Белорусы знаменитые, трудолюбивые

IMG_7257У Курдзеках, аддаленай ад цэнтральнай дарогі вёсцы, жывуць дбайныя, спрытныя гаспадары. І ля дамоў у іх парадак, і ў агародзе, на прысядзібным надзеле – не горш. Як і належаць беларусам, жывуць людзі са сваёй працы. І прыбытак ад яе маюць, і задавальненне.

Вось, да прыкладу, сям’я Пятра і Людмілы Плюта. Людзі паважанага ўзросту і дастойна пражытага жыцця. Пётр Мікалаевіч крыху здаў, а Людміла Мікалаеўна і цяпер жанчына жвавая, рухавая. Заходзім да яе ў двор, а панадворак вымецены ад снегу, нібы пэндзлем на карціне пакінуты сляды.

– Навошта вам гэта? – пытаюся ў гаспадыні.

– Каб снег у хату не насіць.

– Вы што, часта ходзіце па вуліцы? Работы ў вас безліч?

– Ды не. Куркам дам раніцай ды вечарам. Ваду памяняю, каб не стаяў чарапок з лёдам. І ўсё.

Так, калі табе за 80, то свінні ды каровы ўжо не патрэбны. І сам многа не з’ясі, і дзеці ад дапамогі састарэлых бацькоў радасці не атрымліваюць. Галоўнае, каб жылі маці з бацькам. Каб было да каго прыехаць, дакрануцца да цёплай рукі роднага чалавека. Каб убачыць у вачах паразуменне і падтрымку, адчуць клопат і любоў.

Пяцьдзясят восем гадоў разам жывуць Пётр і Людміла. Пажаніліся ў далёкім 56-м. Ён ездзіў да дзядзькі ў Ветахмо. Там і з лёсам сваім сустрэўся. Пражылі душа ў душу. Не лёгка, але ў радасці і спакойна. Пётр Мікалаевіч з сям’і, як кажуць у народзе, граматнай. Яго бацька, дзядзька — і тыя мелі чатыры класы царкоўна-прыхадской школы. Значыць, не толькі маглі распісацца ды палічыць грошы, а валодалі большай граматнасцю. Дзядзька Ігнацій у 1905 годзе паехаў у Пецярбург. Працаваў на мануфактуры, рэвалюцыю рабіў, падымаўся па кар’ернай лесвіцы. Быў нават дырэктарам завода імя Кірава. Вось да чаго даслужыўся курдзецкі грамацей! Запрашаў у госці да сябе пляменніка, а дачку Пятра ўвогуле гатоў быў забраць у паўночную сталіцу, каб дапамагчы ёй атрымаць спецыяльнасць, выдаць за гараджаніна замуж. Ні бацькі, ні сама дзяўчынка не рашыліся на такую ахвяру. Далеч, чужыя куткі… Не паехала яна і не пашкадавала ад прынятага рашэння. Прыязджае з Глыбокага ў вёску, цешыць старых сваім візітам, дапамагае пры неабходнасці.

А Людміла Мікалаеўна, нягледзячы на ўзрост, па-ранейшаму вяжа на прутках і кручком, вышывае. Яе мастацкія работы можна ўбачыць на розных выставах, якія праходзяць у раёне. Сурвэткамі, накідкамі на падушкі, абрусамі і посцілкамі аздабляюць святочныя мерапрыемствы мясцовага значэння. Зноў задаю правакацыйнае пытанне бабулі:

– Не знаходзіце месца сваім напрацаваным рукам?

– Нават калі работ было шмат, і тады знаходзіла час, каб вышываць ды вязаць. Пеця іншы раз бурчэў: “Легла б спаць, адпачыла б!” Ды хіба ён мне ў гэтым паправіць. Я і світары яму вязала, і шкарпэткі-рукавіцы – гэта ж вунь якая эканомія! Дачка забірала ў Глыбокае карункавыя сурвэткі. Адным словам, хоць і крыпаю пастаянна і раздаю шмат, нешта і сабе застаецца.

Нэлі МІХАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: Людміла Плюта са сваімі работамі.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *