Валентина Мороз из ОАО «Торгуны» Докшицкого района работает на совесть

IMG_7600У жывёлагадоўлю Валянціна Аркадзьеўна прыйшла 20 год таму. Па сямейных абставінах прыйшлося пакінуць сферу энерганагляду, дзе працавала раней. Аб перамене роду занятку ніколі потым не пашкадавала: усё на месцы, не трэба кожны дзень ездзіць у райцэнтр. І не толькі па гэтай прычыне. Работа з жывёлай ёй добра знаёма з дзяцінства, некалі яшчэ школьніцай дапамагала на ферме сваёй маці, якая працавала даяркай.

Сёння Валянціна Мароз даглядае маладняк БРЖ на дарошчванні. У яе групе больш за 80 жывёлін – самых маленькіх цялят, якіх адымаюць ад кароў, што расцяліліся, а таксама якія паступаюць па кантрактах ад насельніцтва.

Прозвішча менавіта гэтай жанчыны назвала заатэхнік адкрытага акцыянернага таварыства “Таргуны” Таццяна Латковіч, калі мы прыехалі ў гаспадарку з мэтай сустрэцца з лепшымі прадстаўнікамі жывёлагадоўчай прафесіі і расказаць пра іх на старонках газеты.

– Валянціна Аркадзьеўна – старанная працаўніца, вельмі адказна адносіцца да выканання сваіх працоўных абавязкаў, расказвала пра яе спецыяліст. – Цяляты ў яе добра дагледжаны, накормлены і напоены, у клетках заўсёды чыста і суха.

У праўдзівасці слоў Таццяны Максімаўны мы ўпэўніліся самі, калі пабывалі на комплексе “Таргуны”, дзе працуе даглядчыца. Толькі што накормленыя, гладкія чорна-пярэстыя цяляткі весела падбрыквалі ў клетках, лашчыліся да сваёй гаспадыні, працягваючы свае пысы да яе рук.

– Кармоў у нас сёлета хапае, – заўважае Валянціна Аркадзьеўна, – малако цэльнае, мука, сена. А гэта галоўнае для жывёлы. Астатняе залежыць ад нас, даглядчыкаў. Важна яшчэ сачыць за здароўем цялят. Асаблівых цяжкасцей у рабоце не адчуваю. Цяпер працаваць намнога лягчэй, чым было, калі быкоў на адкорме даглядала. Тады корм для іх на кані сама прывозіла. Цяпер жа гатовае сена раздаю.

Вядома ж, старанні перадавой даглядчыцы даюць станоўчыя вынікі. Жывёла хутка расце і добра прыбывае ў вазе. Як паведаміла заатэхнік, за мінулы год сярэднясутачныя прывагі кожнага цяляці склалі ў групе Валянціны Мароз 711 грамаў, а ў снежні яшчэ больш – 880 грамаў. Гэта самы высокі паказчык па гаспадарцы.

Анна ЖОЎТКА.
На ЗДЫМКУ: выдатна адчуваюць сябе гадаванцы Валянціны Мароз пры клапатлівым доглядзе сваёй гаспадыні.
Фота В. Чарвінскага.

 

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *