Вклад каждого в общую память

IMG_1073   У Параф’янаўскім сельсавеце ў розныя часы пастаўлены 5 помнікаў на месцы пахавання байцоў і партызан, расстраляных габрэяў, у памяць аб загінуўшых вяскоўцах, на месцы спаленых вёсак Залатухі і Азарцы. І хоць усе яны дагледжаны і добраўпарадкаваны, сёлета ў сувязі з вялікай і памятнай датай на некаторых праведзены рамонт. У Азарцах пафарбаваны плот, у Юркаўшчыне ўстаноўлена агароджа, тратуарнай пліткай выкладзена сцяжынка да помніка, сам ён пафарбаваны. Работы праводзілі талакой. Дапамагалі лясніцтва, райаграсэрвіс, школьнікі, работнікі культуры.
Некалькі слоў хочацца сказаць пра памятны знак на месцы, дзе ў 1942 годзе былі расстраляны больш за 100 параф’янаўскіх габрэяў (на здымку). Зараз ён знаходзіцца на тэрыторыі, прылягаючай да крамы “Будматэрыялы” і размеркавальных складоў. З дарогі знак не бачны, таму перашкаджае высокая жалезабетонная агароджа. Ёсць і яшчэ адна нязручнасць, звязаная з гэтым. У выхадныя дні і вечарам вароты агароджы замыкаюцца і тады падысці да знака наогул немагчыма. Не могуць гэта зрабіць і госці нашага раёна, нашчадкі тых загінуўшых габрэяў, якія зараз жывуць у Ізраілі, Канадзе, ЗША і іншых краінах і прыязджаюць у Беларусь, каб ушанаваць памяць сваіх трагічна загінуўшых продкаў. У кожнае з наведванняў яны пакідаюць ля падножжа памятнага знака па каменьчыку, якія ў габрэяў заменьваюць нашы кветкі.
Пэўна прыйшоў час адкрыць для ўсеагульнага агляду гэты помнік, бо што і казаць, не кожны і ў нашым раёне ведае, дзе ён знаходзіцца, хаця не раз праязджаў міма. Для гэтага трэба толькі зняць адзін пралёт агароджы, зрабіць сцяжынку ад дарогі да помніка і добраўпарадкаваць яе. Не такія ўжо і вялікія затраты. Узяць іх на сябе і тым самым унесці свой уклад у памяць аб ахвярах, якія пакутавалі, каб мы жылі, да гонару спажывецкай кааперацыі, на тэрыторыі якой і знаходзіцца памятны знак.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *