У Татьяны Кизиной из деревни Берёзки Докшицкого района проявляются дизайнерские способности

IMG_6051Чужая душа – поцемкі, – кажуць у народзе. Не заўсёды гэтыя поцемкі выходзяць на святло. А вось у нашым выпадку – наадварот. Таццяна Кізіна з Бярозак працуе апошнія 14 гадоў аператарам машыннага даення КУСГП імя Чэрныша. З работай спраўляецца, папрокаў у свой адрас з боку спецыялістаў, кіраўніцтва прадпрыемства не мае. Ды сёння размова пойдзе ў другім кірунку. Расказаць пра гэту сціплую жанчыну нам прапанавалі ў мясцовым сельвыканкаме. Справа ў тым, што Кізіна – выдатная домаўласніца. Дом, двор даведзены да адмысловага парадку. І сказанае заключаецца не проста ў чысціні і камфорце, але ў прыгажосці. Першае, пра што мы спыталі ў жанчыны, хто дапамагае спраўляцца з вялікім аб’ёмам работ. Было бачна, што гаспадыня, апрача кветкаводства, вырошчвае агародніну і садавіну, на гаспадарчым двары ўтрымлівае курэй і качак, свіней і карову…
– Дзеці, – сціпла адказвае жанчына. – Яны ў мяне ўжо дарослыя: дачка выпускніца, сын старшакласнік.
Таццяна ў свае 40 з хвосцікам удава. Рана страціла мужа, для дзяцей стала і маці, і бацькам у адной асобе, цягне на сабе дзве работы: на прадпрыемстве і дома і на жыццё не скардзіцца. “Есть женщины в русских селеньях…” – успамінаюцца радкі Някрасава. Ці можа Таццяна спыніць каня “на скаку”, не ведаю, але многае ёй па сіле. Магчыма, каб жыла жанчына не ў вёсцы, каб атрымала спецыяльнасць, да прыкладу, дызайнера, то магла б праславіць і сябе, і фірму, і населены пункт. Яна ўмее бачыць прыгажосць, ствараць яе ў думках, а затым ператвараць у рэальнасць. З вялікага аздаблення прыдамавой тэрыторыі сёння засталіся толькі ружы, накрытыя дзіцячымі курткамі, кветкі пад хатай на прыступках, ды ліхтары, якімі асвятляюцца ноччу ўсе сцяжынкі. Кажуць, што зараз менавіта яны выдзяляюць дом з ліку іншых, падобных адзін на другі, што стаяць на цэнтральнай вуліцы ў Бярозках. А вось архітэктурныя скульптуры, як вялікія, так і малыя, адпраўлены на зімняе захоўванне. Па словах гаспадыні, на іх былі затрачаны немалыя грашовыя сродкі, бо не ўсё можна зрабіць сваімі рукамі, а таму зашанаваныя. У бліжэйшых планах дбайнай жанчыны абнесці ўсю прыдамавую тэрыторыю жалезабетоннай агароджай, якая стаіць ля вуліцы, бо як толькі дачушка скончыць школу і паступіць у ВНУ (ёсць надзея, бо Насця вучыцца добра), грошы пойдуць на яе адукацыю.
Вось з такім разлікам, планамі і пажаданнямі жыве сям’я Кізіных, дзе маці на першае месца ставіць агульныя патрэбы і выхаванне дастойных дзяцей.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Таццяна Кізіна.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *