Механизаторы сельхозпредприятий Докшицкого района убедились, что продавая слитую солярку за рубль, они теряют миллион

osadok-2

У недалёкія савецкія часы, калі аўтамабілі, запчасткі, ГЗМ, у тым ліку паліва, размяркоўваліся на прадпрыемствы цэнтралізавана, а само гаручае каштавала капейкі, праблемы эканоміі бензіну ці саляркі ўвогуле не існавала. Канечне, “левыя” рэйсы і “левыя” работы не ўсе вадзіцелі сабе дазвалялі, але працаваць на тэхніцы і не мець “левага” паліва многія ўспрымалі як “нонсенс”. У сучасных умовах, калі затраты на гаруча-змазачныя матэрыялы ў сярэднім складаць 40 працэнтаў ад сумы ўсіх расходаў на эксплуатацыю транспарту, становіцца зразумелым, чаму так востра стаіць праблема кантролю расходу гаручага.

Як вядома, злітую салярку з тэхнікі прадпрыемстваў прадаюць нядобрасумленныя механізатары амаль на палову меншым коштам, чым яна каштуе на заправачных станцыях. Аднак у выпадку выяўлення крадзяжу даводзіцца плаціць за рэалізаваныя літры, лічы, у два разы больш. У выніку, злодзей не ўзбагачаецца, а наадварот – траціць. Губляе добрыя адносіны з кіраўніцтвам, нажывае сорам…
У мінулым годзе з мэтай кантролю рабочага часу механізатараў, колькасці зробленых рэйсаў і апрацаваных гектараў, а таксама часу прастою, працаздольнасці і месцазнаходжання тэхнікі, расходу паліва і выпадкаў яго зліву два акцыянерныя таварыствы – “Докшыцкі райаграсэрвіс” і “Таргуны” – набылі і ўстанавілі навігатары сістэмы “Джі-Пі-эС”.

У канцы мая мінулага года 12 трактароў ААТ “Таргуны” былі аснашчаны сістэмай кантролю. Пад “пільным вокам” ішла работа шасці механізатараў, якія былі задзейнічаны на “Беларусах-3022”, двух – на трактарах “Беларус-1221”, двух – на “К-744” і аднаго – на “Фэндт 930”.
Аналіз вынікаў работы механізатараў, на тэхніцы якой была ўстаноўлена навігацыйная сістэма, ашаламіў. За 6 месяцаў 2012 года, у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга, было зэканомлена 75 тон паліва! А гэта значыць, што яго зрасходавалі на 20 працэнтаў менш. У грашовым эквіваленце эканомія на паліве склала 123 мільёны рублёў. Як высветлілася, пры гэтым прадукцыйнасць працы механізатараў павялічылася на 10 працэнтаў.

Але трэба сказаць, што не ўсім механізатарам прыйшлося да спадобы працаваць пад строгім кантролем. Большасць з іх супраціўлялася ўстаноўцы навігатараў. Да прыкладу, у мінулым годзе кіраўніцтва ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” спрабавала заключыць дагавор з механізатарамі аб поўнай матэрыяльнай адказнасці за выхад са строю сістэмы па віне механізатараў. Апошнія з такімі ўмовамі не згадзіліся, а кіраўніцтва не настаяла. Як бачна, пытанне не было пастаўлена прынцыпова. І дарэмна. Напрыклад, зафіксаваны факт паломкі навігацыйнай сістэмы ў “Таргунах”. Зроблена гэта наўмысна ці адказала апаратура, хутка будзе вядома. Зараз ідзе разбор – высвятляецца прычына паломкі. Адначасова выяўлены і выпадкі зліву саляркі. Дзякуючы навігацыйнай сістэме, іх было зафіксавана 220, а зліта больш чым 2 тоны саляркі. З заработнай платы ў работнікаў, якія займаліся “пабочным узбагачэннем”, вылічана 18 мільёнаў 200 тысяч рублёў.

Навігатарамі, якія даюць магчымасць кантраляваць расход паліва, колькасць апрацаваных гектараў і зробленых рэйсаў, павінна быць забяспечана ўся энерганасычаная тэхніка сельгаспрадпрыемстваў, нават камбайны. Сёлета, нягледзячы на цяжкае фінансавае становішча дзяржпрадпрыемстваў, плануюць аснасціць навігатарамі тэхніку ў “Порплішчы” і “АграСітцах”. Практыка паказала, што затраты на яе набыццё акупляюцца непрыкметна. Напрыклад, у “Докшыцкім райаграсэрвісе” затрацілі ў мінулым годзе 76,8 мільёна рублёў, і ў тым жа годзе страты акупіліся за кошт эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў. Зэканомілі 55 тон умоўнага паліва, а гэта 90,8 мільёна рублёў. Па словах галоўнага эканаміста таварыства, сёлета будуць распрацаваны ўмовы матэрыяльнай зацікаўленасці механізатараў за зберажэнне грашовых сродкаў акцыянераў.

Згодна з рашэннем абласнога выканаўчага камітэта, з мэтай эканоміі грашовых сродкаў прадпрыемства, будуць заключаны дагаворы з механізатарамі, якія задзейнічаны ў рабоце на энерганасычанай тэхніцы, аб поўнай матэрыяльнай адказнасці за паломку машын і агрэгатаў па іх віне.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *