15 января исполняется 75 лет Докшицкому району

 

Докшыцы, 1936 г.

Докшыцы, 1936 г.

15 студзеня спаўняецца 75 год з таго часу, як пачаў існаваць Докшыцкі раён. Падставай для яго стварэння стала аб’яднанне Заходняй Беларусі, тэрыторыя якой да  верасня 1939 года ўваходзіла ў склад Польшчы, з БССР. 

Старонкі гісторыі.

У склад новага раёна Вілейскай вобласці ўвайшлі былыя Докшыцкая, Параф’янаўская і Парплішчанская воласці Дзісненскага павета. Насельніцтва ў ім налічвалася 36468 чалавек, у райцэнтры пражывала 4106 жыхароў. Прамысловасць была прадстаўлена электрастанцыяй у Докшыцах, кааператыўным малочным заводам, броварам, паравым млынам, невялікімі прадпрыемствамі па выпуску цэглы і мінеральнай вады. Сельская гаспадарка ўяўляла сабой аднаасобныя сялянскія і хутарскія гаспадаркі. Працавалі дзве няпоўныя сярэднія школы ў Докшыцах, некалькі пачатковых у буйных вёсках, а таксама — пошта, тэлеграф, амбулаторыя, клуб. У былым маёнтку Блонь пана Прушынскага была арганізавана бальніца на 25 ложкаў.
У студзені-лютым у новым раёне былі сфарміраваны савецкія і партыйныя органы. Арганізавана 14 сельсаветаў. Адбыліся першыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Докшыцкую выбарчую акругу прадстаўляў Мікалай Адамавіч Войніч. Пачалі стварацца партыйныя арганізацыі, але ўсе партыі, акрамя камуністычнай, былі забаронены.
З прыходам савецкай улады, насельніцтва атрымала магчымасць атрымання бясплатнай адукацыі і медыцынскай дапамогі. Разам з тым некаторыя жыхары раёна сталі ахвярамі беспадстаўных палітычных рэпрэсій, характэрных для грамадска-палітычнай абстаноўкі таго часу.
22 чэрвеня 1941 года стаў тым “чорным” днём у гісторыі раёна, памяць пра які не сатруць і стагоддзі. Ён распачаў 3-гадовую трагедыю беларускага народа, прынёс безліч страт і гора. У полымі Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны трэці жыхар раёна. Былі спалены Докшыцы і некаторыя вёскі. Азарцы, Залатухі – разам з людзьмі. Асаблівыя разбурэнні адзначаліся ў Тумілавіцкім сельсавеце, дзе ў гады вайны актыўныя партызанскія дзеянні вялі брыгады ЦК КП(б)Б і імя Леніна. Сельская гаспадарка і прамысловасць былі амаль поўнасцю разбураны. Органы кіравання савецкай улады, якія былі адноўлены ў першыя ж дні пасля вызвалення, распачалі вялікую работу па ліквідацыі вынікаў акупацыі і аднаўленні разбуранай гаспадаркі. У сельсаветах былі створаны будаўнічыя брыгады, насельніцтву выдзяляўся лес на будаўніцтва жылля. У будынках, што захаваліся, адкрываліся школы, ФАПы. Поўнасцю аднавілі сваю дзейнасць чыгуначныя станцыі Параф’янава і Крулеўшчына. У былым панскім маёнтку для сірот вайны быў створаны дзіцячы дом. У снежні 1944 года стала выдавацца раённая газета “Ленінская праўда”. Ствараліся арцелі па шыцці адзення і абутку. У 1949 годзе пачалася масавая арганізацыя калгасаў. Першыя пасляваенныя гады былі вельмі цяжкімі, але непад’еўшыя, дрэнна апранутыя людзі працавалі не пакладаючы рук, каб хутчэй залячыць раны, нанесеныя вайной. І ім гэта ўдалося зрабіць у найкарацейшы тэрмін. Ужо ў 1957 годзе ўдалося дасягнуць перадваеннай сярэдняй ураджайнасці збожжавых і бульбы. У саўгасе “Сітцы” ад кожнай каровы атрымалі ў сярэднім па 2670 кілаграмаў малака. На ўсю краіну прагучала імя даяркі Ірыны Камінскай, якой было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай працы. Шэраг працаўнікоў з гэтага саўгаса і іншых гаспадарак былі ўзнагароджаны іншымі ўрадавымі ўзнагародамі. Паспяхова развівалася і прамысловасць. Пачалі працаваць торфабрыкетны і цагельны заводы ў Крулеўшчыне. Быў створаны міжкалгасбуд, аўтапарк. Па раёне пабеглі аўтобусы, адкрыўся рэгулярны паветраны рух да Віцебска і Мінска. Стала дзейнічаць кінасетка, адкрываліся культустановы, бібліятэкі.

Докшыцы, 1967 г.

Докшыцы, 1967 г.

Але пасля шэрагу адміністрацыйных падзелаў 25 снежня 1962 года Докшыцкі раён быў наогул скасаваны.

Другое нараджэнне

6 студзеня 1965 года сярод больш чым 20 іншых раёнаў БССР быў адноўлены і Докшыцкі раён. Да яго былі далучаны Валкалацкі сельсавет з былога Дунілавіцкага раёна і частка тэрыторыі былога Бягомльскага раёна разам з самім гарпасёлкам.
Бягомльская зямля пакрыла сябе ў гады вайны легендарнай славай. Партызанамі брыгады “Жалязняк” стала амаль усё дарослае насельніцтва краю. Ледзь не з першых дзён акупацыі пачало дзейнічаць камсамольскае падполле. У снежні 1942 года партызаны разграмілі ў Бягомлі нямецкі гарнізон і сталі гаспадарамі на сваёй зямлі. Партызанскі аэрадром, што дзейнічаў непадалёку, забяспечваў зброяй, боепрыпасамі, медыкаментамі не толькі партызанскія фарміраванні Беларусі, але і суседняй Літвы. Героямі Савецкага Саюза сталі ўраджэнцы Бягомльшчыны Ф.І. Перхаровіч, А.І. Чэрныш, А.Г. Юхнавец. Помсцячы за актыўнае супраціўленне, немцы практычна знішчылі ўсю інфраструктуру Бягомльскага раёна. У час карных аперацый “Котбус”, “Веснавое свята” і “Баклан” расстралялі, спалілі жывымі тысячы людзей, у тым ліку і вядомай зараз Шунеўкі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў час супраціўлення акупантам, на разгляд вышэйшых партыйных улад у 60-я гады было вынесена пытанне аб узнагароджанні Бягомльскага раёна ордэнам Айчыннай вайны І ступені. І толькі перыпетыі вышэйшай палітыкі перашкодзілі гэтаму адбыцца. Каб аднавіць разбуранае, бягомльцы прыклалі неймаверныя намаганні і да пачатку 60-х гадоў раён меў калгасную сельскую гаспадарку, прамысловасць, буйны лясгас, патрэбную сацыяльную інфраструктуру.
За 26 год існавання ў структуры БССР узбуйнены Докшыцкі раён дасягнуў значных поспехаў у развіцці ўсіх галін народнай гаспадаркі і, кажучы сучаснай мовай, зрабіў сабе імя.
Дасягнула росквіту торфапрадпрыемства “Віцебскае”, для абслугоўвання якога быў пабудаваны сучасны пасёлак. Даволі магутнымі сталі Бягомльскі лясгас, Сітцаўскі спіртзавод, Крулеўшчынскі і Варганскі цагельныя заводы, хлебазавод і малаказавод у Докшыцах, Крулеўшчынскі філіял Глыбоцкай нафтабазы. Распачало сваю дзейнасць ДЭУ-180, працавала некалькі будаўнічых арганізацый, БМУ меліярацыі.
За высокія дасягненні ў сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1971 годзе раён быў узнагароджаны Пераходным Чырвоным сцягам ЦК КПСС, Савета Міністраў і ВЦСПС. У тым годзе з кожнага гектара ў сярэднім было атрымана 27,8 цэнтнера збожжа, валавы збор склаў – 52639 тон. З гэтай нагоды раён наведвалі шматлікія госці, у тым ліку прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Пасля адной з такіх паездак беларускі паэт Міхась Калачынскі напісаў паэму “Докшыцкі каравай”. Тагачасны першы сакратар РК КПБ Ульяна Крышталевіч атрымала званне Героя Сацыялістычнай працы.
Новы выгляд дастойны горада набыў у гэты час райцэнтр. У асфальтавае пакрыццё апрануліся сельскія дарогі і вуліцы многіх вёсак. Былі пабудаваны тыповыя будынкі школ, бальніц, сельскіх клубаў. Інтэнсіўнымі тэмпамі будавалася жыллё.
Гэты час падарыў гісторыі імёны выдатных працаўнікоў: брыгадзіраў Мікалая і Івана Карповічаў, свінаркі Любові Варган, даяркі Марыі Жызнеўскай, кіраўнікоў Мікалая Усціна, Людвіга Петрашкевіча, Сяргея Гуца, Мікалая Чарнова, Уладзіміра Новікава, трактарыста Івана Шульгата, агранома Вячаслава Труса, заслужаных настаўнікаў Розы Васілевіч, Міфодзія Шабана, Валянціны Панцялеевай, Івана Рацькавіча, заслужанага ўрача Антаніны Паруль, вучонага Паўла Апанасевіча, мастакоў Сяргея Вішнеўскага, Віктара Маркаўца, пісьменнікаў Юрася Свірку, Алеся Ставера і многіх іншых знакамітых людзей, якія сваёй працай і таленавітай творчасцю праславілі раён далёка за яго межамі.

З упэўненасцю ў будучыню

Як рэгіянальны народна-гаспадарчы комплекс раён, дзякуючы яго тагачасным кіраўнікам Іосіфу Падрэзу, Валерыю Палідаўцу, дастойна вытрымаў змены ў грамадска-палітычным жыцці 90-х гадоў і працягвае стваральную працу на сучасным этапе.

 

Докшыцы, 2014 г.

Докшыцы, 2014 г.

На палях шчыруе магутная энерганасычаная тэхніка. Функцыянуюць сучасныя жывёлагадоўчыя комплексы з камп’ютарным забеспячэннем у Гняздзілаве і Таргунах. Непазнавальна змяніў свой выгляд райцэнтр, плошча якога істотна павялічылася за кошт мікрараёнаў, забудаваных дыхтоўнымі жылымі дамамі з усімі выгодамі. Яго гарадскі статус пацвярджаюць медгарадок і сучасны гандлёвы цэнтр “Родны кут”, цудоўная кінаканцэртная зала і водна-аздараўленчы цэнтр. Буйныя вёскі сталі аграгарадкамі з адпаведнай сацыяльнай інфраструктурай. У Докшыцкі раён прыйшлі прыродны газ, кабельнае і лічбавае тэлебачанне, мабільная сувязь і Інтэрнэт. Жыццёвы ўзровень дазваляе яго жыхарам мець у карыстанні асабістыя аўтамабілі, адпачываць на курортах і ў санаторыях, падарожнічаць па замежных краінах.
Раён разам з краінай упэўнена глядзіць у будучае, якое, несумненна, будзе дастойным свайго мінулага.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *