Социальный работник Ирина Карабаева всегда находит минутку, чтоб поговорить про жизнь

День Победы Бегомль 002   Ірына Карабаева для васьмі пажылых параф’янаўцаў самы жаданы і незаменны чалавек. Яна – сацыяльны работнік. Гэта прафесія асаблівая і не кожнаму па плячы. Яна хутчэй прызванне, бо ў ёй немагчыма выконваць службовыя абавязкі без душы. А гэта часта больш важна і неабходна, чым фізічная дапамога па гаспадарцы. Хто спрабуе працаваць абыякава, доўга не вытрымлівае. У Ірыны стаж сацыяльнага работніка ўжо 13 год. Стала ім адразу пасля заканчэння школы па неабходнасці і думала, што ненадоўга. А зараз яна адчувае сябе хуткай дапамогай для сваіх падапечных, якім не па сіле стала спраўляцца з хатнімі справамі.
Ірына ніколі не лічыцца з асабістым часам. Заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, нават, калі па графіку ў гэты дзень і не абавязана наведвацца да сваіх бабуль. Яна сціплы, вытрыманы чалавек, вельмі адказны работнік. Надзвычай добразычліва ставіцца да сваіх падапечных, імкнецца як мага хутчэй выканаць іх просьбы і заўсёды знаходзіць хвіліну, каб паразмаўляць, пагутарыць пра жыццё. Гэта вельмі важна для старых, адзінокіх людзей. Для многіх яна стала па-сапраўднаму блізкім і незаменным чалавекам. Такія, здавалася б, простыя рэчы, як падмесці падлогу, вынесці смецце, схадзіць за прадуктамі, у аптэку за лекамі, аплаціць за камунальныя паслугі для некаторых людзей – непасільная задача. Таму так чакаюць сваю Ірачку Вера Якаўлева, Еўдакія Сасноўская, Яўгенія Дашкевіч і іншыя бабулі, для якіх яна адзіная нітачка, што звязвае іх з жыццём за межамі хаты.
Ірына шкадуе іх старых, нямоглых і адзінокіх. Магчыма, такімі адносінамі да іх робіць іх фізічны і душэўны боль менш адчувальным і прымушае паверыць, што і стары чалавек камусьці патрэбны. Якое ж вялікае сэрца трэба мець для гэтага! Самае галоўнае, чуць і разумець чалавека, якому спяшаешся на дапамогу. Бабулі адказваюць Ірыне такой жа любоўю. Марыя Варапаева называе яе не інакш, як залатой. Падкрэслівае працавітасць, уважлівасць Ірыны і шкадуе яе, кажа, як родную дачку.
– Мы, людзі ва ўзросце, ужо бываем усялякія, – самакрытычна прызнаецца былы фельчар, – можа калі і закапрызнічаем, а Ірачка нас заўсёды разумее. Работы ёй з намі вельмі шмат, асабліва зараз летам. Але ж у яе руках усё гарыць. Наша бясконцая ўдзячнасць гэтай руплівіцы, яе цярпенню.
Марыя Іосіфаўна сказала праўду. Мы бачылі, якой радасцю засвяціліся вочы Еўдакіі Піменаўны Сасноўскай, калі на парозе яе дома з’явілася з торбамі ў руках Ірына. Гэта красамоўны факт на карысць таго, што гэта маладая жанчына ўжо адбылася, як прафесіянал.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: сацыяльны работнік І.І. Карабаева.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *