жартуюць або Куды здаць лямпачку?

  • 02.03.2013 в 8:54 дп
    Permalink

    Проще всего расставить специальные коробки для сбора лампочек во всех магазинах г.Докшицы и района, чтоб в любой части города люди могли сдать отработавшие лампы, а работники магазинов по мере накопления будут сдавать эти лампы в пункт приема. Наш народ ленивый и не каждому охота с противоположного конца города тащиться на ул.Черняховского ради 1-2 лампочек, а за покупками люди ходят практически каждый день и, я думаю, им не сложно будет захватить с собой отработанные лампочки и положить их в коробку для сбора лампочек в магазине.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *