Сгребают ночью — возят днём. Именно так в Докшицком районе организована кормозаготовка

IMG_5263

(Злева направа) дырэктар ААТ “Барсучанка” Сяргей Маскалёнак і механізатары Уладзімір Лямец, Леанід Жызнеўскі, Юрый Шарох, Сяргей Альхімёнак, Мікалай Залатуха.

IMG_5194

На трамбоўцы працуе Васіль Грыцкевіч.

   Каб не стрымліваць ход канвеера “касьба – закладка ў сянажную траншэю”, у ААТ “Барсучанка” некаторыя тэхналагічныя аперацыі корманарыхтоўкі выконваюць у дзве змены. Трамбоўку праводзяць кругласутачна, а ноччу зграбаюць у валкі падвяленую масу.

У панядзелак ва ўрочышчы “Бароўка” сканцэнтраваўся ўвесь атрад корманарыхтоўчай тэхнікі. Адзін за другім ішлі два “КВК-800”, якія паднімалі і здрабнялі падвяленую зялёную масу з тоўстых валоў. Размерана і без мітусні іх па чарзе суправаджалі трактары з “ПІМамі”, аўтамабіль “МАЗ”. А прымаў масу для кансервацыі “Амкадор-352”, на якім працуе Васіль Грыцкевіч. У той дзень пачалі закладку трэцяй сянажнай траншэі.

– Дзве тысячы тон сенажу ўжо маем, – гаворыць дырэктар таварыства Сяргей Маскалёнак. – Для гэтага спатрэбілася чатыры з паловай дні. Лічу, што да корманарыхтоўкі сёлета падрыхтаваліся лепш чым у мінулыя гады. Хоць і былі праблемы з рамонтам тэхнікі, але да пачатку сезона нарыхтоўкі грубых кансерваваных кармоў яна была гатова поўнасцю. Добра арганізавалі справу спецыялісты раслінаводства, інжынернай службы. Прадумалі, здаецца, кожную дэталь, а таму і вядзём працэс корманарыхтоўкі высокімі тэмпамі. Учора, да прыкладу, перавезлі і затрамбавалі больш за 600 тон. Не менш плануем і сёння. Галоўнае, каб тэхніка не падвяла, і было спрыяльным надвор’е, а людзі стараюцца ад душы, імкнуцца хутчэй справіцца з пастаўленай задачай і добра зарабіць. На падборшчыках-здрабняльніках пры перавыкананні нормы выпрацоўкі зарплата даходзіць да мільёна рублёў у дзень. Не скардзяцца на яе і тыя, хто заняты на адвозцы здробненай масы, і хто працуе з касой, з граблямі.
Не паспелі завяршыць сваю размову з дырэктарам, як пад’ехала спецыялізаваная машына з абедамі. Імгненна ля яе сабраліся механізатары. Пакуль елі халаднік, кашу з мясам, мы пагутарылі з некаторымі.
Уладзімір Лямец расказвае:

– Гэта мая дваццатая корманарыхтоўка. Як вядома, пара гарачая. Спяшаемся, каб паспець справіцца з гэтай работай і хоць трохі перавесці дух перад жнівом. Сёлетні год выдаўся багатым на ўраджай траў. Глядзіце, якія тоўстыя валы, а значыць, прэчэп загружаецца ў кароткі прамежак часу. Каб поле знаходзілася на большай адлегласці ад сянажнай траншэі, у якую звозім травяную масу, то, магчыма, шасці адзінак тэхнікі, якая занята на адвозцы, не хапіла б.

Да размовы далучаецца галоўны аграном акцыянернага таварыства Андрэй Альхімёнак:
– Гэта заканамернасць, што запаўняем травяной масай тыя траншэі, якія знаходзяцца на бліжэйшай адлегласці да поля. Касілі ля Барсукоў – клалі травы ў Масловічах, побач з Варганамі – у Варганах. Аднак найбольшая тут заслуга людзей, якія вельмі стараюцца. І хоць у нас арганізаваны спаборніцтвы сярод механізатараў, якія заняты на розных відах работ, выдзеліць лепшых пакуль складана. Выдатна працуюць з косамі Мечыслаў Краўчонак, Дзмітрый Кухто, Алег Цецеранковіч; з граблямі – Віктар Касцюкевіч, Алег Суднік, Юрый Бадун; на здрабняльніках “КВК-800” – Леанід Жызнеўскі, два Юрыі – Шарох і Панамароў; на адвозцы травяной масы – Уладзімір Лямец, Віктар Качынскі, Сяргей Альхімёнак, Анатоль Дук, Мікалай Залатуха, Сяргей Кардоўскі; на трамбоўцы – Васіль Грыцкевіч, Аляксандр Рамашоў і Андрэй Кальчэўскі. Дарэчы, ён ды Анатоль Стадольнік — шэфы. Камунгасаўцы ў гэты перыяд прыйшлі на дапамогу вяскоўцам. Таксама як Ілья Таляронак з «Белтэлекама».

Іх працай задаволены ў ААТ “Барсучанка”, а вядзеннем корманарыхтоўкі ў цэлым у гэтым таварыстве задаволены ў раёне. Старшыня райвыканкама Алег Пінчук выказаў удзячнасць дырэктару прадпрыемства Сяргею Маскалёнку і ўсім тым, хто заняты нарыхтоўкай якасных травяных кармоў на зімова-стойлавае ўтрыманне грамадскага пагалоўя.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *