Социальное сиротство в Докшицком районе

picture
У краіне ўжо сёмы год дзейнічае Дэкрэт Прэзідэнта РБ № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, які дазволіў адрэгуляваць усе аспекты: ад адабрання дзяцей, размяшчэння іх на дзяржаўнае забеспячэнне да спагнання з недарэчных бацькоў сродкаў на іх утрыманне.

На сённяшні дзень на ўліку ў аддзеле адукацыі стаіць 126 сямей, у якіх выхоўваецца 227 дзяцей. 124 дзіцяці пражываюць у сацыяльна небяспечных умовах, 102 стаяць на ўнутрышкольным уліку, адно дзіця мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

За час дзеяння Дэкрэта прызнана, што 73 дзіцяці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Сістэмны падыход да работы з нядобранадзейнымі сем’ямі дазволіў некаторыя з іх захаваць. У выніку 38 дзяцей вернуты ў біялагічныя сем’і. У той жа час 27 дзяцей набылі статус сацыяльнай сіраты.

Вярнуць дзяцей у сям’ю

Нядобранадзейнымі сем’ямі, у якіх выхоўваюцца дзеці, займаецца шмат арганізацый: школа, праваахоўныя органы, мясцовая выканаўчая ўлада. Перш чым пазбавіць права на выхаванне дзяцей, з бацькамі “гуляюць” не адзін месяц: ушчуваюць на сумленне і бацькоўскія пачуцці, саромяць, прымушаюць уладкавацца на працу, навесці парадак у хатах і гатаваць дзецям ежу. Некаторым хапае і такіх мер, але большасць да прыстойнага жыцця вяртаецца толькі на кароткі перыяд. Напрыклад, падлогу мыюць і гатуюць нешта з ежы бліжэй да чацвярга, бо, менавіта ў гэты дзень, як правіла, праводзяцца рэйды па нядобранадзейных сем’ях. Але такіх вопытных работнікаў, як старшы інспектар па справах непаўналетніх Ларыса Толкач, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Жарская, галоўны спецыяліст па ахове дзяцінства аддзела адукацыі Ганна Раманенкава недарэчным маці ўвесці ў зман сваёй добранадзейнасцю складана. Яны ўсё ведаюць і ўсё бачаць.

Доўгі час не страчвалі надзеі вярнуць да цвярозага жыцця сям’ю Асташкевічаў з Докшыц.

Мама 12-гадовага Сашы, калі не п’е, то памятае пра свае абавязкі, але гэтыя моманты прасвятлення ў маладой жанчыны, на жаль, бываюць даволі рэдкімі. Не дапамаглі ёй весці цвярозы лад жыцця і неаднаразовыя кадзіроўкі. У рэшце рэшт і яна, і муж страцілі работу. Прапіліся да такой ступені, што не было чым плаціць за электрычнасць, якую адключылі, а таксама за камунальныя паслугі. Хлопчыка забралі ў прытулак, а маці з бацькам мелі магчымасць на працягу шасці месяцаў забраць сына адтуль. Ніводзін з іх гэту магчымасць не скарыстаў. Амаль у апошні момант маці закадзіравалася, ды ўжо было позна, у яе добрыя намеры ніхто не паверыў.

Аксану і Дзмітрыя Асташкевічаў пазбавілі бацькоўскіх правоў, а Сашу забрала ў сваю сям’ю, як апякун, родная цётка з Мінска. Хлопчык марыць пра сувораўскае вучылішча, няхай у яго ўсё атрымаецца.

Дзесьці бадзяецца па свеце, уладкоўваючы сваё асабістае жыццё, Іна Снеткіна з Докшыц. Прозвішча гэтай маладой жанчыны мы змянілі, не жадаючы яшчэ раз траўміраваць яе сына. Хлопчыка гадуе бабуля амаль з самага часу яго нараджэння, а маці-зязюля з’яўляецца на кароткі тэрмін і зноў знікае. Яна і зараз знаходзіцца ў вышуку, хаця, як абавязаная асоба, пасля пазбаўлення бацькоўскіх правоў павінна выплачваць сродкі, затрачаныя на ўтрыманне свайго сына.

– І ўсё ж, – зазначае Наталля Жарская, – у апошні час, дзякуючы дзяржаўным мерам, мэтанакіраванай рабоце адпаведных зацікаўленых структур, пераважае тэндэнцыя да вяртання дзяцей у сям’ю. Гэта вельмі радуе. У 2012 годзе да бацькоў вярнулі 9 дзетак з 6 сем’яў. Бо як бы сытна і добра ні было ў прытулках і інтэрнатах, дзецям лепш за ўсё жывецца дома. У якасці прыкладу хацелася б сказаць пра Крысціну Казінец з Крулеўшчыны. Як толькі яе дваіх дзяцей забралі ў прытулак, бо маці злоўжывала спіртным, а таму, зразумела, дома быў беспарадак і дзецям не надавалася патрэбная ўвага, жанчына адразу схамянулася. Прайшла курс лячэння, навяла ў хаце чысціню. Часта наведвала дзяцей у прытулку і ніколі не прыязджала да іх без падарункаў. Паўгода назіралі за паводзінамі гэтай жанчыны і яны былі бездакорнымі. Зараз дзеці жывуць з матуляй. Дарэчы, і асабістае жыццё Крысціны быццам бы наладжваецца. Яна сустрэла прыстойнага мужчыну, які, магчыма, стане бацькам яе дзецям, толькі б сама жанчына заўсёды помніла пра свой мацярынскі абавязак. Вельмі хочацца, каб так было.

Абавязаны – плаці

Успамінаецца эпізод судовага працэсу сярэдзіны 90-х гадоў, калі пазбаўлялі бацькоўскіх правоў маці шасцярых дзяцей. Яна ж, бравіруючы перад судом, заявіла, што народзіць яшчэ і сёмага, бо гэта яе асабістая справа. Дарэчы, так і зрабіла. А чаму б і не, калі ёй заплацілі за нараджэнне дзіцяці. Яна яго беспакарана аддала на выхаванне дзяржаве, а сама знікла невядома куды.

Зусім іншы фінал сталі набываць падобныя сітуацыі пасля прыняцця Дэкрэта № 18. Пункт 9 патрабуе ад бацькоў кампенсацыі расходаў на ўтрыманне дзяцей з першага дня размяшчэння тых на дзяржаўнае забеспячэнне. Кошт утрымання на дзяржаўным забеспячэнні ў залежнасці ад тыпу ўстановы, узросту і полу дзіцяці вагаецца ад 950 тысяч да 1200 тысяч рублёў у месяц. Непрацуючыя бацькі, што вызначаюцца тэрмінам “абавязаныя асобы”, належаць абавязковаму працаўладкаванню. У раёне 92 чалавекі з’яўляюцца абавязанымі асобамі. За імі ўстанаўлены штодзённы кантроль з боку праваахоўных органаў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. За кожнай асобай замацаваны спецыяліст таго прадпрыемства, дзе яна працуе. Кожная неяўка на працу без уважлівай прычыны лічыцца прагулам і парушэннем, як і з’яўленне на рабочым месцы ў нецвярозым стане. За падобныя парушэнні прадугледжана пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту тэрмінам да 15 сутак, накіраванне ў ЛПП і крымінальнае пакаранне. Гэта, калі зарэгістраваны 10 і больш прагулаў на працы.

– Асаблівую трывогу выклікаюць безадказныя адносіны некаторых з іх да працы, – гаворыць намеснік начальніка аддзела грамадскага правапарадку і прафілактыкі РАУС Іван Лакуцэвіч. – Нягледзячы на пільны кантроль, яны штомесячна робяць прагулы, злоўжываюць спіртнымі напіткамі.

У Параф’янаве пражывае Наталля Шыманская, якая пазбаўлена бацькоўскіх правоў на дваіх дзяцей. Іх выхоўвае бабуля, а Наталля працягвае піць і працаваць праз пень-калоду. Два разы гэта яшчэ маладая жанчына пабывала ў ЛПП, месяц таму вярнулася адтуль апошні раз і ўжо мае адзін прывад у міліцыю за з’яўленне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Наталлю Кадлубовіч з в. Вецяра гультаём назваць нельга. Калі не п’е, то працуе на мясцовай ферме за дваіх. А калі зап’е, то спыняецца з вялікай цяжкасцю. У 2011 годзе была накіравана ў ЛПП, у канцы 2012-га вярнулася адтуль. Сёлета ў сакавіку зноў паехала ў прафілакторый. За пару месяцаў, што была дома, тры разы прыцягвалася да адказнасці за п’янства на рабоце, парушэнне грамадскага парадку. Летась у ЛПП было накіравана 14 чалавек, палова з іх – жанчыны.

– У студзені 2013 года пяць абавязаных асоб здзейснілі 11 прагулаў, у лютым – тры чалавекі не выйшлі на працу 7 дзён, – дадае начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы Галіна Усціна. – Прагульваючы, гэтыя людзі робяць яшчэ меншай сваю і без таго невялікую зарплату, бо працаўнікі яны ненадзейныя. Зразумела, што ім давяраюць малакваліфікаваную працу, за якую адпаведна і плацяць. Гэта не дазваляе кампенсаваць суму расходаў на ўтрыманне дзяцей і вядзе да запазычанасці. А калі ў абавязанай асобы некалькі дзяцей знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні, то яе запазычанасць вырастае да некалькіх дзясяткаў мільёнаў рублёў. У такім становішчы, напрыклад, знаходзіцца маці чацвярых дзяцей з Порплішча, доўг якой перад дзяржавай вызначаецца сумай у 130 мільёнаў рублёў. Дзеці вырастуць, а яна яго ўсё яшчэ будзе выплачваць.

Апошнім часам усё часцей абавязаныя асобы сталі задумвацца, ці трэба даводзіць жыццё да падобнай сітуацыі? Дарэчы, сярод іх ёсць людзі, якія добраахвотна выплачваюць неабходныя сумы на ўтрыманне дзяцей. За гэта яны маюць права ўладкоўвацца на любую работу, што паспяхова і робяць. А значыць і паспяхова кампенсуюць расходы на ўтрыманне дзяцей.

Выплаціць запазычанасць у рэшце рэшт дзяржава абавязаных асоб прымусіць, але як бы яшчэ хацелася, каб растаяў лёд сэрцаў гэтых гора-маці і татаў, бо ўсе дзеці хочуць быць шчаслівымі і жыць у добрых сем’ях.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *