В Докшицах определили лучшую многодетную семью

P1280190

 Шчасце жыць у вялікай сям’і. Гэта даказаў раённы агляд-конкурс на лепшую шматдзетную сям’ю “Цудоўная 7-я”. Ён адбыўся 5 красавіка ў Докшыцкай школе мастацтваў пад арганізатарствам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. 

За ганаровае званне змагаліся шматдзетныя сем’і Бабака і Дубко з г.п Бягомль і сям’я Гоман – з аграгарадка Крулеўшчына.

Спачатку гасцям мерапрыемства – прадстаўнікам раённай улады, кіраўнікам і спецыялістам аддзелаў райвыканкама, шматлікіх арганізацый, устаноў раёна, якія выступалі ў ролі журы, а таксама іншым шматдзетным сем’ям, што былі запрошаны на мерапрыемства, – канкурсанты прадставілі прэзентацыю выстаў: “Смачна, пальчыкі абліжаш” і “Нашы ручкі залатыя”. Гаспадыні прадэманстравалі свае кулінарныя здольнасці: выпечку і ўменне сервіраваць стол. Расказалі пра творчыя захапленні ўсіх членаў сям’і і паказалі работы, зробленыя рукамі дарослых і дзяцей: малюнкі, аплікацыі, вышыванкі, вязаныя рэчы, вырабы з бісеру і іншыя. Разнастайнасць і якасць экспанатаў уразіла прысутных. Першае месца за кулінарныя здольнасці прысудзілі сям’і Дубко, за творчыя – Бабака.

Знаёмства з сем’ямі прадоўжылася ў актавай зале. Кожная з іх прадставіла візітоўку “Добры дзень – гэта мы”.

Наталля Дубко са сваімі дочкамі і маленькім сынком (тата адсутнічаў па прычыне прастуды) прызналіся, што запаветная мара ўсіх членаў іх сям’і – быць заўсёды разам і верыць адзін у аднаго.

Яны прапанавалі разам пагартаць іх сямейны альбом і ўпэўніцца ў тым, што паўнацэнна і цікава жывуць, любяць і берагуць адзін аднаго.

– Калі я прыходжу дадому і шэсць родных ручак абдымаюць мяне за шыю з радасным крыкам “Мама!” – гэта і ёсць шчасце! – запэўнівала Наталля Паўлаўна.

Ірына і Юрый Гоман з дочкамі гісторыю сваёй сям’і расказалі ў вершах.
– В семье счастье и уют, и три красавицы растут, – ганарыліся Ірына Казіміраўна і Юрый Аляксеевіч сваім шчасцем быць бацькамі.

Аксана і Аляксандр Бабака з дачкой і двума сынамі сваім выступленнем даказалі, што яны творчыя, таленавітыя людзі. Пераканалі ў тым, што ў іх сям’і пануе цеплыня, камфорт і святло, і што яны шчаслівыя, бо заўсёды разам.

– Цаніце шчасце сям’і! Нічога не можа быць даражэйшым за яго на гэтай казачнай зямлі! – заклікалі Аксана Іванаўна і Аляксандр Іосіфавіч. За сваю візітоўку яны атрымалі першае месца.

Цікава і весела прайшоў конкурс для дзяцей “Ваша слова, эрудыты”. У кожнага дзіцяці была магчымасць зарабіць зорачку, адказаўшы на пытанне. І старэйшыя, і маленькія дзеці паказалі, што ў іх сем’ях вялікую ўвагу надаюць інтэлектуальнаму развіццю.

Моцным па сваёй прапагандысцкай мэце быў апошні конкурс сацыяльнай рэкламы “Мы – сям’я”.

Каманда Дубко прывяла сем аргументаў таго, чаму найлепш жыць і выхоўвацца ў шматдзетнай сям’і: дзеці сябруюць, вучацца клапаціцца адзін пра аднаго, бацькі адчуваюць павагу і любоў. Кожны ведае, што ніколі не застанецца адзінокім, што яго заўсёды падтрымаюць родныя людзі.

Бясспрэчныя перавагі і каштоўнасці шматдзетнай сям’і паказалі бацькі і дзеці Бабака. Яны даказалі, што ў іх доме і праца, і адпачынак ладзяцца цікава і весела. Арыгінальна ў цёплай абстаноўцы праходзяць святочныя і выхадныя дні, падтрымка і ўзаемадапамога спадарожнічаюць любой рабоце.

Расчуліла і выклікала слёзы тэатралізаванае выступленне сям’і Гоман. Мама паказала самаахвярнасць і бязмежнасць мацярынскай любві. Маленькая Ксенія непараўнальна выканала ролю анёлачка, якому не наканавана было нарадзіцца на свет і пабачыць сваю матулю. Разрывалі сэрцы словы анёла пра тое, як бы моцна ён любіў сваю матулю і быў бы паслухмяным, аднак пакараецца мамінаму рашэнню і таму згодны чакаць яе ля сваёй магілы. Моцная прапаганда недапушчэння абортаў і артыстызм выступоўцаў аднадушна заслужыў першага месца ў намінацыі.

Выносіць сваё канчатковае рашэнне аб тым, каго назваць лепшымі, суддзям было нялёгка. Кожная сям’я паказала сябе дастойна. Пакуль журы раілася, гледачоў забаўлялі выступленні выхаванцаў школы мастацтваў і артыстаў Гарадскога цэнтра культуры. Нарэшце вердыкт быў вынесены і прагучалі імёны пераможцаў. Лепшай шматдзетнай сям’ёй назвалі сям’ю Гоман. Другое месца прысудзілі сям’і Бабака, трэцяе – сям’і Дубко. Намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч павіншавала іх з перамогай, падзякавала за ўдзел у конкурсе і ўручыла ім заслужаныя ўзнагароды: граматы, грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.

Конкурс атрымаўся відовішчным, дзякуючы падтрымцы раённага выканаўчага камітэта, яго аддзелаў ідэалагічнай работы, адукацыі, культуры і па справах моладзі, раённай арганізацыі ГА “Беларускі Саюз жанчын” і спонсараў, якімі выступілі прадпрымальнікі Алена Жарская, Генадзій Ласкін, Таццяна Пугаўка, Аліна Камянецкая і Людміла Сяржант.
Той, хто не жадае ствараць сям’ю і баіцца нараджаць дзяцей, адмаўляе сабе ў непамерным шчасці. У гэтым быў перакананы кожны, хто прысутнічаў на мерапрыемстве.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: шматдзетныя сем’і (злева направа) Дубко, Бабака, Гоман.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *