Отличное настроение от хороших условий труда

Сярод ваенных камісарыятаў вобласці прайшоў агляд-конкурс на лепшы адміністрацыйны будынак. Докшыцкі ваенкамат заняў трэцяе месца, крыху саступіўшы Лепельскаму і Віцебскаму.

IMG_8641

Сёння ваенныя камісарыяты — гэта зладжаныя баявыя адзінкі Узброеных сіл рэспублікі. Яны адказваюць за мабілізацыйныя мерапрыемствы, тэрытарыяльную абарону і разам з мясцовымі органамі праводзяць прызыў грамадзян на воінскую службу. У іх абавязкі ўваходзіць і забеспячэнне сацыяльнай абароны ваеннаслужачых, прызыўнікоў, ваеннаабавязаных і членаў іх сем’яў.

Яшчэ некалькі месяцаў таму ў Докшыцкім ваенкамаце праходзілі зборы, медагляды і іншыя мерапрыемствы ў не вельмі спрыяльных умовах. Шматлікія нязручнасці і невыгоды выклікалі незадавальненне наведвальнікаў.

У далёкім 1983 годзе, калі будынак раённай паліклінікі перадалі ваенкамату, у ім быў зроблены капітальны рамонт. З таго часу толькі касметычныя рамонты змянялі знешні выгляд, але праблемы не вырашалі.

– Палепшыць умовы працы работнікам ваенкамата было даўняй задумкай, – дзеліцца ваенны камісар Генадзь Пацэвіч. – У гэтым годзе Віцебскі ваенны камісарыят выдзеліў нам сродкі. Мы поўнасцю замянілі камунікацыі, пераабсталявалі медыцынскі сектар. Урачы, якія прыходзяць да нас у час прызыўной кампаніі, цяпер задаволены ўмовамі працы.

Асноўныя работы дапамаглі выканаць філіал № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” і прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства “Рэгул-Інвест”. Кожны з работнікаў ваенкамата прыняў асабісты ўдзел у рамонце. Вельмі спатрэбіліся “залатыя рукі” тэхніка ваеннага камісарыята Аляксандра Каросціка: малады мужчына і сталярнічаў, і цяслярыў, і мэблю збіраў. Намнога папрыгажэла тэрыторыя ля будынка: добраўпарадкаваннем займаюцца тут не толькі ў “чысты чацвер”.

Плённая праца кожнага была ацэнена камісіяй ваеннага камісарыята вобласці, а ў выніку — не толькі заслужанае трэцяе месца, але і выдатны настрой ад добрых умоў працы.
НА ЗДЫМКУ: большую частку работ па рамонце выканаў Аляксандр Каросцік. За шэсць год працы ў ваенкамаце мужчына зарэкамендаваў сябе адказным і добрым работнікам.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *