Свой магазин открыла в Докшицах известная в стране торговая компания «Доброном»

IMG_8630Гандлёвая сетка райцэнтра павялічылася яшчэ на адну адзінку. Сваю краму адкрыла ў Докшыцах вядомая ў краіне гандлёвая кампанія “Дабраном”. Яе магутнасці, канечне, не тыя, што, напрыклад, у кампаніі “Еўраопт”, але для гандлёвага рынку раёна з’яўленне новага ўласніка мае свае станоўчыя моманты, галоўны з якіх — ажыўленне канкурэнтнай барацьбы сярод гандлёвых суб’ектаў розных форм гаспадарання.
“Дабраном” — гэта значыць “добрая цана”, а што можа быць больш прываблівым для пакупніка, чым шырокі таварны асартымент і танная палітыка цэн? Пакуль што ў новай краме пакупнікоў дастаткова.
– Кожны дзень у нас дзейнічае акцыя на зніжэнне цаны, — расказвае загадчыца крамы Таццяна Валковіч. — Сёння па акцыі прадаюцца рыс, макарона, алей, кансервы “Кілька” ў тамаце. Дагэтуль рэалізоўвалі танны цукар “Рускі”. Зараз кошт на яго ўжо вышэйшы. Брэнд кампаніі — гэта фрукты. Цэны на іх у нас заўсёды ніжэйшыя, чым у іншых гандляроў.

Ананас у “Дабраноме” таксама таннейшы

Ананас у “Дабраноме” таксама таннейшы

Сапраўды, калі прыгледзецца, то ў кошыку амаль кожнага пакупніка ляжаць яблыкі і мандарыны, грушы і лімоны. Касы стаяць блізенька адна ля адной, не вельмі зручна, але касіры працуюць спраўна і пакупнікам доўга стаяць у чарзе не прыходзіцца. Абслугоўваннем новай гандлёвай кропкі, плошча якой 100 квадратных метраў, займаюцца 13 чалавек. За выключэннем загадчыцы, усе астатнія з’яўляюцца жыхарамі нашага раёна. Акрамя стварэння новых месцаў працы, кампанія гатова на іншыя крокі, якія плануе ажыццявіць на карысць раёна. Напрыклад, добраўпарадкаваць прылягаючую да крамы тэрыторыю, у тым ліку аўтамабільнай стаянкі. Вывучаецца пытанне аб збыце ў сетцы “Дабранома” віна мясцовай вытворчасці па цэнах спажывецкай кааперацыі. Гэта зусім невялікая плата за тыя 60 мільёнаў рублёў, якія ў сярэднім кожны дзень пакідаюць у ёй жыхары Докшыччыны.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *