Под охраной государства находятся сироты в Докшицком районе

IMG_5314   Другі год працуе ў раёне сацыяльна-педагагічны цэнтр, асноўная дзейнасць якога накіравана на выяўленне нядобранадзейных сем’яў. Установай праводзіцца вялікая прафілактычная работа па папярэджанні сацыяльнага сіроцтва, безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Цэнтр, які знаходзіцца ў будынку Янкаўскай базавай школы-садка, уключае ў сябе аддзел прафілактычнай работы і сацыяльнага патранату, аддзел абароны правоў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і сацыяльны прытулак.
Пра дзяцей, якія значацца зараз на ўліку, а гэта 153 чалавекі, супрацоўнікі цэнтра ведаюць усё: чым займаюцца іх бацькі, якая абстаноўка ў сем’ях і многае іншае. Адбываецца гэта, дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву педагогаў цэнтра са школамі, міліцыяй. У многіх сем’ях яны самі пабывалі не раз.
– Як толькі паступае сігнал пра сям’ю, у якой назіраецца ненармальная абстаноўка, мы бяром яе “пад каўпак”, – расказвае дырэктар цэнтра Алена Таразевіч. – З гэтага часу прасочваецца кожны крок гора-бацькоў. Пачынаем з гутаркі. Бывае, што на пачатковай стадыі і яна дапамагае. Вось нядаўна паступіў сігнал ад суседзяў, што дзве маладыя жанчыны, мужы якіх знаходзяцца на заработках, сталі часцяком збірацца разам, папіваць, а малалетнія дзеці ў гэты час прадстаўлены самі сабе. Наведаліся да іх , пагутарылі, потым правяралі абстаноўку ў гэтых сем’ях па тры разы на тыдзень. Дапамагло. А здараецца, што наш прыход сустракаецца ў штыкі. Маўляў, нашы дзеці, як хочам, так і выхоўваем. Найбольш агрэсіўныя бацькі могуць і пагражаць. Але дзяржава ў нашай асобе не кідае сваіх маленькіх грамадзян. Апошняя мера, якой спрабуем спыніць бацькоў перад тым, як пазбавіць іх права на выхаванне – гэта забіранне на паўгода дзяцей у прытулак.
Зараз у ім знаходзяцца дзве сястрычкі. Разумныя, цудоўныя дзяўчынкі. Вельмі спадзяёмся, што будуць усе падставы вярнуць іх маме. Для гэтага ёй трэба будзе выканаць усе пункты плана абароны правоў і інтарэсаў непаўналетніх, які складаецца на кожнага з бацькоў індывідуальна. У адпаведнасці з ім, трэба і закадзіравацца, і ўладкавацца на працу і зрабіць шмат чаго іншага, каб стаць нармальнымі бацькамі для дзяцей.
Памятаецца дзяўчынка Аксана, да якой тата за чатыры месяцы, пакуль яна была ў нас, наведаўся каля 20 разоў і выканаў усе пункты індывідуальнага плана. Канечне, дзяўчынку вярнулі ў сям’ю, і зараз у іх усё добра. Вярнуліся да бацькоў Саша і Кірыл Кізяковы і яшчэ 9 дзетак з тых 18, якія пабывалі ў нашым цэнтры з пачатку яго адкрыцця. Некаторых забралі ў прыёмныя сем’і. Насця, напрыклад, выхоўваецца ў доме сямейнага тыпу. На жаль, дваіх дзетак прыйшлося адправіць у інтэрнат.

Хаця ў прытулку дзеці знаходзяцца непрацяглы час, тым не менш тут створаны ўсе ўмовы, каб ім было цёпла, сытна і не адзінока. Педагогі і выхавальнікі прыкладаюць максімум намаганняў, каб забяспечыць неабходныя ўмовы для паўнацэннага развіцця рабят, умацавання іх фізічнага і псіхічнага здароўя. Аддаваць цеплыню свайго сэрца і душэўную шчырасць кожную хвіліну дзецям, абдзеленым бацькоўскай ласкай і клопатам, справа не з лёгкіх. Яна па плячы не ўсім, таму, па словах Алены Мікалаеўны, працуюць у прытулку людзі, якія любяць дзяцей і шмат робяць для таго, каб яны былі шчаслівымі. Гэта загадчыца Тамара Труханава, выхавацель Наталля Глазко, якія з’яўляюцца настаўнікамі педагогаў Ірыны Садоўскай, Кацярыны Атрошчанка, Паліны Варанковіч і іншых, якія пазней прыйшлі на працу. Справы прытулку і яго насельнікаў даўно сталі агульнымі для калектываў ДРБУ №180, хлебазавода, цэнтра банкаўскіх паслуг № 208 г. Докшыцы ААБ “Беларусбанк”, якія прывозяць дзецям падарункі, спартыўны інвентар, канцылярскія прыналежнасці. Наведаць прытулак і падзяліцца сваім цяплом, падаць руку дапамогі непаўналетнім, дзяцінства якіх губіць алкагалізм іх бацькоў, можа кожны нераўнадушны чалавек, якому знаёмы такія паняцці як міласэрнасць і любоў да бліжняга.

НА ЗДЫМКУ: выхавальнік К.М. Атрошчанка з выхаванцамі прытулку.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *