Самые верные друзья человека приняли участие в ток-шоу в Докшицком районе

САБАЧКА   Не даюць работнікі раённай дзіцячай бібліятэкі сумаваць дзецям падчас летніх канікулаў, прыдумваюць самыя розныя формы адпачынку для хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі забаўляльнага, але і пазнавальнага характару. У адзін з чэрвеньскіх дзён бібліятэка правяла ток-шоу “Самыя верныя сябры чалавека”, прысвечанае Дню аховы навакольнага асяроддзя. Безумоўна, сабак мы называем вернымі сябрамі чалавека. Менавіта яны былі ў той дзень у цэнтры ўвагі і з’яўляліся галоўнымі героямі мерапрыемства. На шоу, якое праходзіла на свежым паветры ў парку, завіталі вучні пачатковых класаў – наведвальнікі прышкольных лагераў дзённага знаходжання, а таксама тыя, хто займаецца ў Цэнтры дзяцей і моладзі.
Незабыўныя ўражанні ва ўсіх пакінуў службовы сабака Бой, які бездакорна выконваў усе каманды кінолага Юрыя Глазко з аддзела Дэпартамента аховы МУС РБ. Дзеці апладзіравалі і ад захаплення аж падскоквалі на месцы, калі назіралі за тым, як сабака затрымліваў умоўнага злачынцу.
Далей усіх чакала знаёмства з чацвераногімі сябрамі. Сабачак розных парод прывезла з вёскі Янкі Ілона Радзюк. Яна са сваёй сястрой Янай трымае каля дванаццаці сабак розных парод, сярод якіх ратвейлеры, шпіцы, шарпеі, йоркшырскія тэр’еры. Вымытыя, з прычоскамі сабачкі красаваліся перад дзецьмі на пляцоўцы ў парку, дазвалялі нават сябе пагладзіць.
– Для мяне і сястры нашы гадаванцы – самыя верныя сябры, – гаварыла Ілона, расказваючы пра сваіх чацвераногіх. – Гэтыя жывыя істоты, як і чалавек, патрабуюць увагі і клопату. Нам з дзяцінства падабалася даглядаць за сабакамі, таму, напэўна, і займаемся іх развядзеннем. Часта наведваем у Мінску выставы-шоу, дзе дэманструем сваіх гадаванцаў, ганарымся тым, што яны неаднойчы заваёвывалі кубкі, медалі і дыпломы.
Напрыканцы мерапрыемства дзецям было прапанавана паўдзельнічаць у квэст-гульні, якая заключалася ў тым, што на дрэвах трэба было адшукаць схаваныя стужачкі са словамі і скласці прыказкі пра сабак.

Таццяна МАЙСКАЯ.
Фота аўтара.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *