В Докшицком Департаменте охраны работают только классные специалисты

IMG_6368Яго называюць па-рознаму і ўсе гэтыя эпітэты яму падыходзяць поўнасцю. Сямнаццаць гадоў аддаў службе ў Дэпартаменце аховы Дзмітрый Пусташыла (на здымку). Прыйшоў сюды пасля арміі і заканчэння Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Дакладней, пасля працы ветурачом у “Бягомльскім” ён уладкоўваецца ў ахову. Трэці сын з сям’і Пусташылаў стаў працаваць у органах.
Год працаваў вартаўніком, але кар’ерны рост не прымусіў ініцыятыўнага чалавека доўга сябе чакаць. Ды і нічога незвычайнага ў гэтым не было. Яшчэ ў арміі, дзе юнаку давялося служыць у ролі кінолага, ён хутка ішоў па службовых прыступках. Ужо праз два месяцы атрымаў званне малодшага сяржанта, а да канца службы (за год, бо меў вышэйшую адукацыю) стаў старшым сяржантам. Такога можна дасягнуць толькі за асаблівыя заслугі. І яны былі. Салдат, які меў дыплом ветурача, на самой справе любіў жывёлу. Сабакам удзяляў вялікую ўвагу. Замест абавязковай гадзіны работы з імі, займаўся ўвесь вольны час. І чацвераногія службоўцы шчодра дзячылі свайму выхавальніку. Дзмітрый Пусташыла вазіў іх на розныя выставы, прымаў удзел у “Бестон-шоу” і адтуль вяртаўся з перамогамі.

– Служба дысцыплінуе, арганізоўвае, загартоўвае характар, прымушае ў целе трымаць здаровы дух, – гаворыць сённяшні камандзір спецгрупы ўзводу міліцыі Дэпартамента аховы Дзмітрый Дзмітрыевіч Пусташыла. — Сваё жыццё інакш я не ўяўляю.
Сярэдняга ўзросту круглявы міліцыянер з карымі вачамі, у якіх свецяцца дабрыня і спагада, чалавекалюбства і кампетэнтнасць, зачароўвае сваімі гераічнымі аповедамі, у якіх ні грама пахвальбы і ганарлівасці. Пра выпадкі, за якія меў рознага роду ўзнагароды, ён расказвае як пра звычайныя будзённыя справы. З іх зразумела, што чалавек выходзіць на службу, каб папярэдзіць правапарушэнні і няшчасныя выпадкі, раскрыць злачынствы. Вось адно з іх. На аўтазаправачных станцыях зафіксавалі неаднаразовыя ўскрыцці бакаў у фурах і крадзеж саляркі. Знайсці злачынцаў пакуль нікому не ўдавалася. А тут на службу заступае Пусташыла з напарнікам. У час начнога аб’езду Бягомля трапіла ім на вока машына з чужымі нумарамі і незнаёмымі маладымі людзьмі, якія вялі сябе задзірліва, нахабна. Пасля таго, як гарпасёлак заснуў, гэту машыну дбайныя ахоўнікі заўважылі ля АЗС. Паставілі свой транспарт за метраў 300 ад запраўкі і праз лес накіраваліся да таго месца. Далей было, як у кіно, на дапамогу прыйшла група з РАУС, і злачынцы былі затрыманы.
Пытаемся, ці было страшна, і чуем адказ:
– Не. На той момант у мяне было 8 гадоў стажу ў ахове, а значыць, вопыт і фізічная загартоўка, — гаворыць Дзмітрый. — Да таго ж я быў упэўнены ў напарніку. Разам мы маглі справіцца з чатырма бандытамі. З намі быў сабака, а гэта яшчэ адзін памочнік. Страху не было, а жаданне папярэдзіць злачынства, абараніць людзей ад замаху на чужую маёмасць — вялікае.
За прыкладнае выкананне службовых абавязкаў у капітана Д.Д. Пусташылы шэраг узнагарод, удзячнасцяў, прыкладаў матэрыяльнага заахвочвання. Ён першым у аддзеле атрымаў нагрудны знак “Класны спецыяліст” 3-га класа.
А дома Дзмітрый — любячы муж, пяшчотны бацька дзвюх дачушак, дбайны гаспадар, надзейны сябар. Ён ганарыцца жонкай, якая выхоўвае ў садку дзяцей і трымае ў парадку дом. А таксама дочкамі – Дашай і Машай, якія добра вучацца і ва ўсім дапамагаюць па гаспадарцы. У людзях цэніць шчырасць і добразычлівасць. Сам таксама не пазбаўлены гэтых якасцяў характару.

Нэлі МІХАЛЕВІЧ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *