Самое большое богатство Ольги Хилько, жительницы деревни Бабцы Бегомльского сельсовета

“Мама, мамачка, матулечка наша, нам з табою так цёпла, добра, весела”. Бачыце, як выразна гавораць пра гэта вочы і ўсмешкі дзетак: 11-гадовай Ані, 10-гадовага Мішы і 5-гадовага Жэні, якія, нібы тыя кураняткі, туляцца каля сваёй мамы. Яны – самае вялікае багацце Вольгі Хілько, 32-гадовай жыхаркі вёскі Бабцы Бягомльскага сельсавета. І самая вялікая яе радасць.

Сама Вольга вырасла ў дружнай вялікай сям’і, дзе было многа дзяцей, дзе панавалі любоў і павага паміж малымі і іх бацькамі. Дзяцей прывучалі да працы, да парадку і дысцыпліны. Ды, пэўна, не зусім дакладна будзе сказаць “прывучалі”. Спецыяльна дарослыя гэтага не рабілі, проста іх дзеці кожны дзень бачылі сваіх бацькоў за працай, дапамагалі ім і дома, і на ферме. Так было заведзена ў сям’і Казіміра Шпэта, прыкладнага бацькі, мужа, сем’яніна і вядомага ў раёне загадчыка перадавой фермы “Бабцы”, што ў сельгасфіліяле “Бягомльскі”. Вось і яго дзеці сталі такімі. Цяпер дачка Вольга сваіх дзетак выхоўвае так, як некалі яе маці з бацькам. Хоць і маладая яна мама, але мудрая. Упэўнена, што фізічна караць дзяцей за іх правіннасці, няправільна. Такое пакаранне нічога добрага не дасць, лічыць яна, а пасеяць у сэрцах малых непрыязнасць можа, да таго ж і захавацца там надоўга. А вось строгасць у выхаванні патрэбна, пераканана Вольга Казіміраўна. “Мы так раслі і я патрабую ад дзяцей, каб слухаліся мяне з першага слова”, – гаворыць жанчына. Невысокая ростам, шчупленькая, яна прызнаецца, што сама яшчэ адчувае сябе дзіцем, і здзіўляецца, як гэта ў яе ўжо сваіх трое. І сапраўды, Анечка па росту ўжо маму дагнала, праз пару год, глядзіш яе з дачкой, за сясцёр нехта можа прыняць.

IMG_6015
І калі хлапчукі больш шустрыя і гарэзлівыя, за імі вока ды вока патрэбна, то дзяўчынка ўжо амаль самастойная, добрая маме памочніца – і посуд памые, і ў хаце прыбярэ, і агарод выпале.

Па прафесіі Вольга повар. Пасля школы закончыла Мінскае кулінарнае вучылішча і на працягу двух год працавала ў сталічным кафэ. Але, відаць, мацнейшымі былі бацькоўскія карані, калі не змагла назаўсёды пакінуць малую радзіму. Сэрца клікала назад, у вёску, на ферму, дзе было ўсё да болю знаёма і міла. Ніколькі не шкадуе, што вярнулася. Кажа, што працаваць на ферме ёй зусім не цяжка. Спраўляецца і дзетак дагледзець, накарміць, у школу выправіць – Аня вучыцца ў 5-м класе, Міша – у 4-м, а Жэнечку разам са старэйшымі дзецьмі школьны аўтобус у садзік у Бягомль кожны дзень адвозіць. Увечары, калі на дойку трэба бегчы, ёсць дзяцей на каго пакінуць – побач жыве яе мама. Як бачым, без мамы – нікуды. Якія б дзеці ні былі – дарослыя ці маленькія – а ў мамінай дапамозе і падтрымцы заўсёды ёсць патрэба.

Анна ЖОЎТКА.
На здымку: на ўсіх дзетак хапае мацярынскага цяпла ў Вольгі Хілько.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *