В середине 70-х годов группа по борьбе с расхищением социалистической собственности Докшицкого райотдела милиции стала лучшей в республике

001-1У сярэдзіне 70-х гадоў група па барацьбе з раскраданнем сацыялістычнай уласнасці Докшыцкага райаддзела міліцыі стала лепшай у рэспубліцы. А ў яе складзе працавалі ўсяго два чалавекі, але якія! Былы выпускнік школы міліцыі капітан Васіль Іванюшчанка і былы інспектар райфінаддзела, а потым капітан міліцыі Войцэх Бальчэўскі. Ад сплаву двух таленавітых людзей: аператыўніка і фінансіста атрымалася грымучая сумесь у выглядзе групы, якой адны захапляліся, другія – баяліся, трэція – ненавідзелі.
Іх легендарны рэкорд па колькасці раскрытых эканамічных злачынстваў да сённяшняга часу паўтарыць не здолеў ніхто. На яго рахунку раскрытая злачынная група ў ПМК-48, дзе за завышаныя аб’ёмы работ падстаўныя асобы атрымлівалі зарплаты, якія часам у тры разы перавышалі кошт тагачасных новых “Жыгулёў”. Стварыў групоўку былы памочнік пракурора, таму “раскусіць” гэты арэх было вельмі складана. Але ён аказаўся па зубах маладым аператыўнікам. Затым было ДЭУ-180, дзе раскраданнем маёмасці займаўся начальнік разам з майстрамі.
Як на прагляд дэтэктыўнага тэлесерыяла, хадзілі гараджане ў суд, дзе на працягу некалькіх дзён слухалася справа злачыннай групы райспажыўсаюза разам са старшынёй праўлення і камбіната грамадскага харчавання, на чале якой стаяў сам дырэктар. Кралі кааператары па-буйному: камбікорм – вагонамі. Дарэчы, старшыня была яшчэ і дэпутатам, таму тры заходы прыйшлося рабіць, каб пазбавіць яе мандата.
Перамога правасуддзя паспрыяла таму, што радавыя грамадзяне сталі супрацоўнічаць з міліцыяй. Гэта дзякуючы ім, быў раскрыты крадзеж прадукцыі на хлебазаводзе. Майстар, экспедытар і вадзіцель прадавалі “левы” хлеб, а выручку дзялілі між сабой.
Падобных эпізодаў было шмат. Практычна ўсе справы, за якія браўся дуэт Іванюшчанка-Бальчэўскі, даходзілі да суда. У хуткім часе Іванюшчанку перавялі ў іншы раён намеснікам начальніка РАУС. На пенсію палкоўнік пайшоў з пасады начальніка асабовага аддзела УУС аблвыканкама. Яго напарнік таксама стаў палкоўнікам і ў 1986 годзе ўзначаліў раённы аддзел міліцыі (у іншыя раёны, вобласць не пайшоў, хоць і запрашалі). На гэтай пасадзе Войцэх Іосіфавіч разам з калегамі перажыў перабудову, галоснасць і “ліхія” дзевяностыя. Незалежна ад грамадска-палітычнай абстаноўкі перад праваахоўнікамі стаяла адна задача: барацьба са злачыннасцю, і яны дастойна яе выконвалі. На працягу многіх год Докшыцкі райаддзел уваходзіў у пяцёрку лепшых аддзелаў вобласці. Медалём “За ахову грамадскага правапарадку” яго начальнік быў узнагароджаны пасля затрымання рэцыдывіста, насільніка, на рахунку якога значылася каля 50 крадзяжоў. Медалём “За адвагу на пажары” былі адзначаны заслугі В.І. Бальчэўскага па ліквідацыі пажару на Крулеўшчынскай нафтабазе.
– Афіцэраў і сяржантаў, якія тады служылі ў міліцыі, – гаворыць сённяшні старшыня ветэранскай арганізацыі райаддзела В.І. Бальчэўскі, – адрознівалі вялікая працавітасць і адданасць доўгу. Прыходзілася па некалькі сутак у засадах сядзець і зброю прымяняць. Той час вырасціў цэлую плеяду сапраўдных вартавых правапарадку. Гэта Рыгор Козел, Альбін Несцяронак, Уладзімір Вішнеўскі, Аркадзь Гутар, Тадэвуш Цягуновіч, Казімір Аўласевіч, Аляксандр Аксючыц, Уладзімір Каваленка, Валерый Леднік, Юрый Мацяюн, Валерый Русак, Павел Кавалёнак, Мікалай Левановіч, Леанід Гамановіч, Мікалай Шульгат, Рыгор Мацюшонак. Сяржантам пачынаў службу ў райаддзеле Уладзімір Ходаль. Прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы і зрабіў галавакружную кар’еру. Узначальваў Верхнедзвінскі, Докшыцкі райаддзелы міліцыі. За высокія прафесійныя якасці быў прызначаны начальнікам 5-га ўпраўлення па Віцебскай вобласці МУС РБ. На пенсію палкоўнік У.А. Ходаль пайшоў з пасады першага намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення асабовай бяспекі, начальніка 1-га ўпраўлення МУС Рэспублікі Беларусь.
Усім сябрам і калегам па службе хачу сказаць, што калі вы апранулі пагоны, то адмовіліся ад спакойнага жыцця, ступілі на сцяжынку барацьбы са злом. Вы асудзілі сваіх родных на трывогі і хваляванні, але разам з тым вы раз і назаўсёды распісаліся ў сваёй поўнай гатоўнасці быць вартавым правапарадку. А гэта служба высокародная і ганаровая.

Тамара Альшэўская.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *