«Музыкальная гостиная» ждет посетителей в детском саду №2 г. Докшицы

Кожная раніца Ірыны Каляга пачынаецца з усмешак 78 дзяцей – выхаванцаў Докшыцкага дзіцячага сада № 2 “Рамонак”. Ці гэта не шчасце, калі вялізныя наіўныя вочкі глядзяць на цябе ў чаканні новага, нязведанага, а ты, як першаадкрывальнік, адказваеш на шматлікія пытанні малых? Менавіта ў дзіцячым садку хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць вучыцца жыць у грамадстве, праз гульні яны спасцігаюць уменні і навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым жыцці.

Пра вялікую адказнасць у абранай прафесіі жанчына ведала з дзяцінства – яе мама ўсё жыццё выхоўвала дзятву. Закончыўшы Магілёўскае педвучылішча, Ірына Анатольеўна атрымала спецыяльнасць, любоў да якой, можна сказаць, прыйшла з матчыным малаком.

DSC00024
– Матуля была загадчыцай дзіцячага сада, што некалі размяшчаўся на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Чарняхоўскага. Яна вельмі перажывала за мяне, бо я, калі прыйшла працаваць, саромелася і нават баялася дзяцей. Адчувала вялікую адказнасць за іх. Аднак усё прыходзіць з практыкай. Так і мама гаварыла: працуй, вучыся на сваіх памылках, спрабуй нешта новае, галоўнае – вер у сябе. Вось ужо амаль сорак гадоў я з дзецьмі і ніколькі не шкадую, што склалася менавіта так.

Строгасць і дысцыплінаванасць не перашкаджаюць Ірыне Анатольеўне знаходзіць агульную мову з выхаванцамі. Можа таму, што за знешняй маскай “Фрэкен Бок” хаваецца добрае сэрца “Мэры Попінс”. Малыя цягнуцца да яе, з нецярплівасцю чакаюць заняткаў. Вясёлыя, цікавыя мерапрыемствы, у якіх прымаюць актыўны ўдзел не толькі дзеці, але і іх бацькі, – візітная картка садка. “Музычная гасціная”, арганізатарам якой з’яўляецца Ірына Каляга, заўсёды чакае наведвальнікаў, у ёй кожны знойдзе прымяненне свайму таленту: адны добра спяваюць, другія танцуюць, а трэція выразна чытаюць вершы. Усё разам стварае атмасферу, праз якую ў першую чаргу дзеці вучацца любіць тое, што вакол нас. А яшчэ такія агульныя святы – гэта сяброўства і ўмацаванне адносінаў бацькоў і дзяцей.

Акрамя музычных заняткаў, Ірына Анатольеўна займаецца развіццём іншых здольнасцей сваіх выхаванцаў: разам яны вышываюць, плятуць розныя вырабы з саломкі, лазы. Дэкаратыўнае мастацтва даўно стала яе захапленнем. Некалі нават на майстар-класы ў Дом рамёстваў хадзіла. Ствараючы цяпер разам з дзецьмі мастацкія вырабы, арганізоўвае шматлікія выставы.

Самае галоўнае для выхавальніка – гэта гонар за тых хлопчыкаў і дзяўчынак, навучанню якіх ён прысвяціў сваё жыццё. Для Ірыны Каляга гэта раскрытыя таленты дзетак. А такіх яна знайшла і выявіла нямала.

НА ЗДЫМКУ: музычны работнік дзіцячага сада “Рамонак” Ірына Каляга са сваімі выхаванцамі.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *