В сельхозорганизациях Докшицкого района продолжается заготовка кормов для скота

У сельгасарганізацыях раёна працягваецца нарыхтоўка кармоў для жывёлы. Каб забяспечыць ёй сытную зімоўку, гэта работа будзе весціся да глыбокай восені. Асноўная расліна, якая выкарыстоўваецца цяпер для прыгатавання кармоў, – гэта кукуруза.

У ААТ “Таргуны” па стане на 6 кастрычніка яна была ўбрана толькі на палавіне плошчаў. Яно і зразумела: аб’ём уборкі тут немалы – у параўнанні з іншымі ў гэтай гаспадарцы кукуруза вырошчваецца на самай вялікай плошчы – 1300 гектарах.

Дзесьці 150 гектараў адвялі для ўборкі на зерне, якое пасля абмалоту і дасушвання пойдзе на прыгатаванне мюсляў – корму для цялят. Такім чынам будуць сэканомлены немалыя грошы, бо, як вядома, кукурузнае зерне каштуе дорага. Абмалочвае гэты ўчастак на КЗС-1218 Уладзімір Сайковіч. Па стане на 6 кастрычніка на ток было дастаўлена 60 тон залацістага зерня.

Паралельна механізатары ўбіраюць каралеву палёў і адвозяць яе да ферм для закладкі на сілас. У цяперашні час закладваюцца сіласныя траншэі ля ферм Касцюкі і Несцераўшчына. У гэтай рабоце заняты дзве брыгады механізатараў. Першая ў саставе Вячаслава Аніковіча (жне кукурузу на “Ягуары”), Сяргея Пяцько і Аляксандра Касцюковіча (адвозяць зялёную масу да месца сіласавання) працуе на полі, што паміж фермай Несцераўшчына і вёскай Бірулі. Штодзень мужчыны нарыхтоўваюць па 350-400 тон якаснага корму. Другая брыгада ў саставе камбайнера Уладзіміра Савульскага і трактарыстаў на адвозцы зялёнай масы Уладзіміра Янкоўскага і Канстанціна Ратушнага завіхаецца на кукурузным полі ля вёскі Восава і нарыхтоўвае ў дзень прыкладна 300 тон корму. Пакуль дазваляюць добрыя ўмовы надвор’я, механізатары стараюцца выканаць за дзень як мага большы аб’ём работы. Што ні кажы, а час набліжае нас да зімы. Нягледзячы на гэта, у корманарыхтоўшчыкаў ён і цяпер вельмі гарачы.

IMG_5965

Анна Жоўтка.
На здымку: на хвілінку спынілі тэхніку (злева направа) Сяргей Пяцько, Аляксандр Касцюковіч і Вячаслаў Аніковіч.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *