Трудовая победа Кати Сланевской с фермы Бабцы СХФ «Бегомльский»

Лозунг аб тым, што маладым усюды ў нас дарога, ніколі не губляе актуальнасці. Краіне патрэбны маладыя людзі самых розных прафесій, а таксама здольныя і таленавітыя кіруючыя кадры з ліку моладзі. Асаблівую ўвагу на гэта пастаянна звяртае Прэзідэнт Беларусі А.Р. Лукашэнка. Нездарма сёлетні год аб’яўлены ў краіне Годам моладзі. Што ж тычыцца  хлебаробскай прафесіі, то яна, як заўсёды, была і ёсць адна з самых запатрабаваных, бо менавіта сельскія працаўнікі кормяць усю краіну. Вось чаму так важна, каб маладое пакаленне не баялася працы на зямлі, смялей пераймала эстафету сваіх бацькоў-хлебаробаў.

IMG_0414У нашым раёне ёсць нямала дастойных прадстаўнікоў гэтай высакароднай прафесіі, якія не пабеглі ў горад па лёгкі хлеб, а прыйшлі ў сельгаспрадпрыемствы, каб працаваць на палях і фермах. Адна з іх – гераіня нашай публікацыі Каця Сланеўская (на здымку). Дзяўчына даглядае жывёлу на ферме Бабцы, што ў СГФ “Бягомльскі”. Прыйшла ў калектыў 6 год таму і прыжылася на сваім першым працоўным месцы.

Маладыя людзі па-рознаму становяцца на самастойны жыццёвы шлях. Большасці дапамагаюць стаць на ногі бацькі. На жаль, не ўсім так шанцуе. Па волі лёсу здарылася так, што і Каця не мела бацькоўскай падтрымкі: яна вучылася і выхоўвалася ў Бягомльскім доме-інтэрнаце. Не бацькі, а настаўнікі і выхавальнікі дзяржаўнай установы на працягу школьных гадоў клапаціліся пра дзяўчынку, стараліся даць ёй неабходныя веды, прывіць любоў да працы і як мага лепш падрыхтаваць да самастойнага жыцця. Сёння можна сказаць, што ў іх гэта атрымалася. Каця апраўдала іх старанні, заявіла пра сябе сваёй добрасумленнай працай не толькі ў калектыве фермы, але нават у раёне. Яе адносінамі да работы задаволены як загадчык фермы Казімір Шпэт, так і галоўны заатэхнік Алена Бобрык.

– Каця – малайчына, працаваць любіць, — гаворыць пра яе Алена Фёдараўна. – Яна даглядае маладняк буйной рагатай жывёлы на дарошчванні да 6-месячнага ўзросту, дзесьці 70 – 80 жывёлін. Сочыць, каб цяляты паядалі ўвесь корм, каб напоены былі і знаходзіліся ў чыстых стойлах. Старанні дзяўчыны не праходзяць бясследна. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе кожнага цяляці складаюць у яе групе 567 грамаў.

А Казімір Францавіч дадае:

– Ферма для Каці – як другі дом. Яна вельмі любіць жывёлу, і не толькі тую, якую корміць і даглядае. Часта бачу, як да яе лашчацца коцікі, сабачкі…Яны быццам адчуваюць, што гэты чалавек іх не пакрыўдзіць, а пашкадуе і накорміць. Яно так і ёсць. Ляжыць добрая душа Каці да ўсяго жывога. На ферме дзяўчына прабывае днямі. Калі справіцца са сваімі непасрэднымі абавязкамі, то і тады без справы не можа: “Калі дзе падмесці трэба, то давайце венік – я без работы”.

У лістападзе мінулага года ўдзельнічаць у святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, што праводзілася ў раёне, у ліку іншых перадавікоў спаборніцтва выпаў гонар і Каці Сланеўскай. А падставай для гэтага стала тое, што маладая працаўніца атрымала высокія вытворчыя паказчыкі ў гадоўлі маладняку буйной рагатай жывёлы і заняла сярод даглядчыкаў трэцяе месца ў раёне.

Анна ЖОЎТКА.
Фота А. Варанковіча.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *