Как живётся фермеру в отставке в Докшицком районе

IMG_9979   Сустрэча з Пятром Уладзіміравічам Грыцкевічам і яго жонкай Ірынай Геранімаўнай была гарачай. Нас так атакавалі пчолы, якія лёталі па ўсёй тэрыторыі іх сядзібы, што мы бягом заскочылі ў веранду, а яны ўсё ж паспелі “пацалаваць” джалам у руку… Запякло, крыху забалела… Пачырванеў палец, узняўся пухлінай. Тым не менш, настрой ад гэтага не сапсаваўся. Размова пацякла ў даверлівай атмасферы. Успаміналі мінулае (некалі аўтар гэтага артыкула вучылася і сябравала з дачкой гаспадароў), нагадалі раскінутыя жыццём гады няведання лёсаў аднакласнікаў.
Пасля таго, як дзеці Грыцкевічаў закончылі школу і адзін за другім знайшлі сабе прымяненне ў Латвіі, пераехалі да іх і бацькі. Купілі дом непадалёк ад Екабпілса, заняліся спрадвечна сялянскай працай. Напачатку ўсё складвалася нядрэнна: дзеці побач, з’явіліся новыя сябры, узаемапаразуменне. Праўда, да некаторага часу… Набліжаліся да канца васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя. Саюз сацыялістых краін пацярпеў крах. Брацкія народы згубілі дружалюбнасць. Неяк Ірыне Геранімаўне давялося пачуць у мясцовай краме ад прадаўца, з якой падтрымлівалі сяброўскія адносіны, фразу: “Каб не гэтыя рускія, дык жылі б мы добра. А тут панаязджала ўсякіх”. Не проста пакрыўдзіла гэта выказванне беларуску, а ўзбударажыла душу, расхвалявала. І тады на сямейным савеце Грыцкевічы вырашаюць вярнуцца на радзіму. Прадалі дом, сабралі клункі… З вялікага ўзялі толькі домік-“времянку” і пчаліную пасеку. Па ўзгадненні з мясцовым сельвыканкамам, разгрузіліся на старой бацькоўскай сядзібе, на хутары, бо ў іх лаплінскім доме былі ўжо новыя гаспадары. Усё лета жылі ў “времянцы”. Сцяна адгароджвала людзей ад пчол. Вечарам, пакуль працавітыя насякомыя не спалі, гаспадары чулі іх шум, размераную мітусню. Хаця “вандроўнікам” самім спаць даводзілася мала. Трэба было ўзводзіць жыллё. Купілі старыя хаты ў Вянюцінскім Двары, Палянінах, Атрубку, Лапліне і за лета перайшлі ў свой дом. Дзякуюць суседзям, якія дапамагалі скласці зруб, а накрылі самі (сын, унук, гаспадар) за ноч.
Пра цяжкасці – ні слова. Адбудоўваліся, узнаўлялі гаспадарку цярпліва, напорыста і спакойна. З цягам часу аформілі дакументы на фермерства, купілі 25 гектараў зямлі, трактар, прычапны інвентар. Праўда, развярнуцца як фермерам не атрымалася. Цяпер свой надзел аддалі ў арэнду мясцоваму сельгаспрадпрыемству, а самі задавальняюцца гектарам, што вакол хаты.
Іх сядзіба стаіць непадалёк ад вёскі, але сярод поля. Абгароджана высокім плотам, схавана ліпамі, вярбой, кустоўем. А ў двары – пчаліная пасека, яркі карагод каляровых курэй, кветнік, месца адпачынку пад кронай дрэў, агарод. У час нашага візіту Пётр Уладзіміравіч у маскітнай масцы акучваў бульбу. Ірына Геранімаўна, якой здароўе не дазваляе знаходзіцца доўгі час на сонцы, упраўлялася ў хаце. Але разам дружна гаварылі пра шчасце жыць на роднай зямлі, мець магчымасць працаваць, бачыць дзяцей і ўнукаў. У свае за 80 год яны фізічна моцныя і душэўна спакойныя. Жывуць у клопатах адзін пра другога. Радуюцца таму, што была магчымасць параўнаць, паспрабаваць, адчуць смак хлеба свайго і на чужбіне і прыйсці да выніку, што нідзе не бывае лепш, чым дома.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *