Чтоб выполнялся закон, несёт службу прокурор в Докшицком районе

IMG_0549Хрэстаматыйны вобраз пракурора – гэта непадкупны барацьбіт за тое, каб злачынца атрымаў заслужанае пакаранне. Сапраўды, менавіта пракурор упаўнаважаны дзяржавай сачыць за захаваннем законнасці практычна ва ўсіх сферах жыцця краіны. Ён дае санкцыю на вобыск, арышт і іншыя следчыя дзеянні. Калі ажыццяўляе нагляд, мае права заходзіць у памяшканні любых арганізацый, патрабаваць любыя дакументы. Пракурор можа выказаць пратэст па любых рашэннях і прыгаворах, калі лічыць іх незаконнымі. Правёўшы следства, ён зацвярджае абвінавачвальнае заключэнне і накіроўвае справу ў суд. І там, у прамове, кваліфікуе злачынства і прапаноўвае меру пакарання. Пракурор кіруе работай праваахоўных органаў у барацьбе са злачыннасцю.

Каб заняць такую адказную пасаду, мала адной юрыдычнай адукацыі. Патрэбны вопыт, асаблівыя ўласныя якасці, добрая памяць, аналітычны розум, уважлівасць, прынцыповасць і вытрыманасць. Пракурор – гэта прафесіянал, які выдатна падкаваны ва ўсіх відах закона.

У кожным горадзе, вобласці, раёне ён нясе сваю службу. У нашым раёне – гэту адказную пасаду займае саветнік юстыцыі Сяргей Куратнік (на здымку). Нядаўна калегі віншавалі яго з узнагародай. Пракурор вобласці адзначыў Удзячнасцю работу Сяргея Аляксандравіча ў 2014 годзе. Гэта не адзіная ўзнагарода даволі маладога для сваёй пасады юрыста. Ён узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” 3-й ступені, Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, Удзячнасцю начальніка Следчага камітэта па Віцебскай вобласці і шэрагам іншых узнагарод. Сёння Сяргей Куратнік – госць нашай рэдакцыі. Ён адказвае на пытанні рубрыкі: “Сустрэча з цікавым чалавекам”.

1. Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?
— Я родам з Магілёўшчыны, з горада Касцюковічы. Чарнобыль сарваў нашу сям’ю з роднага месца. Прыйшлося пажыць на Брэстчыне, у Краснадарскім краі. Не магу сказаць, што дзесьці адчуваў сябе чужым. Наадварот, усюды быў, як дома. Затрымаліся ў Коханаве, там і зараз жывуць бацькі. З асаблівай удзячнасцю ўспамінаю Коханаўскую школу – адну з лепшых па ўзроўні выкладання прадметаў, выхаваўчай работы. Вучыўся лёгка, удзельнічаў у алімпіядах гуманітарнага цыкла.
2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?
– Мае бацькі. Усім добрым, што ў мяне ёсць, я абавязаны ім. Тата — інжынер, мама — настаўніца, яны на ўласным прыкладзе вучылі прынцыповасці, сумленнасці і працавітасці. Самі працаголікі, патрабавалі гэтага і ад мяне.
Добрым словам успамінаю свайго першага кіраўніка Віктара Аляксандравіча Лапцэвіча. Зараз ён ужо ў адстаўцы, а раней узначальваў Лепельскую міжраённую пракуратуру. Асновы пракурорскай дзейнасці, крымінальнага, грамадзянскага права на практыцы я вывучаў пад яго чулым кіраўніцтвам. Вучуся і зараз у калег, у вышэйшага кіраўніцтва. Люблю гэту справу. Усяго ведаць немагчыма, але імкнуцца да гэтага трэба. Вучыцца не сорамна, сорамна не хацець гэтага рабіць.
3. Хто яны вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?
— Тата з мамай, жонка Таццяна. Яна па адукацыі эканаміст, працуе старшым інспектарам па кадрах ва ўпраўленні райсельгасхарчу райвыканкама. Сын Мікіта заканчвае сёлета школу, а восенню будзем адпраўляць у 1-ы клас дачушку Мілану.
4. Ваша прафесійная дзейнасць — гэта…?
— Калі не пералічваць мае службовыя абавязкі і сказаць каротка, то гэта – дапамога людзям, пра што яны самі часта нават і не здагадваюцца. Выбар прафесіі быў свядомым. Жаданне зацвярджаць справядлівасць адразу пасля заканчэння школы ў 1997 годзе прывяло ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію на факультэт правазнаўства. Палічыў, што менавіта там я здолею рэалізаваць сваё жаданне. Па заканчэнні акадэміі атрымаў прызначэнне ў Лепельскую міжраённую пракуратуру на пасаду памочніка пракурора. Потым працаваў следчым па асабліва важных справах у абласной пракуратуры. Адтуль зноў вярнуўся ў Лепель ужо на пасаду намесніка пракурора раёна. У 2009 годзе загадам Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь прызначаны пракурорам Докшыцкага раёна. Мая прафесія для мяне – любімая справа і сёння.
5. Вашы захапленні?
— Люблю прыроду, рамантыку турыстычных паходаў. Адпачынак на возеры з вудай — лепшы занятак, якому можна прысвяціць вольны час. На жаль, яго вельмі мала. Калі з’яўляецца такая магчымасць, абавязкова падарожнічаю. У нашай краіне так многа прыгожых месцаў з багатай прыродай, гісторыяй. Але “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць…” Вось і мне давялося пабываць у Англіі. Цудоўная краіна, матэрыяльныя, духоўныя каштоўнасці якой застаюцца непарушнымі стагоддзямі, але — чужая. Жыць бы там не змог. Самарэалізоўвацца, лічу, трэба на радзіме. Пабываўшы ў Англіі, зразумеў, “Чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць”. Лепш за паэта не скажаш.
Некалі спрабаваў сябе ў драматычным мастацтве, быў заядлым кэвэзэншчыкам. Зараз, зноў жа па прычыне адсутнасці часу, сур’ёзна займацца мастацтвам няма магчымасці. Таму гітару бяру ў рукі толькі перад сябрамі.
6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія — адмоўныя пачуцці?
— Паважаю людзей прыстойных, якія ўмеюць трымаць дадзенае слова. Не разумею зайздрасці, подласці.
7. Самы шчаслівы ваш дзень?
— Шчасце ўжо ў тым, што дзень наступае кожную раніцу. Зрабіць яго шчаслівым — гэта ў нашых руках. Трэба ўмець атрымліваць станоўчыя эмоцыі ад любога пражытага дня. Я — вялікі аптыміст і, калі здараецца нешта дрэннае, кажу сабе, што магло б быць горш.
8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?
— Аб некаторых асобных учынках шкадую, але галоўнае — з кожнай сітуацыі зрабіць правільныя вывады на будучае. Прызнацца хаця б самому сабе, што быў не правы і гэтым звесці да мінімуму негатыўныя наступствы.
9. Ці актуальна, па вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”?
— Яно актуальна заўсёды. Я — чалавек камунікабельны, таму маю шмат таварышаў, добрых знаёмых. Сярод іх асобна значацца сябры, з якімі звязваюць шматгадовыя зносіны. Не раз былі сітуацыі, калі правяралася сяброўства на моцнасць. Сапраўдны сябра — гэта ж той чалавек, які дапамагаючы табе, іншы раз ахвяруе нечым асабістым.
10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?
— На першы погляд, быццам праца, бо я там праводжу больш часу, чым з сям’ёй. Але гэта не так. Канечне, сям’я. Без моцнага тылу мужчына не можа поўнасцю аддавацца рабоце. На кар’еры зацыклівацца неразумна. Трэба цвяроза ацэньваць свае прафесійныя здольнасці, узровень ведаў, псіхалагічныя асаблівасці характару, але і пры гэтым ацэнку работніку дае вышэйшае кіраўніцтва. Што датычыцца грошай, то, мне здаецца, яны дарэмна пастаўлены на адзін узровень з такімі каштоўнасцямі, як сям’я і праца. Грошы — гэта пыл. Мне шкада тых людзей, якія так многа значэння ім надаюць. Нікога шчаслівымі яны не зрабілі, хутчэй наадварот.
11. Вашы любімыя аўтар, кніга, музыка, тэлеперадача?
— Чытанне — гэта яшчэ адзін любімы занятак. У бацькоў вельмі вялікая бібліятэка, якой карыстаюся яшчэ і зараз. Чытаю розных аўтараў ад гістарычных раманаў да Ніцшэ. Пад кожны настрой і нават надвор’е свая кніга. Тое самае магу сказаць і пра музыку. Тэлеперадачы гляджу пераважна аналітычнага характару, якія развіваюць інтэлектуальна.
— Дзякуй за інтэрв’ю.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Комментарии:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *