Докшицкий хлебозавод поставляет свою продукцию кроме Докшицкого района ещё в Минск, Глубокое и Мядельский район.

IMG_6625

За 10 месяцаў выпушчана 2185 тон хлебабулачнай прадукцыі, што да ўзроўню мінулага года склала 103, 6 працэнта, і 47 тон кандытарскіх вырабаў, колькасць якіх таксама перавышае планавае заданне. У гэтым аб’ёме 38 працэнтаў займае інавацыйная прадукцыя. Прадпрыемства мае тры ўласныя гандлёвыя кропкі, пастаўляе вырабы ў Мінск, Глыбокае, Мядзельскі раён. Атрымана 1456 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. Рэнтабельнасць прадаж склала 11,9 працэнта пры даведзенай 7-8 працэнтаў. Сярэдняя заработная плата – 4892,9 тысяч рублёў.

Дастойна трымаюць марку докшыцкага хлеба, працягваючы справу сваіх папярэднікаў, начальнік лабараторыі Докшыцкага хлебазавода Святлана Чурко (стаіць), інжынер-тэхнолаг Наталля Онухава.

Яшчэ да гадоў 70-х мінулага стагоддзя спячы бохан хлеба ўмела амаль кожная гаспадыня. Практычна да гэтага часу яму і надавалі перавагу на вёсцы. Завадскі хлеб прадаваўся ў Докшыцах, Бягомлі, Крулеўшчыне, Параф’янаве. Да 50-х гадоў яго выпякалі ў маленькіх прыватных пякарнях. У Докшыцах да вайны іх было пяць, а яшчэ восем булачных, і ўсе яны належалі габрэям. Будынак адной з іх на вул. Пушкіна захаваўся да сённяшняга часу (зараз крама рытуальных тавараў спажывецкай кааперацыі). Яго гаспадыня Рыва Элька Хацкель выпякала найсмачнейшыя булачкі, баранкі і была добрай жанчынай. Дзецям бедных гараджан падгарэўшую булачку магла даць бясплатна. Трэба сказаць, што хлеб, і асабліва здоба, былі вельмі смачнымі і параўнальна недарагімі. Вырабы пакупнікам прадаваліся толькі свежымі, нават гарачымі. Знявагай лічыў для сябе гаспадар пякарні прадаваць хлеб учарашняй выпечкі.
Прыкладна ў 1950 годзе ў горадзе была адкрыта дзяржаўная пякарня. Месца для яе адшукалі ў канцы вул. Савецкай, дзе застаўся не разбураны вайной каменнай кладкі будынак. Праз два гады прыйшла туды працаваць Браніслава Корсун.
– У пякарні было два паверхі, – успамінае заслужаны хлебапёк, – на другім месціліся невялічкая лабараторыя і кантора, а сам цэх, калі яго так можна было назваць, быў як бы ў падвале, там працавалі дзве печы. У адну з іх хлеб саджалі лапатай, у другой – выпякалі булкі ў формах, але клалі цеста туды таксама рукамі. Наогул уся праца была ручной. Самі насілі дровы, ваду з калодзежа, выграбалі жар, сеялі муку. Цяжкая фізічная праца ўскладнялася яшчэ і невыноснай спякотай у цэху. Але ж дзе тады, пасля вайны, было лёгка? Людзі працавалі на знос, але радаваліся, бо над намі было мірнае неба.
Належала пякарня прамкамбінату (папярэднік КБА). Яе дырэктары зменьваліся вельмі часта, бо якасны хлеб патрэбных аб’ёмаў у падобных прымітыўных умовах выпякаць было вельмі складана. Пра гэта не раз тады пісала раённая газета “Ленінская праўда”. Акрамя хлеба, варылі карамель, рабілі газіроўку, мачылі яблыкі, салілі капусту і грыбы.
У 1967 годзе на базе пякарні быў створаны хлебазавод, але ў вытворчасці ад гэтага мала што змянілася.
– Змены прынесла будаўніцтва новага будынка завода на месцы таго, які ў 1971 годзе знішчыў пажар, – успамінае старэйшы работнік, былы лабарант Людміла Сушко. – Прыйшла некаторая механізацыя працы, але закваску рабілі самі і “трэсліся” над ёй, каб не звялася. Затое пах ад “жывога” хлеба запаўняў наваколле. На Савецкай было чутна, што недалёка знаходзіцца хлебазавод.IMG_6742
Першая рэканструкцыя, у час якой быў пабудаваны хлебабулачны цэх, закончылася ў 1975 годзе. Хлебазавод пачаў выпякаць хлеб, які хутка стаў вядомы далёка за межамі раёна. Заслуга ў гэтым многіх работнікаў і, у першую чаргу, начальніка лабараторыі Яўгеніі Лібоза. Самая вялікая рэканструкцыя прыйшлася на канец 80-х – пачатак 90-х гадоў. Распачынаў яе Пётр Арцёмаў, а завяршыў Анатоль Цыбульскі. Пасля яе завод стаў нагадваць сучасную вытворчасць. Пачалі працаваць кандытарскі цэх, булачны, склад бястарнага захоўвання мукі. Новыя памяшканні атрымалі лабараторыя, адміністрацыя. Шмат сіл уклалі ў хлебапякарную вытвор

часць механік Сяргей Тычко, пекары Яўгенія Палуйчык, Соф’я Батура, Таццяна Гушчык, Тэрэса Захарэвіч, Ніна Кукуля, экспедытар Мікалай Лагуцька, мікрабіёлаг Валянціна Рамейка, качагар Мікалай Адамовіч і многія іншыя работнікі.

ххх

Столькі сартоў хлеба, колькі прапаноўваюць сёння докшыцкія майстры, старажылам і прысніцца не магло. Гэта Бураціна ў казцы прасіў у гаспадара карчмы тры скарыначкі хлеба, зараз жа пакупнік у задуменні стаіць перад вітрынай, вырашаючы, якому прадукту надаць перавагу. Ёсць хлеб традыцыйны, ёсць бяздрожжавы. Вельмі пашырыўся ў апошні час выбар чарэневага хлеба, галоўная перавага якога ў тым, што ён даўжэй захоўваецца. Сярод навінак – “Мартынаўскі”, “Дзвінскі жытні дыябетычны”, вітамінізаваны “Ульянка”. Смакату і карысць спалучае ў сабе хлеб з сухафруктамі “Багаты аматарскі”, які не здымаецца з вытворчасці ўжо каля трох год. Знайшлі свайго пакупніка хлеб на фруктозе “Куцянскі дыябетычны”, булка з вотруб’ем “Альгерд”, хлеб “Бялыніцкі” – з дабаўленнем вітамінна-мінеральных прэміксаў і іншыя.
Для ласуноў багаты выбар тартоў і пірожных на любы густ. Пакупнікі ўжо даўно адзначылі сваёй увагай пірожныя з арахісам, з маслянічным крэмам “Бушэ”. Асаблівым попытам карыстаюцца тарталеткі, якія раскупліваюцца імгненна. Напоўненыя любой салатай, яны адразу робяць стол прыгожым і святочным.
– У час работы над асартыментам, – гаворыць інжынер-тэхнолаг Наталля Онухава, – мы прыйшлі да высновы, што найбольшым попытам у пакупніка карыстаюцца вырабы, дзе прысутнічаюць раслінная смятанка, варанае згушчанае малако, шакалад, арэхі. Менавіта гэтыя інгрэдыенты ўваходзяць у навінкі, якія мы падрыхтавалі нашым пакупнікам да навагодняга стала. Умелыя рукі старэйшага кандытара Ганны Грыцкевіч упрыгожваюць тарты “Зорны дождж”, “Млечны шлях”, “Ночка” фундуком, шакаладнай глазурай і іншымі ўпрыгожаннямі так, што яны самі просяцца ў рот. Гэта вырабы вагой да 1 кілаграма, якія ідуць у масавы продаж. Эксперыментуе майстар з дэкорам заказнога торта “Шацілінскі”. Упрыгожанне вырабляецца з суфле, у склад якога ўваходзяць толькі натуральныя прадукты.
Поспех любога прадпрыемства ствараюць людзі, але вельмі вялікую ролю мае і тэхнічная аснашчанасць вытворчасці. Пастаяннае тэхпераўзбраенне, асваенне новых тэхналогій – гэта той шлях, якога прытрымліваецца завод на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. У бягучай пяцігодцы ўведзены ў эксплуатацыю печы «Tubix-432», “Ротар-812”, цестамясільная машына “Прыма-300Р”, чатыры аўтамабілі для перавозкі хлебабулачных вырабаў і шмат чаго іншага. Сёлета трэба асвоіць 900 мільёнаў рублёў інвестыцый. Гэты план практычна ўжо выкананы.

ххх

IMG_6736На прадпрыемстве працуюць 111 чалавек. У большасці сваёй гэта людзі, якія аддалі вытворчасці не адзін дзясятак год. У першую чаргу, першакласны спецыяліст прафесіянал з вялікай літары нязменны галоўны інжынер Марыя Качаткова. Разам з ёй больш за 35 год аддалі заводу кладаўшчык Тамара Канапелька, слесар Аляксандр Кулікаў (здымак 1), якія сёлета да прафесійнага свята атрымалі каштоўныя падарункі. Усё працоўнае жыццё прайшло на заводзе ў майстара вытворчага ўчастка Крысціны Хацяновіч, галоўнага бухгалтара Таццяны Стукан (здымак 2), былога галоўнага эканаміста, а зараз дыспетчара Ліліі Агафончык. Такіх адданых прафесіі хлебапёка людзей на заводзе налічваецца больш за чатыры дзясяткі. Прадпрыемства прываблівае высокай зарплатай, дастойнымі ўмовамі працы, сацыяльным пакетам. Дырэкцыя і прафсаюзная арганізацыя памятаюць і клапоцяцца пра кожнага члена калектыву, у тым ліку і тых, хто зараз знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Раз у год ветэраны-пенсіянеры бываюць гасцямі на заводзе і радуюцца яго поспехам. Для маладога пакалення такія сустрэчы з’яўляюцца доказам таго, што выбранае імі месца працы – гэта сапраўдная вытворчая сям’я, дзе ўсе дружна працуюць на карысць свайго прадпрыемства.

 Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *