Житель Поставского района за пять часов накосил зелени на 3 миллиона рублей

IMG_6753   …Ідуць касцы, звіняць іх косы,
Вітаюць іх буйныя росы,
А краскі ніжай гнуць галовы,
Пачуўшы косак звон сталёвы.

Гэтыя словы з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” маглі б стаць эпіграфам да трэцяга чэмпіянату па касьбе, які праходзіў у рамках 17-га міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Пастаўскім раёне.

Сёння сялянскую касу замяняе тэхніка, і такога шчымліва-радаснага настрою, які адчуваўся з пачаткам сенакашэння, ужо няма. Але ж мы павінны захоўваць і берагчы даўнія традыцыі нашых дзядоў і прадзедаў.

Ідэя правесці конкурс на лепшага касца нарадзілася ва ўраджэнца вёскі Жылінскія Навасёлкаўскага сельсавета Пятра Караля, які з’яўляецца дырэктарам ЧТУП “Новавікінг”. З дзяцінства Пётр Паўлавіч сябруе з касой, і касьба з’яўляецца яго самым любімым захапленнем.
Адным з тых, хто адважыўся паказаць сябе сапраўдным касцом, быў наш калега – вадзіцель рэдакцыі райгазеты “Родныя вытокі” Вячаслаў Чарвінскі, які, рыхтуючыся да спаборніцтва, адкляпаў тры касы.
– Ужо ў першым класе я ўзяў у рукі гэту прыладу, – зазначыў Вячаслаў Анатольевіч, – а ў пятым дапамагаў бацьку, які працаваў нарыхтоўшчыкам кармоў. У такім узросце я мог накасіць два конскія вазы зялёнай масы і самастойна адвезці на ферму. Лічу, што ніякі спартыўны трэнажор не прынясе чалавеку столькі карысці здароўю, як каса. У будучым збіраюся навучыць сваіх трох унукаў валодаць гэтым інструментам.

Пазмагацца за першае месца выказалі жаданне каля 20 удзельнікаў, сярод якіх нават былі дзве жанчыны. Перад стартам спаборніцтва ўсіх вітаў старшыня Навасёлкаўскага сельсавета Канстанцін Мядзведзеў:
– Каса – гэта своеасаблівы інструмент, які карміў нашых дзядоў і прадзедаў, – гаварыў ён. – Мы настройваем людзей на тое, каб папулярызаваць традыцыю, якая адыходзіць у мінулае, бо, як вядома, менавіта сенакашэнне аб’ядноўвала сем’і, у дзяцей прывівала любоў да працы.

Перад пачаткам касьбы ўсім удзельнікам было прапанавана вызначыць нумар свайго участка шляхам жараб’ёўкі. Далей іх чакала пяцігадзінная касавіца. Той, хто спраўляўся з асноўным участкам, мог папрасіць выдзеліць яму дадатковы. Па завяршэнні спаборніцтва ўдзельнікі з нецярплівасцю чакалі падвядзення вынікаў. Пакуль судзейская калегія абмярала плошчы, ацэньвала якасць выкананай работы, для касцоў ладзіўся абед са страў беларускай кухні.

У выніку першае месца за скошаныя амаль 29 сотак і прыз – 3 мільёны рублёў – атрымаў падпалкоўнік запасу Мікалай Яльчык. Увечары ён быў узнагароджаны на галоўнай плошчы Пастаў. Што датычыцца нашага земляка, то Вячаслаў Чарвінскі паказаў добры вынік: скасіў амаль 21 сотку і заняў шостую пазіцыю. Ён таксама не застаўся без грашовага ўзнагароджання.

Трэба адзначыць, што генеральным спонсарам чэмпіянату з’яўляецца “Прыорбанк” ААТ ЦБУ №202 г. Полацка, прадстаўнікі якога прыехалі да ўдзельнікаў з сувенірамі.

Пасля завяршэння касьбы наш калега выказаў думку, што нядрэнна было б і ў нашых мясцінах праводзіць падобнае мерапрыемства. Па-першае, гэта выхоўвае вынослівасць, па-другое, адраджае былую традыцыю нашых дзядоў. А ў дадатак падчас такога спаборніцтва нарыхтоўваецца корм жывёле і наводзіцца парадак у вёсках.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі касьбы.
Фота А. Варанковіча.

no images were found

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *